Сёння ў Светлагорску смярдзіць. Прадпрыемства паведаміла пра выкід газаў

28 верасня на Светлагорскім ЦКК адбыўся «кароткачасовы выкід смуродных газаў». Пра гэта паведаміла само прадпрыемства, патлумачыўшы здарэнне тэхнічнымі прычынамі.

28.09.2023 / 13:58

«Парушэнняў гранічна дапушчальных нормаў утрымання шкодных рэчываў у паветры не зафіксавана. Пагроз населеным пунктам няма», — паведамляе прэс-служба прадпрыемства.

Згодна з паведамленнем, Светлагорскі ЦКК працуе ў штатным рэжыме.

Пра ўчарашні дзень у паведамленні нічога не гаворыцца. Між тым яшчэ ўчора пра смурод у горадзе паведамляла «Гомельская вясна».

«Некалькі гадзін запар немагчыма дыхаць амаль ва ўсіх раёнах горада», — пісаў канал.

Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат месяц таму аднавіў вытворчасць сульфатнай беленай цэлюлозы, выпуск якой быў прыпынены пасля выбуху 7 чэрвеня. У той дзень у цэху выпаркі шкіпінару ў час правядзення прафілактычных і рамонтных работ адбыўся выбух. Тры чалавекі загінулі, два атрымалі цялесныя пашкоджанні. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкула аб парушэнні правілаў бяспекі.

Светлагорскі тэлеканал «Ранак», які першым паведаміў пра здарэнне, быў разгромлены ўладамі: супрацоўнікі былі затрыманыя, а канал з сацсеткамі прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. 

Nashaniva.com