У Мінску зноў памянялі сістэму тарыфаў на праезд. Што змянілася і колькі будуць каштаваць праязныя?
У Мінску зноў змянілі сістэму тарыфаў на праезд грамадскім транспартам. Тарыфную сетку спрасцілі і прыбралі больш за дзясятак разнавіднасцяў тарыфаў. Выданне Blizko.by паглядзела, што менавіта змянілася і колькі цяпер могуць каштаваць праязныя білеты.
29.08.2023 / 18:17
Што адбылося?
МАРГ выпусціў пастанову аб змене свайго ж рашэння «Аб тарыфах на перавозкі пасажыраў, багажу і грузабагажу чыгуначным транспартам» ад 3 снежня 2020 года. У тарыфы ўнеслі змены і заадно перапісалі інструкцыю да пастановы. Цяпер сістэма спрасцілася.
Тарыфы на праезд выраслі?
Не, тарыфы не выраслі. Спрасцілі саму тарыфную сетку, прытым толькі ў той частцы, якая тычыцца праязных на гарадскі грамадскі транспарт, сумешчаных з праязнымі на так званыя «гарадскія электрычкі». Усіх астатніх тарыфаў не чапалі зусім.
Як было і як стала?
Ранейшая рэдакцыя пастановы «Аб тарыфах на перавозкі пасажыраў, багажу і грузабагажу чыгуначным транспартам» дзейнічала з 16 чэрвеня гэтага года. Тады квіткі на цягнікі падаражэлі на 20-24%.
А яшчэ ўвядзенне тых тарыфаў прывяло да таго, што праязны на ўсе віды транспарту (уключаючы «гарадскую электрычку») у Мінску ўпершыню стаў каштаваць больш за сто рублёў: 102 рублі 24 капейкі.
Дык вось, у той пастанове дзейнічалі 20 тарыфаў на праязныя, якія сумяшчаюць гарадскі транспарт і «гарадскія электрычкі». Але пасля таго, як 16 жніўня гэтага года ў Мінску ўвялі «адзіны праязны», выявілася, што частка тых тарыфаў проста незапатрабаваная.
Напрыклад, праязны на 20 сутак быў толькі на «гарадскія электрычкі» без якіх-небудзь камбінацый. А праязны «тралейбус + трамвай + метро + гарадская электрычка» і да яго падобныя проста не прадаваўся, хоць тарыф такі існаваў.
Цяпер жа МАРГ проста скасаваў больш за палову існуючых раней «электрычных» тарыфаў і прывёў тарыфную сетку амаль да такога ж выгляду, які існуе для праязных на наземны транспарт і метро.
І як будзе цяпер?
Цяпер будуць такія разнавіднасці тарыфаў: або «гарадская электрычка + 1 від іншага гарадскога транспарту», або «гарадская электрычка + усе астатнія віды транспарту».
З 20 тарыфаў засталося ўсяго 8: кожная разнавіднасць тэрмінам на 3, 5, 10 або 20 сутак.
Колькі будуць каштаваць праязныя?
Важна разумець: у дакуменце ад МАРГ прыводзяцца не цэны на праязныя, а толькі тарыфы на чыгуначны складнік камбінаваных праязных. Каб атрымаць цэны на праязныя, трэба да гэтага тарыфу дадаць тарыфы на другі складнік праязных (наземны транспарт і метро).
Паколькі, як мы адзначалі, самі тарыфы не змяніліся, то і цэны на праязныя не павінны памяняцца. Гэта значыць, што, скажам, праязны на 3 сутак на камбінацыю «гарадская электрычка + аўтобус» будзе каштаваць, як і раней, 17,88 рубля, а праязны на 30 сутак на наогул усе віды грамадскага транспарту, акрамя маршрутак (аўтобусы, аўтобусы-экспрэсы, тралейбусы, трамваі, метро, гарадская электрычка), — 91,19 рубля.
Цяпер стала больш зразумела?
Прынамсі, паменшылі колькасць тарыфаў — магчыма, і колькасць разнавіднасцяў саміх праязных паменшыцца. Напэўна гэта можна будзе сказаць, калі пастанова ўжо ўступіць у сілу. А ўступае яна ў сілу пасля апублікавання — гэта значыць на наступны дзень, заўтра. Ці паспеюць да таго часу абнавіць табліцы ў кіёсках і касах метро — будзе бачна.
Але як мінімум адзін незразумелы момант застаўся. Праязны на ўсе віды транспарту, уключаючы «гарадскую электрычку», каштуе танней, чым праязны на адну толькі «гарадскую электрычку», і значна танней, чым праязны на любую іншую камбінацыю «гарадскіх электрычак» і астатняга транспарту.
Чытайце таксама:
У Мінску 1 верасня стартуе маштабны эксперымент па аплаце грамадскага транспарту
Доля электратранспарту ў гарадскіх перавозках Мінска — амаль палова
Новую мадэль аплаты праезду для льготнікаў апрабуюць у грамадскім транспарце ў Мінску
Ад сёння ў Мінску дзейнічае адзіны праязны
«Гэта заўсёды так будзе?» Мінчанка здзівілася незвычайнаму кантролю ў аўтобусе
У Мінску ўводзіцца адзіны праязны. Колькі ён будзе каштаваць