Адбылася ўцечка інфармацыі аб сакрэтнай калекцыі твораў мастацтва Рамана Абрамовіча. Яе кошт астранамічны

Выданне The Guardian прааналізавала буйную ўцечку з афшорнага бізнэc-рэгістратара на Кіпры і высветліла, што пуцінскі алігарх і мільярдэр Раман Абрамовіч таемна валодае адной з самых каштоўных прыватных творчых калекцый у свеце. Расказваем, што ў ёй.

22.09.2023 / 15:40

Раман Абрамовіч. Фота: AP

Інфармацыі пра калекцыю карцін алігарха Рамана Абрамовіча і ягонай былой жонкі Дар’і Жукавай было не вельмі шмат. Журналісты ведалі толькі некаторыя факты (так, напрыклад, у 2013 годзе яны набылі серыю твораў Іллі Кабакова — самага дарагога з сучасных расійскіх жывапісцаў). Аднак, дзякуючы зліву файлаў афшорнага кіпрскага бізнэс-рэгістратара MeritServus, выданню The Guardian стала вядома пра вялікую таемную калекцыю, якая «магла б стаць сапраўдным музеем».

Журналісты The Guardian высветлілі, што толькі ў 2018 годзе Абрамовічу належала 369 прадметаў мастацтва агульным коштам у 962 мільёны даляраў. Сярод аўтараў карцін сустракаюцца такія прозвішчы, як Малевіч, Пікасо, Бэкан, Фрэйд, Манэ, Магрыт і іншыя.

Самы дарагі элемент калекцыі — «Трыпціх» Фрэнсіса Бэкана, напісаны ў 1976 годзе. Абрамовічы набылі яго ў 2008 годзе на аўкцыёне Sotheby’s. Ацэначны кошт карціны ў злітых афшорных дакументах — 86,3 мільёна даляраў.

«Трыпціх», Фрэнсіс Бэкан, 1976. Фота: Wikimedia Commons

Акрамя «Трыпціха» ў прыватным «музеі» алігарха можна сустрэць такія карціны, як: 

Карціна Малевіча, дарэчы, была выстаўлена на аўкцыён у 2000 годзе, дзе невядомы набыў яе за 17 мільёнаў даляраў, а з файлаў MeritServus вядома, што ў 2013 годзе карціна ўжо належала Абрамовічу.

Сама таемная калекцыя карцін была запісаная на заснаваную на Брытанскіх Віргінскіх астравах кампанію Seline-Invest, якая ў сваю чаргу кантралюецца кіпрскім трастам Ermis Trust Settlement, чыім адзіным беніфіцыярам пасля заснавання ў 2010 годзе быў сам Раман Абрамовіч.

Калекцыю мастацтва заходнія санкцыі пакуль не закранулі, бо асноўная доля маёмасці належыць менавіта былой жонцы мільярдэра Дар'і Жукавай.

Тым не менш пагроза ўсё яшчэ застаецца. У цяперашні час украінскія ўлады складаюць спіс твораў мастацтва, якія належаць алігархам з атачэння Пуціна. Яны плануюць канфіскаваць карціны, прадаць іх, а атрыманыя грошы накіраваць на аднаўленне Украіны.

Чытайце таксама:

Падчас вайны Пуцін заклапочаны новай яхтай. У гэтым яму насустрач ідуць еўрапейцы ФОТЫ

Мінфін ЗША: Расійскія алігархі ведалі пра дату ўварвання і кінуліся перапісваць свае актывы на сваякоў

«Так, гэта вялікая памылка, але высвятляць, хто вінаваты, а хто не, — вельмі небяспечна». Найбагацейшы расіянін, які родам з Беларусі, паспрабаваў апраўдацца за вайну

Nashaniva.com