Памятаеце мужчыну, які два месяцы жыве ў мінскім аэрапорце? Вось што пра яго стала вядома

У пасажыра, які больш за два месяцы жыве ў аэрапорце Minsk, знайшліся сваякі. Аказалася, што гэта не першы выпадак, калі мужчына падоўгу затрымліваўся ў тэрміналах, піша Onliner.

28.09.2023 / 09:54

Тыдзень таму мы расказалі гісторыю Юрыя. Яму 50 гадоў, ён грамадзянін Расіі. Паводле яго слоў, у беларускім аэрапорце заставацца не планаваў: купіў білет, але тарыф не прадугледжваў вялікі багаж. Даплаціць розніцу ў мужчыны не ўдалося.

Так ён затрымаўся ў аэрапорце на некалькі месяцаў. Увесь гэты час з харчаваннем дапамагалі супрацоўнікі аэрапорта і працаўніца царкоўнай крамы.

Інфармацыю аб незвычайным пасажыры супрацоўнікі аэрапорта перадалі ў Мінскі аддзел унутраных спраў на паветраным транспарце. Журналісты звярнуліся па каментар.

— Супрацоўнікі рэгулярна правяраюць дакументы, з пашпартам у пасажыра ўсё ў парадку, ён не парушае грамадскі парадак, — растлумачыла начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Наталля Ганусевіч. — У Беларусі з Расіяй падпісана пагадненне, якое дазваляе расіянам знаходзіцца ў нашай краіне 90 дзён без рэгістрацыі. Але калі іншаземец захоча перавысіць гэты тэрмін, яму неабходна атрымаць дазвол на часовае або пастаяннае пражыванне ў залежнасці ад мэт уезду. Грамадзянам Расіі дазвол выдаецца на рукі, там указваецца прозвішча, імя, імя па бацьку замежніка, яго дата нараджэння, установачныя даныя і адрас, па якім ён павінен пражываць. Дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі дазволіць грамадзяніну легальна знаходзіцца ў краіне больш за 90 сутак, аднак не больш за 1 год.

Пазней стала вядома, што супрацоўнікі МУС змаглі звязацца са сваякамі Юрыя.

Яны паабяцалі перавесці грошы на білет і дапамагчы вярнуцца дадому. Са слоў сямʼі, мужчына і раней ляцеў у іншыя краіны, але замест экскурсій па славутасцях аддаваў перавагу заставацца ў аэрапорце і жыць там месяцамі.

Nashaniva.com