З «Белавія» разрывае супрацоўніцтва нацыянальная авіякампанія ААЭ
Паводле інфармацыі сайта Motolko.help, з авіякампаніяй «Белавія» разарвала супрацоўніцтва Нацыянальная авіякампанія ААЭ — Etihad Airways. Вядома аб спыненні супрацоўніцтва як мінімум на адным з кірункаў.
18.08.2023 / 16:21
Фота: Etihad Airways
9 жніўня авіякампанія «Белавія» трапіла пад санкцыі ЗША. Пасля гэтага Etihad Airways спыніла супрацоўніцтва з беларускай кампаніяй па код-шэрынгу.
Код-шэрынг — гэта пагадненне паміж дзвюма і больш авіякампаніямі на сумесную эксплуатацыю аднаго авіярэйса. Гэта значыць, што вы ляціце, напрыклад, з Лондана ў Пекін з перасадкай у Маскве, і да Масквы вас вязе авіякампанія «А», а ад Масквы да Пекіна авіякампанія «Б», але рэйс пры гэтым адзін і адпаведна квіток у вас таксама адзін.
Вядома, што код-шэрынгавае пагадненне паміж «Белавія» і Etihad Airways было падпісана яшчэ ў 2013 годзе, тады паведамлялася, што авіякампаніі будуць сумесна выконваць наступныя рэйсы: Мінск — Абу-Дабі — Мінск, Абу-Дабі — Хашымін — Абу-Дабі, Абу-Дабі — Мельбурн — Абу-Дабі і Абу-Дабі — Сідней — Абу-Дабі.
Дарэчы, раней Etihad Airways і самастойна выконвала прамыя рэйсы ў Мінск. Але станам на сёння, 18 жніўня 2023 года, купіць квіток з Мінска ў Абу-Дабі на сайце Etihad ужо нельга. Пошук нібыта і выдае сярод кірункаў Мінск, але пры выбары любой даты паказвае, што рэйсаў няма.
Motolko.help ужо вядомыя кейсы людзей, якія сутыкнуліся з праблемай з-за разрыву супрацоўніцтва. Ім прыходзяць паведамленні, што стыкавы рэйс у/з Мінска адменены і трэба будзе дабірацца іншым спосабам.
Чытайце таксама:
Янчэўскі стварае ў Эміратах фінансавую пракладку для рэзідэнтаў ПВТ
Лукашэнка чакае ў Мінску заходнія авіякампаніі
Улады Грузіі «дэтальна вывучаць» новыя санкцыі ЗША ў дачыненні да «Белавія»