У Багушэўску збіраюцца ўсталяваць скульптуру «бравага афіцэра рускай арміі» з жонкай. І адсвяткаваць ягоны юбілей
Святкаванне мусіць афіцыйна зацвердзіць адну з версій паходжання назвы населенага пункта: маўляў, дзякуючы міласці памешчыка Дзмітрыя Багушэўскага, які аддаў частку зямель пад будаўніцтва чыгункі, з'явілася станцыя Багушэўская, а вакол — пасёлак Багушэўск.
Скульптура «Закаханыя», якая адлюструе легенду пра паходжанне назвы
Паводле адной з легенд пра ўзнікненне Багушэўска (Сенненскі раён Віцебскай вобласці), буйны пасёлак утварыўся тут пасля будаўніцтва чыгуначнай станцыі. Тутэйшыя землі ў пачатку XX стагоддзя належалі Дзмітрыю Васільевічу Багушэўскаму, памешчыку з Санкт-Пецярбурга і палкоўніку рускай арміі. У 1901 годзе ён ці то бясплатна, ці то за сімвалічную плату аддаў частку сваіх зямель пад будаўніцтва чыгуначнай веткі Віцебск — Жлобін. І нібыта агучыў адзіную ўмову: каб новая станцыя паміж Віцебскам і Оршай была названая ў гонар ягонай жонкі Марыі.
Версія пра тое, што станцыю назвалі прозвішчам жонкі — Багушэўская, — выклікае ў мясцовых краязнаўцаў пэўныя сумневы. Як і тое, што памешчык мог дыктаваць нейкія ўмовы тым, хто ад імя дзяржавы паставіў яго перад фактам, што тут вырашана пракладаць чыгунку.
Фотаздымкі скульптуры пад назвай «Закаханыя» днямі апублікавала БелТА, адзначыўшы, што сёлета памешчыку Дзмітрыю Багушэўскаму спаўняецца 200 гадоў і пасёлак будзе шырока адзначаць ягоны юбілей. Скульптуру збіраюцца ўсталяваць і адкрыць у верасні напярэдадні так званага Дня народнага адзінства.
Аўтар, віцебскі скульптар Іван Казак, паказвае Багушэўскага як «бравага афіцэра рускай арміі» — у мундзіры з эпалетамі. Пры гэтым выявы мужа і жонкі — палёт фантазіі аўтара. Партрэтнага падабенства з рэальнымі асобамі шукаць не варта, бо Іван Казак узяў за аснову фотаздымак генерала Васіля Дзмітрыевіча Багушэўскага, нібыта бацькі ўласніка зямель на Сенненшчыне (хаця «Вікіпедыя» паведамляе, што вядомыя імёны толькі двух ягоных сыноў — Васіля і Барыса).
Скульптурны вобраз Марыі таксама ствараўся паводле партрэта яе маці. Іван Казак распавёў, што «амаладзіў» здымкі з дапамогай камп'ютарнай праграмы і атрымаў «зыходныя даныя».
Другая версія пра назву станцыі — менш рамантычная, але больш праўдападобная
Спрэчкі пра назву і дату заснавання Багушэўска краязнаўцы вядуць дагэтуль. За 1902 год (24 снежня 1902 года праз новую станцыю прайшоў першы цягнік) і версію пра памешчыцу Багушэўскую выступаюць тыя даследчыкі, хто лічыць, што сваім росквітам тутэйшыя землі абавязаныя развіццю расійскай эканомікі: маўляў, не было б тут чыгункі — не было б нічога.
Між тым нават у даведніку «Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя» (Мінск, 1978) ёсць звесткі, што Багушэўск «у XIX ст. быў вядомы як фальварак Багушэўка, дзе ў 1854—1884 гг. працаваў бровар». Краязнаўца і настаўнік геаграфіі мясцовай школы Генадзь Цвяткоў у канцы 1960-х гадоў зафіксаваў аповеды мясцовых жыхароў пра тое, што на месцы цяперашняга пасёлка ў 1897 годзе знаходзілася каплічка Святога Макавея, а паблізу яе жылі сем'і Забароўскіх, Гозіных і Рэўтаў. Паводле кнігі «Памяць. Сенненскі раён», «Забароўскі адкрыў карчму, Гозін — заезны дом, Рэўт — краму. Іх можна лічыць заснавальнікамі Багушэўска».
Краязнаўцы згадваюць і народны тапонім «Багушэў», які дагэтуль можна пачуць ад мясцовых жыхароў. Назву чыгуначнага прыпынка яны тлумачаць проста: яна вытворная ад назвы населенага пункта (Багушэўск, Багушэўка ці Багушэў — тут пэўнасці няма). А так як слова «станцыя» жаночага роду, то яна стала «Багушэўскай».
