Вагнераўцы ў Беларусі — небяспека, але яшчэ не пагроза — камандуючы Аб'яднаных сіл УСУ

«Калі яны створаць адпаведныя або дыверсійна-разведвальныя групы, або наземную наступальную групоўку, гэта і стане рэальнай пагрозай», — тлумачыць у інтэрв'ю РБК-Украіна камандуючы Аб'яднаных сіл УСУ, генерал-лейтэнант Сяргей Наеў.

14.08.2023 / 08:03

Генерал Сяргей Наеў. Фота: прэс-служба Аб'яднаных сіл

«Па стане на сёння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь знаходзіцца да 6,5 тысяч чалавек-наймітаў ПВК «Вагнер». У ваеннай навуцы ёсць два паняцці — ваенная небяспека і ваенная пагроза. Для цывільных тлумачу, калі едзе аўтамабіль — гэта небяспека, а калі ён едзе проста на цябе — гэта пагроза. Таму, знаходжанне ПВК «Вагнер» у Беларусі ёсць небяспека, але калі яны створаць адпаведныя або дыверсійна-разведвальныя групы, або наземную наступальную групоўку, гэта і стане рэальнай пагрозай. Таму, мы не чакаем, калі гэтая пагроза утвараецца, мы робім усё, каб павысіць нашы абаронныя здольнасці», — тлумачыць генерал Наеў.

Ён таксама не выключае прымяненне ПВК на тэрыторыі прыгранічных раёнаў Польшчы і Літвы.

«Найбольш верагодна баевікі ПВК пры садзейнічанні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі і ФСБ РФ будуць праводзіць пошук слаба кантраляваных участкаў мяжы, выводзіць з ладу тэхнічныя сродкі назірання і да таго падобнае. У выпадку рэалізацыі названага сцэнара, праціўнік можа накіроўваць сваю дзейнасць на ўскладненне паставак Украіне ваеннай матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі ад краін-партнёраў», — дадае Наеў.

Аднак ён не выключае ён і мажлівасці паўторнага наступу на Кіеў.

«Паўторны наступ на Кіеў ніхто ніколі не адпрэчваў. Мы разумеем, што варожыя намеры залежаць толькі ад рашэнняў вышэйшага палітычнага кіраўніцтва РФ. Такая верагоднасць існуе, але па стане на цяпер яна не падмацавана сіламі і сродкамі. Але гэта не значыць, што ў далейшым яна не можа адбыцца. Усё будзе залежаць ад «А» — прыняцця рашэнняў, «б» — ад наяўнасці сіл і сродкаў», — мяркуе камандуючы Аб'яднаных сіл УСУ.

Чытайце таксама:

Вагнераўцы навучалі пад Брэстам мясцовых дэсантнікаў

Украіна паставіла на мяжы з Беларуссю дзясяткі тысяч мін — генерал Наеў

НАТА не бачыць пагрозы з боку ПВК «Вагнер» у Беларусі

У ПВК «Вагнер» назвалі колькасць байцоў у Беларусі

Nashaniva.com