«Мама заявіла, што дамовілася з бацюшкам замест нас». Беларусы распавялі, як перадумалі хрысціць дзяцей
Апошнія некалькі гадоў афіцыйную пазіцыю Беларускай праваслаўнай царквы, якая не асудзіла гвалт у адносінах да мірных пратэстоўцаў і падтрымала вайну Расіі ва Украіне, шмат вернікаў не раздзяляе. «Наша Ніва» паразмаўляла з тымі, хто прынцыпова вырашыў не хрысціць дзяцей у праваслаўе праз нязгоды з палітыкай БПЦ.
15.08.2023 / 10:20
«Да канца жыцця прабабуля вінаваціла сябе»
Сафія:
— Не магу сказаць, каб у мяне была рэлігійная сям'я. Мяне ў свой час пахрысцілі толькі таму, што гэтага патрабавала прабабуля. У яе быў вельмі цяжкі лёс: падчас Другой сусветнай вайны яе катавалі, яна цудам засталася жывой. Другую дачку яна нараджала падчас бамбёжкі — і прызнавалася, што ў той момант думала, што лепш бы дзіця нарадзілася мёртвым.
Але дзяўчынка была здаровай, вайна неўзабаве скончылася… А праз некалькі гадоў малодшая дачка маёй прабабулі трагічна загінула. Да канца жыцця прабабуля вінаваціла сябе, думала, што так адбылося з-за тых думак падчас родаў. Яна стала рэлігійнай — кожны дзень пачынала з малітвы. Нават у той час, калі рэлігія была пад забаронай, яна знайшла магчымасць таемна хрысціць спачатку дачку, а потым і ўнукаў.
Я нарадзілася ўжо пасля распаду СССР, таму ніякіх перашкод, каб пахрысціць мяне, не было. Бацькі не вельмі хацелі гэта рабіць — цягнулі доўга, да маіх пяці гадоў. Потым здаліся, бо прабабуля вельмі плакала. Пасля яе смерці тэма рэлігіі ў нас дома ніколі не падымалася.
Але яшчэ перад вяселлем я абмяркоўвала з мужам пытанне хрышчэння нашых будучых дзяцей. Сышліся на тым, што будзем хрысціць абавязкова. Я нарадзіла ў 2019 годзе, у 2020 годзе мы ўжо сталі планаваць, што недзе зімой пахрысцім дачку. Пасля скрадзеных выбараў, жахлівага гвалту і пазіцыі праваслаўнай царквы на гэты конт мы вырашылі не спяшацца. Я ведаю, што былі асобныя святары, якія хадзілі на маршы. Я гавару цяпер пра афіцыйную пазіцыю БПЦ.
А пасля пачатку вайны ва Украіне мы зразумелі, што сапраўды не будзем хрысціць дачку. Я плачу кожны раз, калі чытаю афіцыйныя выказванні святароў. У мяне проста ў галаве не ўкладваецца, як той, хто верыць у Бога, можа апраўдваць вайну.
Бабулі і дзядулі цалкам нас зразумелі. Мабыць, адзіная, хто сапраўды засмуціўся, — гэта мая найлепшая сяброўка. Яна вельмі хацела стаць хроснай маці для маёй дачкі. Але я патлумачыла, што ніхто не забараняе ёй удзельнічаць у жыцці дзіцяці. Не трэба ніякіх рытуалаў для таго, каб стаць важным чалавекам для маёй дачкі.
«Як ісці да людзей, якія асвячаюць танкі і зброю?»
Дзіяна:
— У маёй сям’і не надавалі вялікай увагі рэлігіі. Так, святкавалі Раство, але два разы на год. Каталіцкае таксама, хоць самі мы праваслаўныя. Бо чаму не? У майго мужа сям’я больш рэлігійная. Там ходзяць на службы, прытрымліваюцца пастоў, спавядаюцца.
Для майго мужа было важна не толькі распісацца ў ЗАГСе, але і вянчацца ў царкве. Мы хадзілі на размовы да святара, чыталі рэлігійную літаратуру, спавядаліся… Магу сказаць, што рэлігія пачала займаць пэўнае месца ў маім сэрцы.
