Выйшла кніга «Круглая Square» Вала Клемэнта — іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі

Калі дарослы чалавек, юрыст, эмігруе ў чужую краіну, з цалкам іншай сістэмай права, мовы якой не ведае — у яго ўсё можа скласціся добра. Як у героя кнігі Вала Клемэнта, якую выдала выдавецтва Gutenberg Publisher.

22.09.2023 / 18:22

Геня Руд, галоўны герой рамана, нарадзіўся ў Менску і палову жыцця пражыў на Круглай плошчы (цяпер плошча Перамогі). Ад «Дзюшэса» да цукерак «Чырвоны мак» — усе радасці савецкага дзяцінства былі яму даступныя, адрозна ад магчымасці проста адкрыць візу і паехаць у капіталістычны свет. Але вось ён ужо п’е India Pale Ale недзе ў ваколіцах Trafalgar square і прапануе нам усім аптымістычна глядзець у будучыню: аднойчы ён ужо назіраў, як разваліўся сімбіёз выпраўленча-працоўнага лагера з казармай і калгасам.

Як піша ў сваёй рэцэнзіі на твор Уладзімір Арлоў:

«Гэты раман — нязменна дасціпны, вельмі асацыятыўны, з элементамі антыўтопіі, вясёлы і гаркаваты, саркастычны і часам цынічны, прасякнуты гумарам, іроніяй і, што самае галоўнае, самаіроніяй, якая ёсьць найлепшым сродкам самаабароны, — не дазволіць вам засумаваць. А як вядома, няхай жыве любы жанр, апрача сумнага!»

Кніга прадаецца на сайце выдавецтва, а таксама афлайн у Вільні.

Вал Клемэнт (сапраўднае імя Васіль Еўдакімаў) нарадзіўся ў 1957 годзе ў Мінску ў сям'і выкладчыкаў ВНУ.

Скончыўшы юрыдычны факультэт БДУ, па размеркаванні трапіў на працу ў органы пракуратуры Мінска. Праз пэўны час аўтар з палёгкай развітаўся з пракуратурай, а пракуратура з палёгкай развіталася з аўтарам.

Пасля таго ён абараніў дысертацыю на званне кандыдата юрыдычных навук і ўладкаваўся выкладчыкам на родны юрфак. У 1990 годзе быў запрошаны на працу ў адну з вядучых юрыдычных фірмаў Вялікабрытаніі ды пераехаў у Англію, што дало яму магчымасць набыць досвед заходняй юрыдычнай практыкі, вывучыць беларускую мову і паглядзець іншы, незнаёмы свет. Жыве ў Лондане.

Чытайце таксама:

Надрукавалі адрыўны каляндар «Наш край» на 2024 год

У Даніі выйшла анталогія беларускай літаратуры

Выйшла кніга вершаў Андрэя Хадановіча з перакладамі на літоўскую мову

Nashaniva.com