Азербайджан назваў, колькі расійскіх міратворцаў загінула ў Нагорным Карабаху

Генпракуратура Азербайджана заявіла аб гібелі 6 расійскіх «міратворцаў» падчас так званых «антытэрарыстычных мерапрыемстваў» у Нагорным Карабаху 20 верасня.

22.09.2023 / 08:30

Расійскія міратворцы ахоўваюць лагер пад Сцепанакертам у Нагорным Карабаху. Тысячы жыхароў Нагорнага Карабаху сцякаліся ў лагер, якім кіравалі расійскія міратворцы, каб пазбегнуць баявых дзеянняў. Фота: Russian Defense Ministry Press Service via AP

«20 верасня групай вайскоўцаў Узброеных Сіл Азербайджанскай Рэспублікі, якія ўдзельнічалі ў лакальных антытэрарыстычных мерапрыемствах на тэрыторыі вёскі Джанятаг Тэртэрскага раёна Азербайджана, з агнястрэльнай зброі быў абстраляны аўтамабіль з дыслакаванымі на гэтай тэрыторыі вайскоўцамі РМК», — паведаміла Генпракуратура Азербайджанскай Рэспублікі ў фэйсбуку.

Згодна з паведамленнем, машыну расійскіх міратворцаў «з прычыны складанага рэльефу мясцовасці і туманна-дажджлівых умоў надворʼя» памылкова прынялі за аўтамабіль «незаконных армянскіх узброеных фармаванняў». Загінулі 5 расіян.

Акрамя таго, у той жа дзень, паводле таго ж паведамлення, у гэтым жа населеным пункце «неўстаноўленыя сябры армянскіх узброеных фармаванняў» абстралялі аўтамабіль «Камаз» расійскіх міратворцаў. Загінуў расійскі вайсковец і адзін атрымаў раненні.

Паведамляецца, што па абодвух фактах узбуджаны крымінальныя справы.

Учора стала вядома, што падчас абстрэлу міратворцаў РФ у Нагорным Карабаху 20 верасня загінуў намеснік камандзіра расійскага кантынгенту, капітан 1-га рангу Іван Коўган і яшчэ некалькі вайскоўцаў.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў прынёс прабачэнні прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну за іх гібель і паабяцаў расследаванне.

Чытайце таксама:

Беларуска расказала, што адбываецца ў Ерэване пасля капітуляцыі Нагорнага Карабаха

Што такое Нагорны Карабах і што армяне з азербайджанцамі там дзеляць

Нагорны Карабах прыняў рашэнне аб капітуляцыі

Nashaniva.com