Чаму не паляцеў туды, куды хацеў?

Юрый сядзіць у зоне чакання і глядзіць вялізны тэлевізар з рэкламай. Складана падлічыць, колькі разоў за гэтыя месяцы ён перагледзеў адны і тыя ж ролікі. Побач з ім некалькі пакетаў, а недзе ззаду прыпаркаваліся чамадан і сумка — гэта ўсё яго рэчы. На выгляд мужчыну каля 50 гадоў (пазней ён пацвердзіць, што з узростам адгадалі). Апрануты проста: штаны, тоўстая кашуля, кепка. На твары — барада з сівізной. Вока зачапілася за фірмовыя красоўкі — праўда, падробка гэта ці арыгінал, удакладняць не сталі.

На размову Юрый выходзіць лёгка, а вось фатаграфавацца адмаўляецца.

Па словах мужчыны, ён прыляцеў з Шарамеццева. Мінск планаваўся як прамежкавы пункт маршруту (тут не зусім зразумела: ці то ў Турцыю, ці то ў Францыю). Аднак на рэйс мужчыну не пусцілі з-за лішку багажу. Так ён і затрымаўся ў аэрапорце: грошай на новы білет не было.

На думку Юрыя, у Беларусі ён каля паўтара месяца. Па словах тых, хто распавёў яго гісторыю, — дакладна больш за два.

У Мінску мужчына не першы раз: ведае, што з будынка аэрапорта ісці няма куды. Таму вырашыў застацца тут і чакаць, пакуль яму прыйдуць грошы на картку. На іх плануе купіць білет да Турцыі. А пакуль з «забавак» — ролікі на вялікім экране. Яшчэ ёсць магчымасць схадзіць у невялікую капліцу проста ў аэрапорце. Юрый прыгадвае: як толькі прыляцеў сюды, пайшоў ставіць свечку. А ўвогуле, ён вельмі веруючы чалавек.

Тыя, хто ўжо меў зносіны з незвычайным пасажырам, расказваюць, што быццам мужчына згадваў пра сына, які жыве ў ААЭ. Магчыма, Юрый трымае шлях туды? Але ён гэта абвяргае. Са сваякоў у яго браты ў Расіі, клічуць іх Аляксей і Андрэй. Сваіх бацькоў мужчына, паводле яго слоў, некалі адрокся, таму размова пра іх заходзіць у тупік.

 

А пашпарт ёсць?

Гісторыя мужчыны нагадвае сюжэт фільма «Тэрмінал», дзе герой Тома Хэнкса быў вымушаны жыць у аэрапорце з-за праблем з дакументамі. Як кажуць тыя, хто меў зносіны з Юрыем, у яго ёсць расійскі пашпарт. У размове мужчына пацвярджае: жыў у Маскве. Калісьці вучыўся на інжынера ў інстытуце таксама недзе ў Расіі, але пацвердзіць, што мае расійскі пашпарт, адмаўляецца.

Таксама з яго слоў даведваемся, што мае інваліднасць. Магчыма, гэта звязана з ментальнымі асаблівасцямі: у мужчыны перыядычна здараюцца эпізоды адвольнага руху рукамі і ў размове ён часта ўзгадвае нейкія дзіўныя падзеі.

Для сувязі са светам у Юрыя ёсць тэлефон. Праўда, цяпер ён разраджаны, а што здарылася з зарадкай, мужчына растлумачыць не змог. Кажа, што ягоны нумар папрасіла нейкая жанчына: абяцала дапамагчы.

Наогул, па словах Юрыя, у аэрапорце яго ніхто не крыўдзіць. Пасажыры могуць падысці, прапанаваць вады ці купіць нешта з ежы. У пацвярджэнне гэтаму побач стаіць пакет, поўны пластыкавых бутэлек з-пад газіроўкі. А вось што ў яго чамаданах, якія перашкодзілі мужчыну паляцець далей, застаецца загадкай.

 

Што гавораць у аэрапорце?

Для каментара наконт такой незвычайнай сітуацыі журналісты звярнуліся ў прэс-службу Нацыянальнага аэрапорта Мінск. І вось што там адказалі:

— Каля двух месяцаў у аэрапорце знаходзіцца грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Па словах мужчыны, ён не паляцеў з мінскага аэрапорта з-за лішку багажу. Грашовых сродкаў на аплату звыш нормы не хапала, таму ён прыняў рашэнне чакаць пералічэння грашовых сродкаў з Расіі ў аэрапорце. Спачатку мужчына паведаміў, што накіроўваецца ў Белгарад, аднак праз нейкі час яго планы, відаць, змяніліся, і пунктам прызначэння стала Францыя. На гэты момант мужчына яшчэ знаходзіцца ў аэрапорце і, паводле яго слоў, чакае выплаты пенсіі, каб купіць білет у Стамбул.

Увесь гэты час мужчыну дапамагалі з харчаваннем працаўніца царкоўнай крамы і неабыякавыя супрацоўнікі аэрапорта, якія жадалі падтрымаць чалавека ў складанай сітуацыі.

Клас
5
Панылы сорам
34
Ха-ха
6
Ого
13
Сумна
23
Абуральна
10