У Жодзіне «загінуў» лазеншчык, добра вядомы ў горадзе
Жыхары Жодзіна ганарыліся драўлянай скульптурай лазеншчыка каля гарадской лазні, а цяпер абмяркоўваюць магчымыя прычыны яе гібелі. Фігуру лазеншчыка днямі знайшлі разламанай, а яе часткі валяюцца побач з лазняй, піша выданне Ex-press.live.
21.08.2023 / 18:51
Драўляная фігура лазеншчыка на вуліцы Гагарына ў Жодзіне ля гарадской лазні з'явілася не так даўно — у 2017 годзе. Скульптуру на замову Жодзінскай ЖКГ выканаў майстар Уладзімір Глазун.
Тады аўтар працы расказваў Ex-press.by:
«Скульптура выкананая з таполі, гэта вельмі трывалае дрэва, яму не страшныя ні дождж, ні снег. А сам лазеншчык прыцягне ўвагу гараджан і, можа быць, паслужыць рэкламай гарадской лазні».
Але аказалася, што запас трываласці ў жодзінскага лазеншчыка быў невялікі.
Днямі карыстальнік пабліка «Жодзіна Онлайн» выявіў, што скульптура разламаная, а яе часткі валяюцца на пляцоўцы каля лазні.
Прычыны гібелі скульптуры жодзінцы бачаць па-рознаму, выказваючы самыя розныя здагадкі.
Хтосьці вінаваціць невядомых вандалаў, некаторыя схіляюцца да думкі, што скульптура сама згніла ад старасці, і ёй хапіла таго, што «хтосьці проста няўдала дакрануўся (абапёрся)».
Іншыя ж задаюць пытанне: «Дзе ж наша міліцыя, дзе нашыя патрулі? Усё сочаць i сочаць, i недасачылі».
Чытайце таксама:
У Наваградку паставілі калону са скульптурай святога заступніка горада