Грамадства1717

РПЦ запатрабавала ад папскага пасланніка абмежаваць дзейнасць уніятаў у Беларусі

Асноўнай тэмай абмеркавання падчас сустрэчы кіраўніка БПЦ Маскоўскага патрыяхата мітрапаліта Веніяміна і спецпасланніка Папы, былога апостальскага нунцыя Клаўдыа Гуджэроці пры ўдзеле апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча, быў лёс грэка-каталікоў (уніятаў) у Беларусі. Пра гэта сцвярджаецца ў камунікаце праваслаўнай царквы. Падрабязнай інфармацыі пра сустрэчу ад каталікоў пакуль не было.

Клаўдыа Гуджэроці і мітрапаліт Веніямін. Фота: сatholic.by

30 чэрвеня ў Мінскім епархіяльным упраўленні адбылася сустрэча мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна са спецыяльным пасланнікам Папы, прэфектам Дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў архібіскупам Клаўдыа Гуджэроці, а таксама сённяшнім апостальскім нунцыем у Беларусі архібіскупам Антэ Ёзічам. Беларуская праваслаўная царква (БПЦ), падпарадкаваная Маскве, з гэтай нагоды выпусціла спецыяльны камунікат.

Зазначаецца, што пасля публікацыі на афіцыйным інтэрнэт-партале БПЦ навіны аб праведзенай сустрэчы, у Мінскае епархіяльнае ўпраўленне сталі паступаць звароты «праваслаўных вернікаў і грамадскасці з просьбамі праінфармаваць больш падрабязна аб яе выніках».

Паведамляецца, што асаблівая ўвага была ўдзеленая прынятаму 30 сакавіка 2023 года рашэнню Папы аб заснаванні Апостальскай адміністратуры для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі.

Згодна з нормамі Кодэкса Кананічнага права Рымска-Каталіцкай Царквы (канон 371 § 2) Апостальская адміністратура прыраўноўваецца па статусе да дыяцэзіі, што, у сваю чаргу, прадугледжвае заснаванне іерархіі і пасвячэнне ў біскупскі сан апостальскага адміністратара.

«Прынятае ў дачыненні да беларускіх грэка-каталікоў рашэнне выклікала здзіўленне ў праваслаўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь, паколькі гэта рашэнне не спрыяе сцвярджэнню міру на беларускай зямлі і, наадварот, можа ўнесці напружанасць у міжрэлігійныя адносіны ў Беларусі. Пра гэта БПЦ афіцыйна апавясціла прадстаўнікоў Рымска-Каталіцкай Царквы», — гаворыцца ў камунікаце.

«Тлумачачы прычыны прыняцця Папам рашэння аб наданні суполкам рыма-каталікоў усходняга абраду ў Рэспубліцы Беларусь статусу Апостальскай адміністратуры, архібіскуп Клаўдыа Гуджэроці адзначыў, што яно было наўпрост звязана з падзеямі, якія адбываюцца ва Украіне. Да нядаўняга часу беларускія грэка-каталікі, якія рыхтуюцца стаць святарамі, праходзілі навучанне ў духоўных установах адукацыі, пераважна, на тэрыторыі Заходняй Украіны; украінскія грэка-каталіцкія біскупы высвячалі святароў і дыяканаў для беларускіх грэка-каталіцкіх суполак. Паколькі з лютага 2022 года прамыя кантакты ўкраінскіх і беларускіх грэка-каталікоў сталі немагчымыя, Папа прыняў рашэнне аб устанаўленні для беларускіх грэка-каталікоў асаблівага кананічнага статуса, які надзяляе іх незалежнасцю ад грэка-каталіцкай іерархіі ва Украіне шляхам заснавання для іх Апостальскай адміністратуры», — зазначае прэс-служба БПЦ.

БПЦ сцвярджае, што падчас сустрэчы архібіскуп Клаўдыа Гуджэроці прызнаў, што сучасныя беларускія суполкі грэка-каталікоў былі ўтвораныя на тэрыторыі нашай краіны ў пачатку 1990-х гадоў і яны не з'яўляюцца пераемнікамі ўніяцкай царквы, якая з'явілася ў Беларусі ў выніку Берасцейскай уніі 1596 года. БПЦ таксама адзначае, што «беларускія грэка-каталіцкія грамады практычна не маюць патэнцыялу развіцця ў Рэспубліцы Беларусь».

БПЦ пры нагодзе таксама нагадвае, што апостальскі адміністратар беларускіх грэка-католікаў айцец Сяргей Гаек па нацыянальнасці паляк, быў ахрышчаны першапачаткова ў лацінскім абрадзе і належыць да манаскага ордэна марыян.

БПЦ заявіла, што Клаўдыа Гуджэроці запэўніў мітрапаліта Веніяміна, што ў планах Ватыкана не стаіць пытанне пасвячэння ў біскупскі сан цяперашняга апостальскага адміністратара або яго пераемніка.

