Беларусы, якія сталі зоркамі ў Расіі: што з імі стала за час поўнамаштабнай вайны?
Калі Расія ўварвалася ва Украіну, гэтыя вядомыя беларусы працавалі ў краіне-агрэсарцы. Мы паглядзелі, як склаліся іх лёсы.
Макс Корж
Знакаміты беларускі спявак адкрыта асудзіў поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. 24 лютага 2022-га ён апублікаваў пост з такімі словамі: «Мільёны людзей, якія выраслі ў адных і тых жа дварах, на адных і тых жа каштоўнасцях, якія разумеюць адно аднаго і на 100% гатовыя суседнічаць мірна, зноў падзяляюцца вайной. Асуджаю ўварванне і бамбаванне суседняй дзяржавы. Гэта вайна, якая зменіць жыццё кожнага назаўжды, няважна, дзе ты жывеш».
Мінулым летам Корж выпусціў антываенную песню «Свой дом», пасля чаго тур беларуса па Расіі быў адменены. Першы за шмат гадоў канцэрт спевака прайшоў толькі нядаўна ў Рызе. На ім Корж заклікаў публіку скандаваць «Не вайне», прасіў не забываць, што «беларусы — нармальныя людзі», і скончыў шоу антываеннай песняй «Прав тот, кто защищает свой дом».
Дзмітрый Калдун
У 2007-м гэты спявак паехаў на Еўрабачанне і заняў там шостае месца з песняй Work Your Magic — найлепшы вынік для беларусаў на гэтым конкурсе, за якім цяпер мы назіраем толькі як староннія гледачы.
Пэўны час у артыста былі праблемы з кар'ерай, так як канфліктавалі два яго прадзюсары: Віктар Дробыш, з якім Калдун перамог на «Фабрыцы зорак», і Філіп Кіркораў — яго прадзюсар на Еўрабачанні. Але пазней Дзмітрый аднавіў актыўную кар'еру. Апошнія гады Калдун удзельнічаў у расійскіх тэлешоу і выпускаў альбомы. Пра ягоную пазіцыю ва ўкраіна-расійскіх стасунках сведчыць той факт, што ў 2018 годзе выканаўца выступіў у Данецку на выбарах кіраўніка самаабвешчанай «ДНР».
Што тычыцца беларускай палітыкі, то 3 ліпеня 2020-га Калдун выступіў на адкрыцці мультымедыйнага фантана ў парку Янкі Купалы ў прысутнасці Лукашэнкі. Падзей у краіне і рэгіёне беларус публічна не каментаваў і не каментуе, але ж гэта не перашкодзіла яму трапіць у «чорныя спісы» — цяпер Калдун не выступае ў Беларусі. Прыкметных публічных выказванняў пра вайну ён таксама не рабіў.
Аднак Дзмітрый працягвае выступаць у Расіі, ён вядзе там мерапрыемствы і ўдзельнічае ў расійскіх тэлешоу. У канцы ліпеня Калдун быў на борце круізнага лайнера Astoria Grande, які ў Грузіі сустрэлі акцыямі пратэсту. Беларус аказаўся адным з тых артыстаў, хто забаўляў пасажыраў падчас круізу.
Дзмітрый Шэпелеў
Тэлевядучы з Беларусі нядаўна атрымаў новую працу. Цяпер ён працуе на тэлеканале «Расія» ў перадачы для ўсёй сям'і. Назва праекта — «У коле сяброў», і прысвечаны ён, мяркуючы з паведамлення Шэпелева, жывёлам.
У першы дзень поўнамаштабнай вайны Дзмітрый зрабіў антываенны пост у інстаграме: «Мне асабліва страшна ад таго, што я цяпер адвёз дзіця ў школу, а мае сябры ў Кіеве і іншых гарадах Украіны вядуць дзяцей у бамбасховішчы. Гэта не ўкладаецца ў галаве». Цікавасць вядучага да сітуацыі ва Украіне лёгка растлумачыць, бо менавіта там падчас працы на тэлеканалах у Кіеве ён здабыў папулярнасць. Аднак гэты пост ён пазней выдаліў. Былі чуткі пра ад'езд Шэпелева з Расіі, але сам беларус іх абверг.
Хоць пост і выдалены, у расійскіх праваенных колах памятаюць пра погляды Шэпелева, а таму раскрытыкавалі прызначэнне новага вядучага. Першая намесніца старшыні камітэта Дзярждумы па культуры Алена Драпека ахарактарызавала гэта так: «Я б назвала гэта двудушнасцю кіраўніцтва канала, якое запрасіла Шэпелева ўдзельнічаць у праграме. Калі тэлевядучы сапраўды выступаў супраць СВА, то ён трапляе пад сістэму нашага заканадаўства. Праверкай гэтага павінны займацца праваахоўныя органы».
