Ліміты на мяжы ў 1000 еўра працягнулі яшчэ на паўгода. Збіраліся скараціць напалову

Планавалася, што з 1 кастрычніка для беларусаў мусілі значна зменшыцца бязмытныя ліміты правозу тавараў на мяжы — з 1000 да 500 еўра. Тое ж самае мела тычыцца і міжнародных пасылак. Але пакуль што зрабілі адтэрміноўку.

26.09.2023 / 22:13

Фота ілюстрацыйнае

Сёння, 26 верасня, на пасяджэнні Рады Еўразійскай эканамічнай камісіі актуальныя нормы працягнулі да 1 красавіка 2024 года.

Цяпер, калі чалавек перасякае мяжу ў наземных пунктах пропуску, бязмытна ён можа завезці тавары, кошт якіх не перавышае эквівалент 1000 еўра, а вага не большая за 31 кг. Ва ўсіх выпадках гаворка ідзе пра рэчы для асабістага карыстання.

Пры замове міжнародных пасылак аналагічныя правілы: кошт не павінен перавышаць суму, эквівалентную 1000 еўра, і вага не большая за 31 кг.

Калі чалавек ляціць самалётам, то ліміты прыкметна вышэйшыя — 10 000 еўра і 50 кг. Такія правілы ўвялі вясной 2022-га на паўгода, потым некалькі разоў падаўжалі.

Калі б Еўразійская эканамічная камісія сёння не прыняла ніякіх дадатковых рашэнняў, то з 1 кастрычніка аўтаматычна пачалі б дзейнічаць новыя ліміты: у наземных пунктах пропуску — 500 еўра і 25 кг; для міжнародных пасылак — 200 еўра і 31 кг. Гэта азначае, што ліміт па кошту пры перасячэнні мяжы скараціўся б у 2 разы, ліміт па вазе — з 31 кг да 25 кг. Для пасылак жа ліміт па коштах мог зменшыцца аж у 5 разоў, але дазволеная вага заставалася б ранейшай. Толькі пры пералётах на самалёце ліміты і раней планавалася захаваць ранейшымі (10 000 еўра і 50 кг).

Калі кошт ці вага ліміт перавышаюць, тады уладальнік грузу мусіць плаціць мыта. 

Чытайце таксама:

Не ўсё так радасна, як можа здацца. Якія пошліны на аўто існуюць у ЕС

Банкаўскія карткі для паездак за мяжу. Што прапануюць беларускія банкі

«Даведалася, што выклікаюць у КДБ». Як айцішнікі вывозілі грошы ў 2023 годзе

Nashaniva.com