Вядома, раней не стаяла пытанне наконт таго, хрысціць ці не нашага сына — вядома, хрысціць.
Але пасля лютага 2022 года ўсё змянілася. Я не хачу быць часткай царквы, якая падтрымлівае вайну. Мы з мужам параіліся і вырашылі, што ў прынцыпе не будзем больш з’яўляцца ў царкве. Маліцца можна і дома. А ў беларускіх цэрквах Бога сёння дакладна няма. З гэтай жа прычыны мы вырашылі не хрысціць дзіця. Як можна ісці да людзей, якія асвячаюць танкі і зброю?
Мітрапаліт Веніямін і Мікалай Карпянкоў. Фота: тэлеграм-канал Blik.
Свёкар са свякроўю таксама перасталі хадзіць у царкву. Я баялася, што яны стануць настойваць на хрышчэнні ўнука, але яны паставіліся з разуменнем. Мая мама сказала, што гэта правільнае рашэнне і што яна сама не ўпэўненая, што змагла б прыйсці ў храм — няхай нават і на хрышчэнне ўнука.
«Мама пераконвала, што дачка і спакайнейшая стане пасля хрышчэння, і хварэць менш будзе»
Сяргей:
— Я ў дзяцінстве хадзіў у нядзельную школу пры царкве. Бацькам вельмі падабалася расказваць сябрам пра гэта. Але мне здаецца, яны больш паганцы, чым праваслаўныя.
Маці любіць нейкія абрады кшталту ў кожны вугал святой вадой папырскаць ці пашаптаць над свечкай з царквы, калі захварэў. Я кожны раз прашу паказаць, дзе ў Бібліі пра гэта напісана, — маці крыўдзіцца. Але ж я, у адрозненне ад яе, Біблію чытаў, а не атрымліваў веды з паштовак у вайберы.
Нягледзячы на мой скепсіс, мы з жонкай планавалі пахрысціць дачку. Мне здавалася, што для жонкі гэта важна. Але пасля пачатку вайны вырашылі адмовіцца ад гэтай ідэі. Мяне ў гэтым пытанні хвалюе яшчэ і фінансавы момант.
Абрад хрышчэння ў царкве небескаштоўны — ёсць свой прайс на індывідуальнае і групавое хрышчэнне (калі хрысцяць адразу некалькі дзяцей). Калі я нічога не блытаю, то за індывідуальнае хрышчэнне нашы сябры аддавалі 70 рублёў. І вось дзе гарантыя, што гэтыя грошы не пойдуць на дапамогу расійскаму войску?
Мяне, напрыклад, вельмі ўразіла гісторыя пра тое, што ў мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры збіраюць дапамогу расійскім вайскоўцам.
Я не хачу ўдзельнічаць у фінансаванні гэтага. З гэтай жа прычыны я перастаў хадзіць на просьбу мамы ў царкву падаваць запіскі за здароўе і спачын. Нават калі гаворка ідзе пра 2-5-10 рублёў, я не хачу падтрымліваць грашыма сістэму.
Бацькі жонкі спакойна паставіліся да навіны пра тое, што мы не будзем хрысціць дзіця. А вось мая мама на што толькі не ішла, каб прымусіць нас пахрысціць. Яна казала, што дачка і спакайнейшая стане пасля хрышчэння, і хварэць менш будзе…
Дайшло да таго, што мама заявіла, што пахрысціць дзіця без нашага ведама — сказала, што нават з бацюшкам ужо дамовілася. Яе не бянтэжыла тое, што рабіць так нельга.
У канчатковым выніку ў мяне здалі нервы і я схлусіў, што мы ўжо пахрысцілі. Папрасіў нават брата сказаць, што быццам ён быў хросным. Мама пакрыўдзілася месяцы на тры, але цяпер супакоілася. Бегаць у царкву, дарэчы, перастала. Не думаю, што яна з'явіцца там раней, чым як трэба будзе свянціць яйкі на Вялікдзень.
Чытайце таксама:
Затрымалі пастара царквы «Новае жыццё» Вячаслава Ганчарэнку, яго бралі 20 губазікаўцаў
БПЦ гатовая прыняць прарасійскіх манахаў з Кіева-Пячэрскай лаўры ў сябе, калі іх адтуль выселяць