Мітрапаліт Веніямін заявіў, што прыкрываючыся лозунгамі дэмакратыі, Захад заахвочвае «нацысцкі рэжым»

Раней з ідэнтычным сцвярджэннем выступіў генерал Вальфовіч, дзяржаўны сакратар Рады бяспекі.

18.08.2023 / 13:21

Фота: «Наша Ніва»

Прыкрываючыся лозунгамі дэмакратыі, Захад заахвочвае сучасны нацысцкі рэжым, заявіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падчас II Міжнароднага «антыфашысцкага» кангрэса, піша БелТА.

«На жаль, чарговы раз чалавецтва сутыкнулася з сітуацыяй неабходнасці барацьбы з фашызмам. Чаму так склалася? Чаму аказаліся забытыя жахі і пакуты Другой сусветнай вайны, якая прынесла чалавецтву ідэалогію нянавісці, нацыянальнай і расавай перавагі? Чаму чалавецтва не засвоіла самых страшных урокаў гісторыі? Чаму паўсталі правалы ў памяці ў многіх народаў? Адказ досыць просты — бо, штучна прыкрываючыся лозунгамі дэмакратыі, правоў чалавека, заахвочваецца сучасны нацысцкі рэжым, у тым ліку і ва Украіне», — сказаў мітрапаліт Веніямін.

Паводле яго слоў, усім краінам і народам трэба аб'яднацца ў барацьбе з гэтай небяспекай. Пры гэтым асаблівую ўвагу неабходна надаць пытанням патрыятычнага выхавання насельніцтва.

«Безадказныя сілы ў свеце робяць усё, каб сітуацыю ва Украіне перавесці ў плоскасць рэальнай вайны Захаду з Расіяй і Беларуссю. Наш клопат — не дапусціць гэтага», — падкрэсліў мітрапаліт Веніямін.

Раней сёння з амаль ідэнтычным сцвярджэннем выступіў генерал Аляксандр Вальфовіч, дзяржаўны сакратар Рады бяспекі.

Чытайце таксама:

Вальфовіч заявіў, што Расія змагаецца не з украінскім народам, а з нацызмам, які ўздымае галаву

РПЦ запатрабавала ад папскага пасланніка абмежаваць дзейнасць уніятаў у Беларусі

БПЦ гатовая прыняць прарасійскіх манахаў з Кіева-Пячэрскай лаўры ў сябе, калі іх адтуль выселяць 

Nashaniva.com