Пытанне пра плот на мяжы з Беларуссю вынесуць на рэферэндум у Польшчы

У Польшчы плануецца правесці рэферэндум адначасова з парламенцкімі выбарамі 15 кастрычніка. З ініцыятывай плебісцыту раней выступіў лідар кіроўнай партыі «Закон і Справядлівасць» Яраслаў Качыньскі.

14.08.2023 / 10:26

Фота: Straż Graniczna

Цягам апошніх дзён палітыкі назвалі пытанні, якія будуць вынесеныя на рэферэндум. Адно з іх тычыцца плота на мяжы з Беларуссю, піша Reform.by.

Чацвёртае пытанне, прапанаванае партыяй, прадставіў міністр абароны Марыюш Блашчак сёння раніцай. Яно сфармулявана наступным чынам:

«Ці падтрымліваеце ліквідацыю плота на мяжы Рэспублікі Польшча і Рэспублікі Беларусь?».

Трэба адзначыць, што Сейм Польшчы пакуль яшчэ не зацвердзіў рашэння аб правядзенні рэферэндуму. Чакаецца, што яно будзе разглядацца на паседжанні 16-17 жніўня.

Усяго на плебісцыт мяркуецца вынесці чатыры пытанні. Першае пытанне было прадстаўлена самім Качыньскім. Яно тычыцца падтрымкі продажу дзяржаўных прадпрыемстваў.

Другое пытанне прэзентавала былая прэм'ер-міністарка краіны Беата Шыдла. Яно тычыцца павышэння пенсійнага ўзросту.

Трэцяе пытанне абвясціў цяперашні прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі. Яно тычыцца прыняцця або непрыняцця размеркавання мігрантаў у ЕС у рамках механізму, нядаўна прапанаванага Еўракамісіяй.

Першапачаткова Яраслаў Качыньскі, абвяшчаючы пра ідэю рэферэндуму, казаў, што ён будзе прысвечаны міграцыйнаму пытанню.

Чытайце таксама:

На мяжы з Беларуссю Польшча створыць вайсковую частку

МЗС Польшчы расказала, што павінна здарыцца для паляпшэння адносін Варшавы і Мінска

Польшча не адновіць пасажырскіх чыгуначных зносін з Беларуссю як мінімум да снежня 2024 года

Польшча ўзмоцніць мяжу з Беларуссю 10 тысячамі вайскоўцамі

Nashaniva.com