Пяскоў заявіў, што расійская дзяржава не фінансавала ПВК «Вагнер». Пуцін раней гаварыў зусім іншае

ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына не атрымлівала грошай з расійскага бюджэту, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Так ён адказаў на пытанне журналістаў, ці працягне дзяржава фінансаваць прыватную вайсковую кампанію пасля яе пераезду і рэгістрацыі ў Беларусі.

25.08.2023 / 16:44

Фота: Contributor/Getty Images

«Не было ніякага дзяржфінансавання. Гэта ніяк не звязана са знаходжаннем у Беларусі, гэта зусім рознага парадку тэмы», — сказаў Пяскоў.

Таксама ён заклікаў не забываць, што ПВК «Вагнер», маўляў, «не існуе дэ-юрэ». З ягоных слоў, існуе толькі група «Вагнер», якая брала ўдзел у вайне супраць Украіны.

Пры гэтым сам непасрэдны начальнік Пяскова, Уладзімір Пуцін 27 чэрвеня, адразу пасля мяцяжу Прыгожына, прамым тэкстам казаў пра дзяржаўнае фінансаванне «Вагнера»:

«Хачу, каб мы ўсе ведалі пра гэта. Утрыманне групы «Вагнер» цалкам забяспечвалася дзяржавай, з Міністэрства абароны, з дзяржаўнага бюджэту, мы цалкам фінансавалі гэтую групу», — сказаў тады Пуцін.

Паводле ягоных слоў, з мая 2022 да мая 2023 года расійскія ўлады выдзелілі ПВК на грашовае ўтрыманне байцоў і стымулюючыя выплаты больш за 86 млрд расійскіх рублёў (каля мільярда даляраў). А ўладальнік «Вагнера», кампанія «Канкорд», за год праз ваенгандаль зарабіла 80 мільярдаў рублёў, як паведаміў Пуцін.

Чытайце таксама:

Лукашэнка: Я і не павінен гарантаваць бяспеку Прыгожына. А вагнераўцы «нікуды не бягуць»

У Крамлі адказалі, ці пойдзе Пуцін на пахаванне Прыгожына

Гіркін-Стралкоў з турмы назваў імавернасць датычнасці Пуціна да забойства Прыгожына «мізэрнай»

«Чалавек складанага лёсу, і памылкі ў яго былі сур'ёзныя ў жыцці». Пуцін выказаў шматслоўныя спачуванні сям'і Прыгожына

Nashaniva.com