За год актывы EPAM у Беларусі скараціліся на 17%

Кампанія EPAM апублікавала квартальную справаздачу, з якой вынікае, што сума яе актываў у Беларусі працягвае скарачацца. За год актывы EPAM у Беларусі скараціліся на 17%, піша Office Life.

23.08.2023 / 15:30

У прыватнасці, у справаздачы гаворыцца, што на канец чэрвеня кошт актываў кампаніі ў Беларусі складае $53,5 млн. Год таму яны ацэньваліся ў $64,4 млн. Для параўнання: у 2020—2021 гадах актывы EPAM у Беларусі складалі $75—78 млн.

Цяпер беларускі бізнэс EPAM паводле аб'ёму займае трэцяе месца, саступаючы ўкраінскаму офісу, дзе засяроджана маёмасць на $67 млн, і амерыканскаму ($61 млн).

Сума ўсіх актываў EPAM ва ўсіх лакацыях ацэньваецца ў $255,7 млн. Гэты паказчык знізіўся на $18 млн з канца мінулага года.

Кампанія ўдакладняе, што ў яе ёсць сродкі ў некалькіх краінах, уключаючы Украіну, Беларусь і Расію. Пры гэтым па стане на 30 чэрвеня сродкі ў банках Украіны складалі $50,9 млн, у банках Беларусі — $38,5 млн і яшчэ $24,8 млн захоўваюцца ў банках Расіі. Грошы ва Украіне і Беларусі выкарыстоўваюцца для аперацыйных патрэб мясцовых прадпрыемстваў, і рэшткі на рахунках змяняюцца ў залежнасці ад чаканых аперацыйных патрэб.

У кампаніі ўдакладнілі, што некаторыя кліенты «распачалі крокі па блакаванні інтэрнэт-камунікацый з Расіяй, Украінай і Беларуссю для абароны ад патэнцыйных кібератак або іншых пагроз інфармацыйнай бяспекі». Такія негатыўныя наступствы прымушаюць EPAM пераносіць частку каманды ў іншыя краіны і абмяжоўваюць здольнасць удзельнічаць у пэўных праектах.

Выручка рэгіёна Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (CEE), які ўключае Беларусь, Грузію, Казахстан, Расію, Украіну і Узбекістан, склала за II квартал 2023 года $7,815 млн, або 0,7% агульнага аб'ёму выручкі кампаніі.

За тры апошнія месяцы чысты прыбытак кампаніі склаў $120 млн. Яна вырасла ў 6,5 разу да чэрвеня 2022-га. Пры гэтым выручка EPAM Systems Inc. знізілася за II квартал больш чым на 2% — да $1,17 млрд.

Чытайце таксама:

EPAM абышла Wargaming па выплаце падаткаў у Літве

Сталі вядомыя 5 найбольшых падаткаплатнікаў Літвы з беларускімі каранямі

EPAM прадаў сваю расійскую юрыдычную асобу

Nashaniva.com