Пуцін: Калі Арменія прызнала, што Карабах — частка Азербайджана, то пра што размова?
Уладзімір Пуцін шматслоўна выказаўся наконт «развароту Арменіі».
12.09.2023 / 13:02
Пустыя паліцы ў адной з крамаў Сцепанакерта (сталіцы Нагорнага Карабаха). Фота: Арцах-ТВ
«Мы прапаноўвалі такі варыянт урэгулявання, пры якім Карабах, Кельбаджарскі і Лачынскі раёны заставаліся б пад юрысдыкцыяй Арменіі», — заявіў Уладзімір Пуцін на пленарнай сесіі Усходняга эканамічнага форуму ва Уладзівастоку, паведамляе news.am.
Адказваючы на пытанне аб «развароце Арменіі», кіраўнік расійскай дзяржавы адзначыў:
«Я не думаю, што ёсць разварот. Мы бачым і разумеем, што адбываецца. Пра гэта можна шмат казаць. Мы прапаноўвалі свае варыянты ўрэгулявання, гэта добра вядома. Арменія кантралявала сем раёнаў, якія пакінула пад сваім кантролем пасля вядомага армяна-азербайджанскага канфлікту.
Мы прапаноўвалі дамовіцца з Азербайджанам такім чынам, каб два раёны — Кельбаджарскі і Лачынскі — фактычна засталіся пад юрысдыкцыяй Арменіі і ўвесь Карабах. Але армянскае кіраўніцтва з гэтым не пагадзілася, хоць мы спрабавалі пераканаць армянскае кіраўніцтва на працягу 10 ці 15 гадоў.
Розныя варыянты, але ў канчатковым выніку ўсё зводзілася да гэтага. На наша пытанне: што будзеце рабіць, нам адказвалі — будзем змагацца. У канчатковым выніку ўсё прыйшло да той сітуацыі, якая цяпер склалася. Але справа не толькі ў выніках апошняга канфлікту. Армянскае кіраўніцтва, па сутнасці, прызнала суверэнітэт Азербайджана над Карабахам.
(…) Гэта рашэнне сённяшняга армянскага кіраўніцтва. А калі так, кажуць нам, то вы зараз усе пытанні, калі вы хочаце чымсьці займацца па Карабаху, павінны з намі вырашаць на двухбаковай аснове. А што нам сказаць, тут і сказаць няма чаго, калі сама Арменія прызнала Карабах часткай Азербайджана.
Адказваючы на пытанне аб прэтэнзіях Арменіі да РФ і АДКБ і неаказанні дапамогі, Пуцін заўважыў: «Калі Арменія прызнала, што Нагорны Карабах — гэта частка Азербайджана, то пра што размова? Ключавы складнік усёй праблемы — статус Карабаха вызначыла сама Арменія. У гэтым жа ўся праблема».
***
Увосень 2020 года ў час вайны паміж Арменіяй і Азербайджанам, якая скончылася перамогай апошняга, Нагорны Карабах страціў частку тэрыторыі, а таксама было вырашана, што Кельбаджарскі, Агдамскі і Лачынскі раёны (паміж Карабахам і Арменіяй) павінны быць вернутыя пад азербайджанскі кантроль.
У снежні 2022 года Азербайджан заблакаваў Лачынскі калідор — адзіную дарогу, якая злучае Арменію і Нагорны Карабах. Па ім у рэгіён дастаўляліся ў тым ліку гуманітарныя грузы і паліва. У сярэдзіне жніўня 2023 года МЗС Арменіі паведаміла пра недахоп вады і харчавання ў Нагорным Карабаху. Азербайджан прапаноўвае гуманітарную дапамогу, але афіцыйны Сцепанакерт наадрэз адмаўляецца, заяўляючы, што ежа можа быць атручаная.
Чытайце таксама:
Масква наважылася на канфрантацыю з Арменіяй
У Арменіі правядуць вайсковыя вучэнні сумесна з ЗША
Залежнасць Арменіі ад Расіі ў сферы бяспекі «была стратэгічнай памылкай» — Пашынян