«Маладыя спецыялісты з ахвотай размяркоўваюцца». Мінздароўя выказалася пра першае працоўнае месца для студэнтаў-медыкаў
«Моладзь бачыць, што ў рэгіёнах, у малых раёнах таксама квітнее ахова здароўя, там ёсць сучасныя бальніцы, аснашчаныя найноўшым абсталяваннем», — пераконвае чыноўніца ад Міністэрства здароўя.
27.09.2023 / 11:21
Вольга Калюпанава. Фота: БелТА
Пасля прафарыентацыі маладыя спецыялісты з ахвотай размяркоўваюцца. Пра гэта БелТА паведаміла начальніца Галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы і прафесійнай адукацыі Міністэрства аховы здароўя Вольга Калюпанава.
«Прафарыентацыя студэнтаў-медыкаў пачынаецца ўжо з першага курса. (…) Прафарыентацыйная дзейнасць ставіць за мэту выезды студэнтаў медыцынскіх універсітэтаў, асабліва выпускных курсаў, на экскурсіі ў арганізацыі аховы здароўя.
Летась яны пабывалі практычна ўсюды, студэнты ўбачылі на месцах, як жыве калектыў установы, ці ёсць прывабныя моманты ў кожнай цэнтральнай раённай бальніцы, і якія.
Таксама на сустрэчы са студэнтамі ва ўніверсітэты прыязджалі галоўныя дактары цэнтральных раённых бальніц з прэзентацыямі, моладзь бачыла, што ў рэгіёнах, у малых раёнах таксама квітнее ахова здароўя, там ёсць сучасныя бальніцы, аснашчаныя найноўшым абсталяваннем.
Пасля гэтага яны не палохаюцца, калі даводзіцца ехаць працаваць не ў сталіцу, а, напрыклад, у Валожын, у Вілейку ці ў іншыя рэгіёны. У гэтым годзе ў нас з размеркаваннем праблем не было, людзі ведалі, куды едуць, былі знаёмыя з калектывамі і з задавальненнем размяркоўваліся», — распавяла Вольга Калюпанава.
Яна таксама падкрэсліла важнасць супрацы з прафсаюзамі.
«Міністэрства аховы здароўя актыўна супрацоўнічае з беларускім прафсаюзам работнікаў аховы здароўя. Мы пачалі з тарыфнага пагаднення паміж ведамствам і прафсаюзам, унеслі шмат нормаў для маладых спецыялістаў. Па-першае, заканадаўча пастановай Міністэрства аховы здароўя зацверджана, што кожнаму маладому спецыялісту ідзе надбаўка 30% да заробку, доктару-інтэрну — 20% да заробку, калі гэта выпускнік-медаліст, ці ён з банка даных адоранай моладзі, або стыпендыят, то яму належыць 50%.
(…) Акрамя таго, у нас ёсць сістэма настаўніцтва. Сёлета мы ўпершыню замацавалі ўжо загадам Міністэрства аховы здароўя і ў калектыўныя дамовы ўнеслі заахвочванне настаўнікаў — ад 40% да 60%. Чым лепш настаўнік адаптаваў маладога спецыяліста, тым большы ў яго працэнт надбаўкі да заробку.
Штогод у нас праводзіцца конкурс «Найлепшы настаўнік». Сёлета мы ўвялі заахвочванне граматамі і матэрыяльнымі прызамі ад прафсаюзаў. Таксама ў нас штогод праводзяцца пасвячэнні ў прафесію, дзе прафсаюзы прымаюць актыўны ўдзел з прызамі, канцэртамі, конкурсамі, каб малады спецыяліст лепш адаптаваўся ў калектыве»,— праінфармавала начальнік Галоўнага ўпраўлення.
Вольга Калюпанава адзначыла, што ва ўсіх такіх мерапрыемствах у аснову кладзецца маральны клімат у калектыве.
«Колькі б мы не заахвочвалі, колькі б не давалі кватэр, але калі ў калектыве маральны клімат не вельмі і кіраўнік не надае гэтаму ўвагі, то мы не ўтрымаем маладога спецыяліста ні кватэрай, ні заробкам. Ён будзе старацца сысці ў іншы калектыў. У гэтым годзе мы ўдзяляем гэтаму асаблівую ўвагу. У гэтым нам дапамагаюць розныя мерапрыемствы.
Маладыя спецыялісты настолькі актыўныя: яны і помнікі акультурваюць, і ў конкурсах удзельнічаюць, у гэтым годзе для іх было праведзена «Студабачанне» — гэта такі конкурс талентаў. Прафсаюзамі вельмі актыўна праводзяцца розныя спартыўныя мерапрыемствы, дадала Вольга Калюпанава.
Таксама яна распавяла пра створаную пры Міністэрстве аховы здароўя Рэспубліканскую моладзевую раду.
«Іх лінія працы ў тым ліку тычыцца маладых спецыялістаў, бо не заўсёды малады спецыяліст адкрыецца маніторынгавай групе, прадстаўніку Міністэрства аховы здароўя, спецыялісту вобласці — для арганізацыі яны з'яўляюцца кантралёрамі, таму цяпер мы падключылі да гэтай працы моладзевую раду. Ужо распрацаваны графікі выездаў, будуць арганізаваны сустрэчы з маладымі спецыялістамі ў нефармальнай абстаноўцы. Будуць глядзець, ці добра жыве малады спецыяліст, якое яму жыллё далі і гэтак далей», — рэзюмавала чыноўніца ад Мінздароўя.
Чытайце таксама:
Выпускнік-медык за адмову ад размеркавання заплаціць мінімум 60 тысяч рублёў
«Без іх рашэння не возьмуць нават у санітаркі». У бальніцах цяпер ёсць свае ідэолагі