Кляшчы застануцца ў Мінску да лістапада. Дзе ў сталіцы можна падчапіць гэту заразу
Ад крывапіўцаў нельга схавацца нават у самых папулярных месцах сталіцы.
11.09.2023 / 14:31
Клешч. Фота: Wikimedia Commons
За жнівень колькасць укушаных кляшчамі ў параўнанні з ліпенем узрасла. Санслужба папярэджвае аб небяспецы, піша Tochka.by.
Зрэшты, за 8 месяцаў 2023 паказчык зваротаў на 17,5% ніжэйшы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Спецыялісты папярэджваюць, што іксодавыя кляшчы ўстойлівыя да нізкіх тэмператур і могуць выжываць у +5°С. Пазбавіцца ад іх дапамогуць толькі першыя замаразкі.
Таксама кожны дзясяты клешч пераносіць хваробу Лайма.
Дзе ў Мінску можа ўкусіць клешч?
Самымі папулярнымі месцамі (80,5%), адкуль дадому прыносілі кляшчоў, сталі лясы, сельская мясцовасць і загарадныя хаты.
У Мінску сустрэць іх часцей за ўсё можна ў лесапарку па вул. Герасіменкі — вул. Ангарская, у парках Лошыцкі, Уручча і Чалюскінцаў і Цэнтральным батанічным садзе.
Абарона ад кляшчоў
Самы просты спосаб прадухіліць укус кляшча і для дарослых, і для дзяцей — гэта апранаць на прагулкі за горадам або ў лесе светлую вопратку, якая закрывае рукі і ногі, не забываць пра галаўны ўбор.
Кляшчы не падаюць на людзей з дрэў, яны сядзяць у траве.
Таму штаны пажадана запраўляць у высокія чаравікі або ў шкарпэткі, а месцы для гульняў выбіраць там, дзе трава скошаная.
Спрэі, якія адпужваюць машкару і камароў, не дзейнічаюць на кляшчоў. Ад іх абароняць іншыя сродкі — інсектаакарыцыды. На адзенне дзіцяці іх павінны наносіць толькі дарослыя і толькі па інструкцыі. Сродкаў ад кляшчоў, якія можна распыляць на скуру, пакуль што не існуе.
Укус кляшча не адчуваецца, бо, упіваючыся ў скуру, ён выдзяляе абязбольвальнае.
Чытайце таксама:
Вырасла колькасць выпадкаў хваробы Лайма пасля ўкусу кляшчоў. У якіх раёнах лютуюць кляшчы
Медыкі расказалі, дзе ў Мінску самыя куслівыя кляшчы
Сродкі ад кляшчоў і камароў, што прадаюцца ў краінах ЕС. Якія найлепшыя?