Памяць пажылых людзей можа значна палепшыць тэрапія пахамі
Даследаванні паказалі, што ў пажылых людзей, якія ноччу ўдыхалі пэўныя водары, назіралася паляпшэнне памяці на 226%. Вучоныя спадзяюцца, што гэта дапаможа ў лячэнні дэменцыі.
06.09.2023 / 18:49
Навукоўцы даўно ведаюць, што страта здольнасці адчуваць пахі можа прадказаць развіццё амаль 70 неўралагічных і псіхіятрычных захворванняў. Да іх адносяцца хвароба Альцгеймера і іншыя формы дэменцыі, хвароба Паркінсана, шызафрэнія і алкагалізм. Ёсць сведчанні аб сувязі паміж стратай нюху з-за COVID і наступным пагаршэннем кагнітыўных функцый.
Раней было выяўлена, што ўздзеянне на людзей з сярэдняй ступенню дэменцыі да 40 розных пахаў двойчы ў дзень на працягу вызначанага перыяду часу паляпшала іх памяць і моўныя навыкі, змяншала дэпрэсію і павышала здольнасці нюху.
Каманда нейрабіёлагаў з Каліфарнійскага ўніверсітэта вырашыла паспрабаваць ператварыць гэтыя веды ў просты і неінвазіўны інструмент барацьбы з дэменцыяй.
Вучоныя правялі даследаванне, удзельнікамі якога сталі мужчыны і жанчыны ва ўзросце ад 60 да 85 гадоў без парушэння памяці. Іх падзялілі на дзве групы. Усім далі дыфузар і сем картрыджаў, у кожным з якіх знаходзіўся пэўны від араматычнага алею.
Удзельнікі першай групы атрымалі картрыджы з поўнай дозай алею. А ў картрыджах, што атрымала кантрольная група, алей быў у невялікай колькасці. Удзельнікі кожны вечар перад сном ставілі новы картрыдж у дыфузар, і ён распыляў змесціва на працягу дзвюх гадзін, пакуль яны спалі. Эксперымент доўжыўся шэсць месяцаў.
Кагнітыўныя здольнасці правяраліся з дапамогай тэсту на запамінанне словаў у пачатку эксперымента і ў канцы. Удзельнікі першай групы паказалі рост колькасці словаў, якія яны запомнілі, на 226 %. Яны таксама паведамілі, што іх сон стаў больш моцным.
Здымак галаўнога мозгу ўдзельнікаў першай групы таксама паказаў лепшую структуру левага кручкападобнага пучка — пучка валокнаў нерваў, якія злучаюць сярэднюю скроневую долю, якая адказвае за памяць, з перадфрантальнай карою, якая адказвае за прыняцце рашэнняў. З узростам ён аслабляецца і становіцца ўстойлівым да пашкоджанняў.
Як адзначаюць вучоныя, у адрозненне ад іншых пачуццяў, імпульс нюху даходзіць да мозгу імгненна, бо нерв, адказны за перадачу сігналаў нюху, звязаны з мозгам напрамую. У той час, як інфармацыя ад іншых органаў пачуццяў перад тым, як патрапіць да пэўных аддзелаў кары мозгу, спачатку праходзіць праз таламус.
Аднак, у адрозненне ад зроку, які мы карэктуем акулярамі, ці слыху, які мы паляпшаем слыхавымі апаратамі, няма ніякага спосабу аднавіць страту нюху, што можа негатыўна адбіцца на памяці і кагнітыўных здольнасцях.
Каманда даследчыкаў хоча працягнуць вывучаць уплыў гэтай тэхнікі на людзей з дыягнаставаным зніжэннем кагнітыўных здольнасцяў. Яны спадзяюцца, што іх адкрыццё прывядзе да актывізацыі даследаванняў нюхальнай (альфактарнай) тэрапіі парушэнняў памяці.
Чакаецца, што прадукт, заснаваны на даследаванні і прызначаны для выкарыстання ў доме, з'явіцца на рынку ЗША гэтай восенню.
Чытайце яшчэ:
Наркотыкі дазваляюць адкрыць ужо закрытыя вокны магчымасцяў для навучання