У Даўгаўпілсе, блізу беларускай мяжы, пачынаюцца вайсковыя вучэнні; будзе шумна, але жыхароў просяць не турбавацца

З 12 па 19 жніўня ў латвійскім Даўгаўпілсе (Дзвінску) пройдуць ваенныя вучэнні Земесардзэ з мэтай навучання і праверкі баявых навыкаў падраздзяленняў. Вучэнні праходзяць у рамках падрыхтоўкі да восеньскіх комплексных вучэнняў па нацыянальнай абароне Namejs 2023.

12.08.2023 / 10:12

Парад у Рызе з нагоды 20-годдзя Земерсадзэ. Фота з Вікіпедыі

Вайсковыя вучэнні Земерсадзэ пройдуць у раёнах, узгодненых з кіраўніцтвам Даўгаўпілса, піша Delfi.lv.

Падчас вучэнняў узброеныя салдаты і земесаргі будуць перасоўвацца па адміністрацыйнай тэрыторыі Даўгаўпілса, таксама можа быць выкарыстаны і ваенны транспарт.

З 12 па 13 жніўня ў светлы час сутак, а з 14 па 19 жніўня як у светлы, так і ў цёмны час сутак будуць прымяняцца навучальныя боепрыпасы і іншыя сродкі імітацыі бою. У прэс-цэнтры Земесардзэ адзначылі, што можа быць шумна, аднак боепрыпасы не ўяўляюць пагрозы для жыцця і здароўю людзей.

«Мы заклікаем грамадзян не турбавацца, калі яны ўбачаць вайсковы транспарт, земесаргаў і вайскоўцаў, якія перасоўваюцца з мэтай навучання, а таксама заклікаем жыхароў з разуменнем ставіцца да дзейнасці Земесардзэ, якая накіраваная на ўмацаванне нацыянальнай і калектыўнай бяспекі NATO», — адзначылі арганізатары вучэнняў.

Чытаць таксама:

Латвія ўводзіць на беларускай мяжы ўзмоцнены рэжым 

Прэм'ер Літвы заявіла пра механізм закрыцця мяжы з Беларуссю

Польшча ўзмоцніць мяжу з Беларуссю 10 тысячамі вайскоўцамі

Nashaniva.com