Што вядома пра Дзмітрыя Багушэўскага, якога збіраюцца залічыць у мясцовыя героі
Гісторыя практычна не захавала звестак пра Марыю Багушэўскую, тады як пра яе мужа Дзмітрыя асобныя факты дайшлі да нашых дзён. Паводле даследавання Льва Палыкоўскага, ён кіраваў сваімі ўладаннямі «дыстанцыйна»: прыкладам, у верасні 1899 года скардзіўся міністру ўнутраных спраў у Санкт-Пецярбургу, што жыхары вёсак Уздорнікі і Руднікі зладзілі бунт — падпалілі лес, захапілі маёнтак Ванькова і самастойна засеялі палі знойдзеным у маёнтку насеннем, а кіраўніка маёнтка ды іншых работнікаў закідалі камянямі.
Бунтаўшчыкоў пакаралі, але Багушэўскі вырашыў, што трэба прыехаць і самому кантраляваць сваю маёмасць. Таму апошнія гады ён правёў у тутэйшых мясцінах і быў пахаваны ў вёсцы Худалеі Сенненскага павета (сучасная назва вёскі — Рыбнае). На ягоным надмагіллі напісана: «Палкоўнік Дзмітрый Васільевіч Багушэўскі памёр 6 жніўня 1903 г.». Гэты помнік аднойчы стаў ахвярай мясцовых вандалаў, якія знеслі яго з могілак. Аднак зламыснікаў знайшлі, і помнік быў вернуты на месца.
Яшчэ адна дэталь: калі Дзмітрыю Багушэўскаму сёлета спаўняецца 200 гадоў, то ён нарадзіўся ў 1823 годзе. Адпаведна, у 1901-м, на момант будаўніцтва чыгункі, яму было 78 гадоў. Штосьці не вяжацца з вобразам «бравага афіцэра» побач з маладой красуняй-жонкай…
Дарэчы, паводле таго ж даследчыка Льва Палыкоўскага, зямель памешчыка Багушэўскага не хапала для пракладання чыгуначных рэек. Таму яшчэ кавалак тэрыторыі ўрад Расійскай Імперыі забраў у сялян вёскі Цясы, аддаўшы ім у якасці кампенсацыі «частку зямлі за Каралінскім лесам».
Ініцыятар ушанавання сям'і Багушэўскіх — выкладчык Віцебскага медычнага ўніверсітэта
Ідэю ўсталявання скульптуры на станцыі Багушэўская прапанаваў Вячаслаў Станавенка, загадчык кафедры хірургіі ВДМУ. Ён практычна тутэйшы, нарадзіўся на Сенненшчыне ў вёсцы Заветнае.
Ініцыятывы адзначаць Дзень народнага адзінства ўсталяваннем розных скульптур ён агучваў і раней. Як і цяпер, іх падтрымлівалі ў Сенненскім райвыканкаме.
Падобным чынам у Багушэўску летась з'явіўся мемарыяльны знак «У памяць пра мужнасць, вайсковую доблесць і гераізм воінаў-інтэрнацыяналістаў». Яго ўсталявалі за кошт дзяржаўных і спонсарскіх сродкаў. Аўтарам твора быў той самы Іван Казак, які цяпер працуе над выявамі памешчыкаў Багушэўскіх.
Скульптурную кампазіцыю плануюць размясціць насупраць будынка чыгуначнай станцыі, тварамі да рэек, каб яе было добра відаць з перонаў і цягнікоў. Вакол пасадзяць туі.
Паводле Вячаслава Станавенкі, якога працытавала БелТА, гэтая скульптура, магчыма, «стане месцам прыцягнення для закаханых, маладых, якія будуць тут фатаграфавацца і загадваць жаданні пра доўгае сямейнае жыццё».
Адзін з краязнаўцаў, які просіць не называць ягонага прозвішча, падзяліўся ўласнымі меркаваннямі наконт новай скульптуры і яе ідэалагічнага прызначэння:
«Уся гэтая быццам бы рамантычная гісторыя выглядае прыдумкай. І ў ёй не было б аніякай шкоды, калі б цяперашняе шанаванне расійскіх дзеячаў не стала дзяржаўнай палітыкай. На нашых вачах ствараюць ідэалагізаваны міф праз помнік-скульптуру ў памяць пра «бравага афіцэра рускай арміі», быццам бы сына генерала, удзельніка вайны 1812 года. Гэта не што іншае, як зацвярджэнне новых пастулатаў беларускай гісторыі, якая нібыта непарыўна звязаная з Расіяй».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Нее,рейх должен быть разрушен.
..
выразили пренебрежениее к скрепам патриархального русского мира! Русский офицер, настоящий полковник, не может прятаться за бабу. Сплошные недоработки, ведь даже казалось бы на окраинах и в приобщенных провинциях уже полностью наши люди, однако им так и не понять истинных ценностей русской соборности. За что ни возьмутся - обязательно выявят свою сущность инородца.