«Засуджу». Рэжысёр Курэйчык пракаментаваў навіну пра тое, што першая серыя «Акрэсціна» не будзе даступна беларусам
Днямі адзін са стваральнікаў серыяла «Акрэсціна» ананімна расказаў, што першую серыю не пакажуць беларусам. Рэжысёр серыяла Андрэй Курэйчык адрэагаваў на гэту заяву.
22.08.2023 / 12:22
Андрэй Курэйчык. Скрын ютуб-канала Курэйчыка
Пра тое, што першая серыя праекта «Акрэсціна» не будзе даступная беларускаму гледачу, паведаміў тэлеграм-канал «Свяшчэнны Белавуд» са спасылкай на аднаго са стваральнікаў.
«І гэта добра, бо беларусы гэтага не зразумеюць. Мы яе паказвалі замежнікам: літоўцам, французам, венграм. Ім наша гісторыя пра 2020 года цікавая, замежны глядач будзе яе глядзець», — сказаў той чалавек.
Гэтыя словы абурана пракаментаваў рэжысёр Андрэй Курэйчык.
«Я такога цынізму ў сваім жыцці не сустракаў. Фільм «Акрэсціна» планаваўся і першапачаткова пазіцыянаваўся як беларускі праект для беларусаў. Мы здымаем для нас пра нашу ж гісторыю.
Я як праваўладальнік, сцэнарыст, рэжысёр скажу так: не, так не будзе. Калі, не дай бог, гэта каманда для венграў будзе паказваць у абыход беларусаў, я іх засуджу.
Бо гэта ў дачыненні да беларусаў подласць», — заявіў Курэйчык на сваім ютуб-канале.
Па словах рэжысёра, на вытворчасць серыяла было патрачана каля 200 тысяч еўра. Ён кажа, што сам не атрымаў ні капейкі ганарару ад медыя «Маланкі», разам з якім здымаў праект.
***
Серыял «Акрэсціна» пачалі здымаць у Літве ў пачатку мінулага года. Калі гледачы пабачылі кадры бэкстэйджу, то абурыліся сцэнамі расстрэлу людзей у турме. Сам стваральнік потым тлумачыў, што гэта быў сон аднаго з герояў.
Усе працоўныя матэрыялы па «Акрэсціна» цяпер знаходзяцца ў літоўска-беларускага выдання «Маланка», якое займалася інфапрамоцыяй серыяла.
Чытайце таксама:
Першая серыя «Акрэсціна» не будзе даступная беларускаму гледачу
«Наступную серыю я б рабіў пра Бяляцкага». Што чуваць пра серыял «Акрэсціна»?