Руслан Аляхно
Гэты беларус адкрыта выступае на баку расійскіх агрэсараў і, больш за тое, сам наведвае акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі. У 2022-м ён выступаў у Шахцёрску, захопленым Херсоне, быў у Мелітопалі — і гэта толькі невялікая частка візітаў у той рэгіён. Не ўсе разумеюць спевака: у адным з інтэрв'ю ён казаў, што ад стасункаў з ім адмовіліся старыя сябры. Выступаў ён і на праваеннай «Крымскай вясне — 2022» у «Лужніках».
Увогуле, Аляхно не збірае вялікіх залаў у сталіцах, цяпер яго вотчына — менш прэстыжныя гарады. Ён выступаў на фестывалі «Салдацкі канверт — 2022» у Стаўрапалі, прыехаў на Дзень горада ў Тулу, адзначыўся на канцэрце ў гонар Дня яднання Беларусі і Расіі, а таксама даехаў з канцэртамі да Электрасталі, Красназнаменска, Балашыхі і Іванцееўкі.
Акрамя таго, Аляхно ўжо некалькі сезонаў выступае настаўнікам у тэлешоу на канале «Беларусь 1». Гаворка ідзе пра перадачу «Х-фактар»: пасля таго, як беларускія тэлепрадзюсары адмовіліся ад аднайменнай франшызы, праект выходзіць пад назвай «Фактор.бай». Гэта музычнае шоу талентаў, і, акрамя Аляхно, там яшчэ выкладаюць рэпер Сярога, поп-зорка Вольга Бузава і музычны крытык Сяргей Саседаў.
Ваня Усовіч
Стэндап-комік не застаўся ўбаку ад падзей другой паловы 2020-га ў Беларусі. Ён заклікаў беларусаў галасаваць за Святлану Ціханоўскую і выказваўся супраць Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрв'ю Юрыю Дудзю: «Адзін чувак ва ўладзе ўжо 600 гадоў. Мне больш за ўсё незразумела тое, што адзінае, за што ён топіць, называючы сябе крутым, — што ў краіне няма вайны». Таксама Ваня распавядаў, што ў жніўні 2020-га ягоны брат правёў чатыры дні на Акрэсціна і быў збіты.
Калі ж пачалося поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, ад Усовіча ўжо не дачакаліся такіх публічных выказванняў — больш за тое, ён працягнуў даваць канцэрты ў Расіі. Так ён жыве і цяпер: гэтай восенню ў Вані Усовіча выступы ў расійскіх гарадах ад Масквы да Каломны.
У сусветныя туры ён таксама ездзіць — на сайце коміка ёсць продаж квіткоў на выступы ў Сеуле, Патаі, Барселоне, Парыжы і іншых гарадах па ўсёй планеце.
Рыта Дакота
Адна з найбольш неабыякавых артыстак у нашым спісе. У 2020-м Дакота падтрымала беларускіх пратэстоўцаў, не прамаўчала яна і ў лютым 2022-га: «Усё, што адбываецца сёння — ё****е дно, ніводны разумны чалавек на свеце не падтрымае вайны. У вайне няма пераможцаў, у вайне прайграюць усе. Мы браты, не давайце палітычным гульням змяніць гэта». Гэты пост у яе цяпер выдалены.
Выглядае, што вайна істотна не паўплывала на жыццё беларускі: як і раней, яна працягнула публікаваць у сацсетках матэрыялы з выступаў, моманты з асабістага жыцця і дабрачынныя кейсы, дзе яна дапамагае людзям або просіць заданаціць на іх. У верасні беларуска запланавала чатыры канцэрты ў Расіі.
Нядаўна Рыта выйшла замуж за Фёдара Белагая і адсвяткавала падзею ажно ў трох краінах: у Расіі, у Грузіі і на Балі. Пад каментарамі да аднаго з адпаведных пастоў у Рыты пыталіся, чаму на мерапрыемстве не прысутнічае яе мама, — наколькі вядома, у жніўні 2022 года жанчыну затрымалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах. Дакота адказала, што яе маці прыняла рашэнне адмовіцца ад публічнасці.
Наталля Падольская
41-гадовая ўраджэнка Магілёва жыве ў Расіі даўно і паспела абзавесціся там сям'ёй: яна замужам за спеваком Уладзімірам Прасняковым-малодшым і выхоўвае двух сыноў.
