Украінцы прарвалі першую лінію абароны, на якую расіяне выдаткавалі 60% часу і рэсурсаў
Камандуючы аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Таўрыя» Аляксандр Тарнаўскі ў інтэрвʼю The Observer заявіў, што расіяне выдаткавалі 60% свайго часу і рэсурсаў на ўзвядзенне першай лініі абароны, і толькі па 20% на другую і трэцюю. Цяпер украінскія абаронцы наступаюць па абодва бакі прарыву і замацоўваюцца на адваяваных тэрыторыях.
03.09.2023 / 09:38
Украінскія вайскоўцы. Фота: ivan_fedorov_melitopol / Telegram
«На маю думку, расіяне лічылі, што ўкраінцы не прарвуцца праз гэтую (першую) лінію абароны. Яны рыхтаваліся больш за год. Яны зрабілі ўсё, каб гэты ўчастак быў добра падрыхтаваны», — сказаў Тарнаўскі.
Паводле яго слоў, УСУ зараз знаходзяцца паміж першай і другой абарончымі лініямі. «У цэнтры наступлення мы завяршаем знішчэнне варожых падраздзяленняў, якія прыкрываюць адыход расійскіх войскаў за іх другую лінію абароны», — сказаў ён.
Тарнаўскі падкрэсліў, што контрнаступленне стрымлівала пабудаванае расіянамі вялізнае міннае поле. За ім расійскія войскі «проста стаялі і чакалі ўкраінскую армію», падбіваючы ўкраінскую тэхніку.
«Як толькі там (на першай лініі абароны) зʼяўлялася любая тэхніка, расіяне адразу пачыналі яе абстрэльваць і знішчаць. Таму размініраванне праводзілася толькі пяхотай і толькі ноччу», — падкрэсліў ён.
Цяпер, калі мінны барʼер пераадолены, расіяне вымушаны манеўраваць і перадыслакаваць свае сілы. «Вораг падцягвае рэзервы не толькі з Украіны, але і з Расіі», — адзначыў Тарнаўскі.
Аднак ён упэўнены, што рана ці позна ў расіян не хопіць сіл, што дасць магчымасць абаронцам наступаць хутчэй. Цяпер, калі міннае поле прарвана, расіяне страцілі значную частку сваёй перавагі.
«Існуе вельмі вялікая розніца паміж першай і другой лініяй абароны», — сказаў Тарнаўскі.
Ён растлумачыў, што другая лінія не так добра пабудавана, таму ўкраінцы могуць выкарыстоўваць сваю тэхніку, хаця там усё яшчэ ёсць мінныя палі.
Чытайце таксама:
Як маленькая група байцоў зрабіла магчымым вызваленне Рабоціна. Гісторыя, вартая Галівуда
Столтэнберг: Украінцы ўжо пераўзыходзілі чаканні, трэба ім давяраць
Зяленскі заявіў пра паспяховае выкарыстанне дальнабойнай зброі ўласнай вытворчасці