Японскі чай матча (маця): чым ён карысны і як гатаваць
Калі вы стаміліся ад кавы, але хочаце бадзёрасці, гэты варыянт можа вам спадабацца. На што звяртаць увагу пры выбары чаю матча?
01.10.2023 / 12:00
Фота: Freepik.com
У яго тонкі водар зялёнага чаю, трохі гаркаваты травяны смак і прыемны светла-зялёны колер. Гэты напой дае зарад бадзёрасці, але робіць гэта не імгненна, як кава, а трохі павольней. Да таго ж ён не выклікае прыступаў сэрцабіцця і трывожнасці, а, наадварот, дзейнічае заспакаяльна, але пры гэтым павышае канцэнтрацыю.
Матчу вырабляюць з лісця кустоў, адмыслова зацененых цыноўкамі, — гэтая тэхналогія адрозніваецца ад вырошчвання відаў чаю, прызначаных для вытворчасці, напрыклад, ад чаю сенча, які расце пад адкрытымі прамянямі сонца. Мінімум за два-тры тыдні да збору ўраджаю кусты хаваюць ад сонца, што запавольвае іх рост. Лісце становіцца бледна-зялёным і вырабляе амінакіслоты, якія робяць гарбату больш салодкай і духмянай. Сабранае лісце сушаць, а затым здрабняюць у парашок.
У Японіі лекавае выкарыстанне матчы ўключаюць у праграму прафілактыкі атлусцення і лячэння скурных захворванняў. Група японскіх навукоўцаў даказала, што матча таксама станоўча ўплывае на трывожныя станы.
На што звяртаць увагу пры выбары матчы?
Парашок павінен быць ярка-зялёнага колеру. Цьмянае адценне можа быць прыкметай нізкай якасці прадукту. Пачак гарбаты мусіць быць непразрысты і паветранепранікальны, каб пазбегнуць трапляння прамых сонечных прамянёў, лішняга паветра і вільгаці. Высакаякасны чай матча не гарчыць і не вяжа. Горыч таксама можа з’явіцца з-за няправільнага спосабу захоўвання, таму звярніце ўвагу на парады па гатаванні.
У традыцыйных рытуалах матча гатуецца з дапамогай трох прадметаў — спецыяльнага керамічнага кубка (чаван), бамбукавай калатоўкі для ўзбівання (часэн) і бамбукавай лыжкі (цясаку). Фота: Pixabay
Як зрабіць матчу без малака
- чай матча — 2 г
- вада — 80 мл
- бамбукавая калатоўка або электрычны капучынатар
- сіта
Як гатаваць:
- Прасейце парашок матчы ў кубак, выкарыстоўваючы сіта, каб разбіць вялікія камякі гарбаты.
- Дадайце гарачую ваду (75-85 градусаў) да парашку, паступова памешваючы.
- Узбівайце чай на працягу трох хвілін W-падобнымі рухамі калатоўкай ці капучынатарам да з’яўлення густой пены.
Як зрабіць матчу-латэ на раслінным малацэ
- чай матча — 1 ч.л., або 3 г
- вада — 80 мл
- міндальнае малако — 150 г
- сіта
Як гатаваць:
- Дадайце парашок матчы ў кубак, прасейваючы праз сіта, каб растрэсці вялікія камякі чаю.
- Дадайце гарачую ваду (80 градусаў) да парашку, паступова памешваючы калатоўкай (можна ўзбіць капучынатарам). Узбівайце чай на працягу трох хвілін да з’яўлення густой пены.
- Падагрэйце малако, але не даводзьце да кіпення. Узбіце з дапамогай блендара ці капучынатара да з'яўлення пены.
- Тонкім струменьчыкам уліце гарачае малако ў гарбату.
Важна піць матчу-латэ адразу пасля гатавання, каб парашок не асядаў на дно кубка і напой не траціў смаку.
Чытайце таксама:
Як заварваць зялёную гарбату? Вось што важна ўлічваць
6 здаравейшых за каву напояў, якія ўзбадзёраць з раніцы
На літоўска-беларускай мяжы затрымалі жанчыну з канаплянай гарбатай
«Не ведаеш — не бяры, першае правіла траўніка». Якая на смак беларуская гарбата?