Беларус Шэпелеў, які нядаўна стаў вядоўцам праграмы на «Россия 1», наведаў Марыупаль. Раней ён выбачаўся перад украінцамі
Беларус Дзмітрый Шэпелеў, які зрабіў тэлевізійную кар’еру ў Расіі, наведаў знішчаны расійскімі войскамі і акупаваны Расіяй Марыупаль, заўважыла «Радыё Свабода». Нягледзячы на тое, што пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ён асуджаў расійскую агрэсію і прасіў прабачэння ва ўкраінцаў.
09.09.2023 / 22:34
Скрыншот з відэа
Некалькі дзён таму Шэпелеў паведаміў у сваіх сацсетках, што яго запрасілі весці шоу для ўсёй сям’і «У коле сяброў» на тэлеканале «Россия 1». Перадача прысвечаная жывёлам.
«Рыхтуючыся да праграмы, я паглядзеў вялікую колькасць матэрыялу, прысвечанага жывёлам, даведаўся, што тут непадалёк ёсць вельмі вялікі прытулак, у якім сабраны свойскія жывёлы, у першую чаргу сабакі, якія засталіся ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі без гаспадароў», — сказаў Шэпелеў у эфіры канала, стоячы на фоне знішчанага горада.
Як гаворыцца ў анонсе, адна з гісторый з Марыупаля будзе паказаная ў шоу Шэпелева.
У дзень пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне Шэпелеў напісаў у сваіх сацсетках:
«Мне асабліва страшна, што я цяпер адвёз сына ў школу, а мае сябры ў Кіеве і іншых украінскіх гарадах ідуць у бамбасховішча. Мне вельмі сорамна. Мне вельмі балюча. І ў мяне няма слоў. Прабачце, сябры-ўкраінцы, прабачце. Толькі такое не прабачаюць».
У кастрычніку 2020 года ён асудзіў жорсткасць сілавікоў супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі.
«Яны плацяць гэтую цану за новае жыццё ў новай краіне, у Беларусі, якую яны заслугоўваюць, свабоднай ад страху і дыктатуры. І яны павінны перамагчы. Я хачу вас падтрымаць. Я вельмі ганаруся вамі. Жыве Беларусь!» — напісаў Шэпелеў.
Чытайце таксама:
Беларусы, якія сталі зоркамі ў Расіі: што з імі стала за час поўнамаштабнай вайны?
«Дараваць такое нам немагчыма». Вядомыя людзі Расіі пра напад Расіі на Украіну