Падольская стала вядомай у сярэдзіне нулявых, калі ўзяла ўдзел у «Фабрыцы зорак — 5» і прадставіла Расію на Еўрабачанні-2005. Яна дагэтуль выступае, запісвае песні і здымаецца ў кліпах, але на яе старонцы ў Instagram не знайсці звестак пра беларускія канцэрты.
Што тычыцца вайны ва Украіне, у Падольскай з ёй складаныя адносіны. У дзень пачатку поўнамаштабнага ўварвання яна пакінула ў інстаграме пост такога зместу: «Мне хочацца, каб усё было як раней! Калі ў 2005 годзе было Еўрабачанне ў Кіеве і квітнелі каштаны».
Нягледзячы на гэтае жаданне «як раней», у наступным месяцы Наталля выступіла на канцэрце «Крымская вясна — 2022», які праводзіўся ў «Лужніках». Зразумела, што пасля такіх канцэртаў патрэбы пакідаць Расію з меркаванняў сумлення ў яе не было.
Алег ЛСП
У 2020-м рэпер Алег ЛСП Саўчанка падтрымаў беларускіх пратэстоўцаў, не маўчаў ён і ў пачатку вайны. Увесну 2022-га музыка выклаў кліп на красамоўную песню «Ураганы», у пачатку якога пакінуў такі надпіс: «Я не ведаю ніводнага чалавека, які свядома ўхваляе бамбардзіроўкі і ракетныя абстрэлы, забойствы людзей і разбурэнне гарадоў. Упэўнены, яны існуюць — але падзяліць іх пункт гледжання ў мяне ніколі не атрымаецца. Я б вельмі хацеў паўплываць на гэты кашмар — спыніць, а лепш — павярнуць назад, каб тэхніка і боепрыпасы вярнуліся на склады, разбураныя гарады паўсталі з попелу, а людзі — з магіл». Таксама хлопец накіраваў сродкі ў фонд падтрымкі ўкраінскіх уцекачоў.
У красавіку 2022 года група ЛСП перанесла тур па Расіі, а летам 2022-га ў гутарцы з «Нашай Нівай» Алег сцвярджаў, што не хоча пакуль прыязджаць ані ў Беларусь, ані ў Расію. Але ўжо ў лістападзе 2022-га стала вядома, што музыкі ўсё ж такі даюць канцэрты ў Расіі.
З тых часоў, праўда, пра іншыя канцэрты Алега ў Расіі не было чуваць. У 2023-м ён выбіраў для выступаў іншыя краіны — Казахстан і Кыргызстан, і не публікаваў фота з расійскай геалакацыяй. Беларус працягвае выпускаць новую музыку: напрыклад, у жніўні ён прэзентаваў сумесны з жонкай Уладай Саўчанкай трэк «Ліманад».
Ціма Беларускіх
Яшчэ да вайны, у 2021-м, Ціма атрымаў у Мінску два гады «хатняй хіміі» за знойдзеныя ў яго наркотыкі. Якраз у той час, калі ён адбываў тэрмін, і пачалася вайна ва Украіне. Малады рэпер вырашыў не каментаваць гэтай падзеі публічна.
24 сакавіка 2023-га Цімафей Марозаў (сапраўднае імя выканаўцы) прадставіў трэк «Адпусці» — першую сваю песню пасля «хіміі». Пасля гэтага Беларускіх вярнуўся на сцэну і даў канцэрты ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.
Улад Бумага
Звышпапулярны беларускі блогер цалкам праігнараваў і пратэсты 2020-га года на радзіме, і рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў, і ўварванне Расіі ва Украіну. Больш за тое, паводле даных расследавальнікаў, вясной 2023-га года Улад Бумага вёў бізнэс праз ашуканскі крыптавалютны праект A4.Finance, зарэгістраваны ў Расіі, то-бок ён плаціць падаткі ў краіне-агрэсарцы.
У чэрвені 2023-га Бумагу заўважылі на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме ў кампаніі рэпера Цімаці і спевака Філіпа Кіркорава, якія падтрымалі расійскую агрэсію ва Украіне. Разам з Уладам яны выканалі песню «Цвет настроения синий» каля стэнда расійскай сацсеткі «УКантакце».
Таксама блогер адкрыў сетку піцэрый у Расіі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«З'явілася куча праўдаў». Макс Корж запісаў маналог — вось пра што ён
Макс Корж і Лэдзі Гага. У Беларусі значна пашырылі «чорны спіс» музыкаў
Каментары
Этому карлику-носу, с блевотным голоском самое там и место! Среди животных и растений!