Таксама падчас сустрэчы была дасягнута дамоўленасць аб тым, што высвячаць новых святароў (святароў або дыяканаў) для беларускіх суполак грэка-каталікоў у будучыні будуць біскупы лацінскага абраду беларускіх епархій (дыяцэзаў) Рымска-каталіцкай царквы альбо апостальскі нунцый.

***

Па стане на пачатак 2020-х у Беларусі дзейнічае 14 парафій, у тым ліку чатыры ў Мінску, колькасць вернікаў складае некалькі тысяч. 

Уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква, створаная ў выніку Берасцейскай уніі 1596 года, існавала на тэрыторыі цяперашняй Рэспублікі Беларусь да ліквідацыі яе царскімі ўладамі ў 1839 годзе. На тэрыторыі Падляшша ўніяцтва пратрымалася да 1876 года.

У XVIII i XIX стагоддзях уніятамі была абсалютная большасць беларусаў. Уніяцтва мела шанцы стаць нацыянальнай царквой, бо вылучала беларусаў і ад палякаў, і ад расейцаў.

На Галіччыне, дзе ў Аўстрыйскай Імперыі ўніяцтва захавалася, гэтая царква стварыла моцную апору грамадзянскай супольнасці і нацыянальнага руху ўкраінцаў. 

Адроджаная грэка-каталіцкая царква ў секулярызаванай постсавецкай Беларусі не стала масавай.

Афіцыйнае праваслаўе засталося пад кантролем Масквы, а за апошні час ператварылася ў ідэалагічную структуру дыктатуры, тады як каталікі, пратэстанты і грэка-каталікі захоўваюць незалежнасць ад дзяржавы.

Каментары17

  • Янка
    07.07.2023
    БПЦ таксама адзначае, што «беларускія грэка-каталіцкія грамады практычна не маюць патэнцыялу развіцця ў Рэспубліцы Беларусь»

    Цікава, колькі праіснуе філія ФСБ пад назвай БПЦ, усе гытыя веніяміны, ігуменні гаврыыілы і разнастайныя лемяшонкі ва ўмовах, калі ў Беларусі нарэшце спыніцца пералед іншых канфесій і будуць перакрыты крыніцы дзяржаўнага фінансавання БПЦ з боку расеі і калабарантцкай адміністрацыі? Нават унутры БПЦ саспела моцнае незадавальненне святароў беларускага паходжання тым, што веніямін штучна павялічыў колькасць парафій БПЦ і актыўна запаўняе новыя пасады расейцамі. Таму пасля знікнення рэжыму хуткая аўтакефалія праваслаўя ў Беларусі практычна непазбежна.

    А адражэнне уніі ў Беларусі нясе мацнейшую пагрозу для "рускага міра", таму БПЦ так і заварушылася.
  • Юзік са станцыі Крулеўшчына
    07.07.2023
    Да 1839 года 80 адсоткаў беларусаў былі ўніяты, альбо інакш грэка-каталікі! Рэшта -- татары-мусульмане, яўрэі-іудзеі, манахі-каталікі, прычым цывільных каталікоў былі адзінкі і то -- шляхта. 
    І каб спраўдзіць гэты факт -- не трэба  сядзець у архівах. Усе праваслаўныя цэрквы пабудаваныя пад канец ХІХ ст, а ўсе больш менш старажытныя -- забраныя храмы ў каталікоў і ўніятаў. Усё гэта бачна візуальна.
    Ды ў нас культурная спадчына ўся ўніяцкая! [Касіў Ясь канюшыну! У суботу Янка ехаў ля ракі!]
    Чаму ліквідавалі? Каб наблізіць тубыльцаў да "рускага міру". Дальнабачныя былі нашы продкі! Падалей ад "рускага міру" -- праз сваю царкву!
  • Мойша
    07.07.2023
    Рпц гэта філія фсб(кгб)

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента4

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Усе навіны →
Усе навіны

Што ў згубленых пасылках, якія прадаюць па 10 рублёў? Журналісты правялі эксперымент

«Нібыта людзі з іншай планеты». Чым уразіла Беларусь замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе14

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

На волю выйшла гомельская велаактывістка Святлана Кароль

Як беларусы жылі па драўляным календары. Усё жыццё змяшчалася на простым кійку3

Тварожны пірог з бруснічным варэннем — рэцэпт

Як Расія наймае крымінальнікаў для выканання спецаперацый на Захадзе1

У Вялікабрытаніі зафіксавалі палёты неапазнаных дронаў над вайсковымі базамі, якія выкарыстоўваюць ЗША1

Знойдзены самы ўдачлівы рыбак Беларусі: за гадзіну ён вылавіў у Мінску дзве 18-кілаграмовыя рыбіны

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента4

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Галоўнае
Усе навіны →