У Польшчы скандал: па плане абароны 2011 года армія мела адступіць на лінію Віслы
У напружаны час перад выбарамі ў парламент кіруючая партыя выпусціла агітацыйны ролік, у якім паказаны сакрэтны дакумент, што ўтрымлівае план абароны Польшчы
18.09.2023 / 22:10
Адпаведна з «Планам выкарыстання ўзброеных сіл» 2011 года польскія войскі павінны былі адступіць да Віслы. Фота: скрыншот відэа pisorgpl / Х
Дакумент пад назвай «План выкарыстання Узброеных сіл» быў зацверджаны Міністэрствам абароны Польшчы ў 2011 годзе ў той час, калі прэм'ер-міністрам краіны быў Дональд Туск (2007-2014) — лідар партыі «Грамадзянская кааліцыя», якая зʼяўляецца галоўным канкурэнтам кіроўнай партыі «Права і справядлівасць».
Адпаведна з планам польская армія павінна была пакінуць пазіцыі каля мяжы і адступіць за раку Вісла, дзе на працягу 10-14 дзён планавалася ўтрымліваць расійскія войскі да прыходу падмацаванняў НАТА.
Дэманстрацыя канфідэнцыйнага дакумента ў мэтах агітацыі выклікала абурэнне сярод журналістаў і вайсковых аналітыкаў.
Вайсковы аглядальнік Яраслаў Вольскі на сваёй старонцы ў Х звярнуў увагу, што на выяве плана відаць, што ён рассакрэчаны ў ліпені 2023 года. Для апазіцыі гэта доказ таго, што некалі звышсакрэтны дакумент відавочна выкарыстоўваецца як «боепрыпас» у перадвыбарчай кампаніі.
Вольскі адзначае, што дакумент «ні ў якім разе не мусіў быць рассакрэчаны».
Праблема плана ў тым, што адыход за Віслу фактычна азначае здачу 40% польскіх тэрыторый. І «Права і справядлівасць» на гэтым будуе свой ролік:
«Урад Туска ў выпадку вайны быў гатовы аддаць палову Польшчы. План, зацверджаны тагачасным кіраўніком Міністэрства абароны [Багданам] Кліхам, прадугледжваў, што самастойная абарона краіны працягнецца максімальна два тыдні. А праз сем дзён вораг дойдзе да правага берага Віслы. <…> Дакументы выразна паказваюць, што Люблін, Жэшаў і Ломжа маглі б стаць польскай Бучай».
Узамен «Права і справядлівасць» абяцае выбаршчыку абараняць кожны міліметр сваёй тэрыторыі па прыкладзе Украіны.
Вольскі адзначае, што «ацэнка гістарычных дакументаў і падзей з сучаснага стану некарэктная» і нагадвае кантэкст 2011 года. Па яго словах, наступствам знаходжання Кліха на пасадзе міністра абароны стала найбольшае пагаршэнне становішча польскіх Узброеных сіл пасля 1990 года.
Вайсковы эксперт сцвярджае, што ў той час прыярытэтам былі ваенныя місіі, а ў войсках падрыхтоўка аслабла, боегатоўнасць большасці брыгад была ілюзорнай, ішло скарачэнне часцей да трох дывізій на ўсё польскае войска. Годам раней прызыў у войска прыпынілі. Таму ў падраздзяленнях было так мала людзей, што часам «у казарме не было каму зачыніць вокны».
У такіх умовах адыход да Віслы лічыўся «меншым злом». Бо альтэрнатыва — памежная бітва і знішчэнне польскіх узброеных сіл.
«Абараняць усходнюю Польшчу проста не было каму і не было магчымасці, і ў выніку было вырашана зацягваць дзеянні да лініі Віслы і ў выніку аддаць паўночна-ўсходнюю Польшчу (і, магчыма, Варшаву) расіянам», —
піша Вольскі і сцвярджае, што калі з ваеннага пункту гледжання такі план быў бы слушным, то з палітычнага «гэта было б поўным самагубствам».
«Умомант бы зʼявіўся ПКНВ-біс (Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення — НН) і нейкая «Віслянская Народная Рэспубліка», а потым ГДР на біс і падзел краіны на дзве часткі ў рамках рэалпалітык», — тлумачыць аналітык.
«Гістарычна мы хутчэй удачлівая, чым мудрая краіна», — прызнае Вольскі.
Чытайце яшчэ:
У выпадку неабходнасці НАТА перакіне ў Польшчу сто тысяч салдат — Дуда
«Беларусы — гэта немцы Усходу». Польскі разведчык, які займаўся Беларуссю, упершыню даў інтэрв'ю
Польшча траціць на войска больш за іншыя краiны НАТА
Польшча размесціць побач з Беларуссю новую ракетную брыгаду з устаноўкамі HIMARS