Качанава не гатовая быць прэзідэнтам, у яе непераадольная перашкода

Сёння на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі праграму «100 пытанняў даросламу», у якой дзеці задаюць пытанні запрошаным гасцям. Госцяй гэтага выпуску стала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, у якой запыталіся, ці можа быць роўнасць мужчын і жанчын у палітыцы.

25.09.2023 / 23:41

«Вядома, гэта мужчынская справа, несумненна. Але, вы ведаеце, палітыка — гэта складаная, насамрэч, справа, якой даводзіцца займацца і жанчынам. І вось цяпер, у сучасным свеце, усё больш жанчын займаецца палітыкай, у палітыцы. І, мне здаецца, гэта правамерна, гэта правільна», — адказала Качанава.

На пытанне ж, ці можа жанчына стаць прэзідэнтам, Качанава адказала, што так: 

«Такія ж прыклады ёсць. Ёсць жанчыны, якія прэзідэнты сёння краіны». Але «ўсё гэта залежыць ад таго, якая гэта краіна, якія задачы вырашаюцца ў гэтай краіне». 

У Беларусі ж вырашаюцца такія задачы, што пол чалавека для заняцця вышэйшай пасады з'яўляецца ці не вырашальнай якасцю.

«Калі браць нашу краіну, то я лічу, што, вядома, мужчына павінен быць ва ўладзе, узначальваць краіну. Чаму? Таму што ў нас, ведаеце, прэзідэнт — гэта не проста прадстаўнічыя функцыі, у нас гэта карпатлівая штодзённая, штосекундная праца, клопат пра людзей, пра чалавека. І таму, вядома, гэта вельмі складана», —

адзначыла Качанава, асоба якой часта ўсплывае як нібыта адзін з магчымых колішніх пераемнікаў Лукашэнкі.

Таксама пры гэтай нагодзе Качанава падзялілася сваім разуменнем патрыятызму:

«Патрыятызм — гэта ж не ўзяць сцяг і хадзіць з ім. Але калі трэба — устаць і пайсці. І трэба не аднаму, а сабрацца ўсім разам, устаць і сказаць, што вы за сваю краіну, за сваю Беларусь. Вось што значыць патрыятызм».

Хоць ёсць і іншы варыянт:

«Я кожны вечар думаю: правільна я зрабіла ці няправільна, і пераасэнсоўваю ўсё. І калі ты разумееш, што зрабіў усё правільна, ты сам з сабой у згодзе, — гэта і ёсць патрыятызм».

Патрыятычнасць Качанавай праяўляецца сярод іншага і ў выключнай вернасці нацыянальнай валюце:

«Ведаеце, да нядаўняга часу ў мяне зберажэнняў не было. Толькі ў апошнія паўгода я стала адкладаць пенсію — назапашваю ў беларускіх рублях. Усё, што ў мяне ёсць, — гэта выключна беларускія рублі. Іншай валюты ў мяне няма».

Чытайце таксама:

Чатыры акны магчымасцяў і чаму ставіць на Качанаву — «Ток» з Вадзімам Пракоп’евым

Наталля Качанава пра будучыя выбары: Спакойна нам жыць не дадуць

Наталля Качанава знайшла ментальна блізкі народ беларусам

Nashaniva.com