Здароўе11

«Не ведаеш — не бяры, першае правіла траўніка». Якая на смак беларуская гарбата? 

«Гарбата ці кава?» — гэтае пытанне па некалькі разоў на дзень задае сабе, мабыць, кожны з нас. Кава бадзёрыць раніцай. Гарбата сагравае, лечыць і суправаджае доўгія гутаркі. Але ёсць яшчэ адна гарачая альтэрнатыва, пра якую мы часта забываемся, — травяная гарбата, сцвярджае партал «Слушна».

Кожны беларус хоць раз зімой заварваў ліпу, маліну, мяту. Рамонак наогул, здаецца, панацэя ад усіх хвароб — ім палошчуць горла, лечаць прастуду, здымаюць раздражненні на скуры, п'юць у якасці заспакаяльнага сродку.

Партал «Слушна» вырашыў паглядзець на пытанне «беларускай гарбаты» шырэй. Разам з траўніцай, рамесніцай Таццянай Сіткевіч яго супрацоўніца пагаварыла пра самы папулярны аналаг чорнай гарбаты, які расце ў Беларусі (і не толькі), як самастойна нарыхтаваць яе летам, чым замяніць рамонак і як правільна заварваць гарбату, каб не нашкодзіць сабе.

«Пайду гарбаты навару»

Аднаго толькі чайнага посуду на кухні траўніцы — вочы разбягаюцца! Шкляны, керамічны, фаянсавы, медны заварнікі. Піялкі рознага аб'ёму, пра колеры і расказваць няма чаго. Шклянкі з разьбой і без, падсітак і лыжачкі… Ступка, каб растаўчы спецыі, падносы, лапаткі для гарбаты. Няма тут хіба што звыклых кубкаў.

— Мой тата з Мары Эл, і я, на здзіўленне, добра памятаю сваё дзіцячае падарожжа туды. У іх на кухні асобна стаіць маленькі стол, як кававы па памеры, толькі гарбатны. Горкамі на ім выстраеныя піялы самых розных памераў і з разнастайнымі кветкамі. Для кожнай нагоды свая, нават для часу сутак — свая. Што гэта за сподачкі такія маленькія, нібы лялечныя, мне было вельмі цікава. Разглядала іх, круціла. Адтуль мая любоў да посуду і эстэтыкі чаявання. Кітайскія чайныя піялы — для зялёнай гарбаты, чырвонай, белай. Са шклянак п'юць арабы, ратуюцца гарбатай у спякоту. Мне падабаецца даведвацца, як п'юць гарбату ў іншых краінах, і з кожнага падарожжа імкнуся прывезці навінкі для сваёй калекцыі.

— Гэта праўда прыгожа і зачароўвае. А як у такія піялы патрапіла твая беларуская гарбата?

 Гэта ад бабулі. Усё лета дзіцем праводзіла ў яе на Палессі. Яна заўсёды казала «пайду, гарбаты навару» або «пайду, гарбату пастаўлю». Сама ішла па агародзе і як быццам шчыпала траву, лісцік таго, лісцік таго зрывала. Парэчка, агрэст, маліна, мята… Яна ад студні да хаты пакуль даходзіла, жменьку лісцікаў збірала. У каструльку скідвала, вадой залівала і за засланку ў печ ставіла. Ягады часта дадавала. Неяк інтуітыўна яна збірала кампазіцыі для гарбаты і ўзвараў.

Я са школы вельмі любіла біялогію і хімію, паступова ўнікала. Але да ўсвядомленага пітва, назавём гэта так, прыйшла нашмат пазней. Спачатку была крамная, прамысловая гарбата — чорная ці зялёная, усё роўна, з бясконцай колькасцю смакаў, дабавак, араматызатараў. Адкрываеш любы слоік, а табе пах прама «б'е» ў нос. Знаёма? Адразу зразумела — ненатуральныя пахі. Больш за тое, калі пачытаць, чым яны араматызуюць, гэта не пра здароўе. Смажаны, салодкі, але не карысны смак. На шчасце, цяпер людзі сталі больш думаць, што ядуць і п'юць, гэта вельмі радуе. Як вядома, што пакладзеш у сябе, тое і атрымаеш.

Шафа, у якой жыве лета

Траўніцай наша гераіня стала, калі перабраліся сям'ёй жыць на вёску сем гадоў таму, дзе ўсё квітнее і пахне — на вачах, побач. Пачала нарыхтоўваць травы для сям'і, потым для сяброў, потым для сяброў сяброў. І настолькі захапілася ды палюбіла гэты працэс, што падвучылася і пачала сама складаць гарбатныя купажы. Збірала травы, якія растуць на суседнім лузе, у полі, у лесе.

— Мне сяброўкі летам пішуць, што ў кабінеце так душна працаваць, а ў мяне тут выдатна! Мой працоўны кабінет — лугі, палі, лес! Сезон нарыхтоўшчыка кароткі, трэба ўсё паспець. Складана, калі шмат травы збіраеш за адзін дзень. Усё перабраць, высушыць, прасачыць.

