Беларускіх школьнікаў прыцягнулі да ўдзелу ў чэмпіянаце «Мая Айчына — Расія»

У Расіі днямі прайшоў усерасійскі чэмпіянат па геаграфіі сярод школьнікаў, дзе таксама паўдзельнічала і Беларусь разам з акупаванымі ўкраінскімі тэрыторыямі. Расказваем, з якіх тэм складаліся пытанні для школьнікаў.

23.08.2023 / 09:07

Фота: Міністэрства абароны Беларусі

Рускае геаграфічнае таварыства справаздачылася аб правядзенні 18 жніўня ўсерасійскага чэмпіянату па геаграфіі сярод школьнікаў пад назвай «Мая Айчына — Расія». У ім таксама прынялі ўдзел і беларусы.

Гэты чэмпіянат праходзіў у анлайн-фармаце на базе Мардоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Характэрнай асаблівасцю менавіта гэтага мерапрыемства (у адрозненне ад леташніх) быў адкрыты пералік удзельнікаў і з іншых краін.

Так, школьнікі з Беларусі і іншых саюзных Расіі краін у справаздачы арганізатараў турніру сталі ў адзін шэраг са школьнікамі з акупаваных украінскіх тэрыторый. Сярод удзельнікаў называюць «ДНР», «ЛНР», Запарожжа, Таджыкістан і Турцыю. Вось якія тэмы яны абмяркоўвалі.

«Удзельнікі павінны былі вырашыць дзясяткі задач па тэмах «Гісторыя асваення тэрыторыі Расіі і свету», «Федэратыўны строй Расіі», «Гісторыка-культурная спадчына расійскіх рэгіёнаў» і г.д.», — паведаміла Рускае геаграфічнае таварыства.

Усяго ж, паводле звестак арганізатараў, у гэтым чэмпіянаце прынялі ўдзел больш за 2100 чалавек, а ўзровень балаў за правільныя адказы на пытанні ў некаторых школьнікаў дасягаў 109 са 120 магчымых.

Чытайце яшчэ:

Рувікі ў барацьбе за «аб'ектыўнасць» і «нейтральнасць»

У школу ў Полацкім раёне заселяць вагнераўцаў? Чыноўнікі: «Брахня». Але дзяцей пераводзяць

Марыла пра Беларусь у складзе Расіі, а стала «нацыяналісткай». Беларуская блогерка ў эміграцыі распавяла, як так сталася

Nashaniva.com