У Гомелі сталі штрафаваць за вераб’ёў, якіх «утрымліваюць» у крамах

Адміністрацыю гомельскага гіпермаркета ўжо не першы раз аштрафавалі за птушак, якія лётаюць пад ягоным дахам, паведамляе выданне «Штодзень».

16.08.2023 / 16:51

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Mihir Joshi / vecteezy.com

Пад вельмі высокімі столямі гіпермаркетаў часам можна пабачыць вераб’ёў ці нават галубоў. Яны звычайна без праблем трапляюць пад скляпенні вялікіх будынкаў і вельмі камфортна там сябе адчуваюць.

У гомельскім гіпермаркеце на вуліцы Гагарына вераб'і адчувалі сябе зусім раскошна. Ужо некалькі гадоў у сацсетках рэгулярна з’яўляюцца відэа, дзе птушкі раз-пораз ласуюцца свежай гароднінай, ягадамі і крадуць час ад часу ў краме арэхі або крупы.

Гэтымі днямі хтосьці з пакупнікоў напісаў у санстанцыю скаргу на птушак, якіх «утрымліваюць у гіпермаркеце».

У адказ на гэта з мэтай «ліквідаваць парушэнне санітарных нормаў і правілаў» супрацоўнікі ўпраўлення гандлю і паслуг Гомельскага гарвыканкама разам з супрацоўнікамі Гомельскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі «правялі наглядныя мерапрыемствы» і сапраўды «выявілі там факт утрымання птушак».

У справаздачы чыноўнікаў аб праведзенай працы адзначана, што птушак, якія «былі ў краме на ўтрыманні», «злавілі і адпусцілі ў натуральнае асяроддзе пражывання». 

Пры гэтым на адміністрацыю гіпермаркета завялі справу паводле адміністрацыйнага артыкула 17.5 (парушэнне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў), штраф паводле якога прадугледжаны да 30 базавых велічынь, то-бок 1 110 беларускіх рублёў.

Праўда, зусім выгнаць птушак з такіх будынкаў складана, а адміністрацыю гэтага самага гіпермаркета нядаўна ўжо штрафавалі за гэтых самых вераб’ёў. Ці змогуць яны даць рады праблеме ў будучыні — пакажа час.

Чытайце таксама:

Адпачынак казачны, але не бюджэтны: як сям'я з Брэсцкай вобласці бавіла час у парку жывёл «Дыпрыз»

Людгер і Ліна становяцца на крыло. Так назвалі нямецкіх гібрыдных буслянят

Мурмурацыя. Ля Гродна тысячы птушак зноў зладзілі незвычайны танец ВІДЭА

Nashaniva.com