Цукеркі ад Мікалая Лукашэнкі па кітайскім рэцэпце будуць пастаўляць у школы: «У адным пакуначку — шклянка малака»
Кандытарская фабрыка «Камунарка» плануе пачаць пастаўку дражэ з сухога малака камбінатам школьнага харчавання. Аб гэтым заявіў генеральны дырэктар прадпрыемства Сяргей Анюхоўскі ў інтэрв'ю БЕЛТА.
27.09.2023 / 13:25
«На даручэнне кіраўніка дзяржавы мы ўзяліся за праект па вытворчасці цукерак з сухога малака. У пэўнай ступені мы глядзім на досвед кітайскіх вытворцаў. Там гэты прадукт шырока прадстаўлены на рынку, — сказаў Сяргей Анюхоўскі. — Таму заказваем абсталяванне і працуем над цукеркай».
Дражэ з сухога малака ўжо можна ўбачыць у фірменных магазінах «Камунаркі». Неўзабаве імі пачнуць частаваць школьнікаў.
«У найбліжэйшы час пачнем пастаўляць фасаванае па 50 грам малочнае дражэ камбінатам школьнага харчавання — гэта тыя самыя цукеркі з высокім утрыманнем сухога малака (амаль 40 працэнтаў ад намінальнай вагі цукеркі)», — расказаў генеральны дырэктар фабрыкі.
Як сцвярджае намеснік начальніка аддзела маркетынгу і рэкламы фабрыкі «Камунарка» Ірына Мацыгуд, у Кітаі пакаленне дзяцей ужо выхавана на таблеціраваных цукерках з сухога малака. Іх ужываюць у якасці перакусу.
«Мы таксама падрыхтавалі ўзоры і ў хуткім будучым будзем працаваць у гэтым напрамку. Акрамя таго, зʼездзіўшы ў Кітай, мы знайшлі новы прадукт — гэта наша дражэ «Дзіцячыя гісторыі», якія зусім нядаўна зʼявіліся на паліцах нашых крам. Дражэ вырабляецца на плошчах фабрыкі «Чырвоны харчавік». Яно зроблена сумесна з Навукова-практычным цэнтрам па харчаванні.
Дражэ зусім не салодкае. У адным пакеце (50 грам) змяшчаецца адна шклянка малака, што вельмі класна, — звярнула ўвагу Ірына Мацыгуд. — Для таблетак патрэбна новая лінія, а дражэ мы можам выпускаць ужо зараз. Таму мы хутка сабраліся і зрабілі добры прадукт».
Зрабіць цукеркі, аналагічныя кітайскім, патрабаваў Лукашэнка ў ліпені. «Мікалай прывёз мне іх з Кітая, я пакаштаваў сам. Вядома, гэта не для мяне. Але дзеці, маленькія дзеці з найвялікшым задавальненнем ядуць гэты ласунак. Чаму мы не можам рабіць гэта і прадаваць? І, галоўнае, сваіх людзей забяспечыць», — сказаў ён.
Чыноўнікі хутка адрэагавалі на даручэнне і неўзабаве выпусцілі пробную партыю.