Урад Германіі плануе даць Украіне дальнабойныя ракеты Taurus — СМІ
Урад Германіі можа неўзабаве прыняць рашэнне аб перадачы Кіеву дальнабойных крылатых ракет Taurus, здольных паражаць цэлі на адлегласці да 500 км. Пра гэта паведаміла нямецкае выданне T-online, піша «Украінская праўда».
10.08.2023 / 20:04
Ракета Taurus. Фота: Wikimedia Commons
Паводле паведамленняў з колаў кіроўнай Сацыял-дэмакратычнай партыі, нямецкі ўрад плануе абвясціць аб пастаўках крылатых ракет Taurus ва Украіну «найбліжэйшым часам», піша нямецкае выданне.
«Цяпер канцылярыя працуе над вырашэннем гэтага пытання з найважнейшым хаўруснікам Германіі і найбуйнейшым прыхільнікам Украіны — Злучанымі Штатамі Амерыкі», — гаворыцца ў публікацыі.
Паводле інфармацыі з урадавых партыйных колаў, ВПС Германіі таксама далі «зялёнае святло» на пастаўку нямецкіх Taurus.
На мінулым тыдні офіс канцлера атрымаў ад Федэральнага міністэрства абароны прэзентацыю, у якой абагульненыя найважнейшыя факты пра гэтыя ракеты: наяўнасць у бундэсверы, рызыкі, эфектыўнасць зброі.
Як адзначае выданне, гэта рашэнне можа прывесці да паставак не толькі крылатых ракет Taurus, але і падштурхнуць да перадачы амерыканскіх ракет ATACMS.
Як пацвердзілі T-online некалькі сацыял-дэмакратаў, скаардынаваны падыход, асабліва з ЗША, з'яўляецца неабходнай умовай для таго, каб канцлер пагадзіўся на новыя сістэмы ўзбраенняў для Украіны.
Чытайце таксама:
Украіна атрымала французскія дальнабойныя ракеты SCALP-EG
Германія перадала Украіне яшчэ дзве пускавыя ўстаноўкі ЗРК Patriot