З часам Таня пачала і сама вырошчваць травы, так з'явіўся каля агарода гарбатны садок!

— Першапачаткова было 10 гатункаў мяты, за адну зіму вымерзлі два, за другую яшчэ два, засталося шэсць. Тры гатункі ісопу. Класная трава, я ўсіх знаёмых ёй ратавала ад паслякавіднага кашлю. Шалфей буду падсаджваць. Яшчэ мацярдушка выдатна расце, эстрагон, амарант, календула, рамонак, фенхель і чабор.

Усё добра высушанае, амаль як свежае, захоўваецца ў шафе і ў каморы, у шкляных слоічках і прыгожых мяшочках з матэрыі розных памераў, крафтавых папяровых пакетах. Усё акуратна падпісанае. Таня беражліва перастаўляе свае слоічкі з месца на месца, адкрыве і дае з галавой нырнуць у водары. А яшчэ пра змесціва кожнага слоічка яна можа казаць гадзінамі!

— Васілёк, пялёсткі чайнай ружы, календула, суквецці райскай яблыні і самі плады слайсамі — у гарбаце, хутчэй, элемент для прыгажосці. Хоць, калі той жа васілёк піць як супрацьацёкавае, мачагоннае, патрэбная іншая канцэнтрацыя, сумесь будзе выдатна працаваць. Але бяроза справіцца лепш! А вось вятроўнік — маё апошняе адкрыццё, салодкі, мядовы, проста класны. Па сваіх лячэбных уласцівасцях — прыродны антыбіётык, супрацьзапаленчы і супрацьпухлінны. Квітнее белымі дробнымі кветачкамі, збіраць толькі праблемна — расце часцей на багністых мясцовасцях.

Шукала гэтую траву адрасна, абышла і аб'ездзіла ўсю акругу, на машыне і на ровары, а аказалася — яна ў нас на лузе расце. Сёлета нарыхтавала яе вагон. Амарант — дзіўная расліна, у ім самы высокі процівапухлінны індэкс, такога няма ні ў якай іншай расліны. У якасці прафілактыкі абавязкова рэкамендую ўключыць у свой гарбатны рацыён, ці можна ў якасці мікразеляніны ў салатах. Ісоп, сямейства ясноткавых, вельмі алергічны, трэба акуратна прымаць, асабліва дзецям і алергікам. Але ад зацяжных кашляў, як ісоп, хіба, што шалфей дапаможа.

У лугах збіраю — святаяннік, піжму, крываўнік, вятроўнік, чабор, трыпутнік, крапіву, дзьмухавец, падбел, васілёк, лапух, стрэлкі, палын, хвошч. У лесе — ядловец, хвою, брусніцы, чарніцы, суніцу лясную, алешыну…

Вельмі цудоўная наша ліпа. І як заспакойлівы, і супрацьзапаленчы сродак, многім здымае мігрэнь. Півоню, якая схіляецца, можна дадаваць у дэсерты і ў гарбату Яна вельмі добра разгружае нервовую сістэму. Аронія, рабіна чарнаплодная ёсць дэкаратыўная, якая проста для прыгажосці. А ёсць лячэбная — таксама выдатна зніжае ціск. Мацярдушка, гэта той жа арэгана (па-беларуску мацярынка, мацярушка), лічыцца жаночай травой. Усе імунныя зборы таксама з мацярдушкай!

У Таніных слоічках ёсць, напэўна, усе ягады і травы, якія можна вырасціць у нас або сабраць у лесе — парэчка чорная і чырвоная, шыпшына, маліна, ажына, вішня, яблыня, груша, аронія, глог, календула, чарніцы, клубніцы, абляпіха, рабіна, журавіны, брусніцы. Яно ўсё дзейснае і не столькі для прыгажосці, колькі для карысці.

— А аксаміткі таксама можна ў гарбату дадаваць? 

— Так. Гарбата з іх — выдатны сродак падчас прастуды, выводзіць таксіны, выдатна выкарыстоўваецца як мачагонны сродак, але ў маёй шафе гэта хутчэй заправа. Аксаміткі можна дадаваць у плоў замест шафрану, калі няма магчымасці купіць якасны. Толькі трэба адстрыгчы чорныя кончыкі насення. Аранжавыя пялёстачкі падфарбоўваюць і даюць водар цікавы.

Кава дапітая, а ў шкляны заварнік гаспадыня сабрала лета! Каб не толькі ўспомніць яго яркія пахі, але і зноў убачыць каляровасць! Слайсы клубніц, маліна і, вядома, у аснове скрыпень. Больш за ўсё Таня нарыхтоўвае менавіта яго, ён і ёсць аснова ўсіх яе збораў.

Не ведаеш — не бяры

— У складзе гэтай, здавалася б, простай травы ⅔ табліцы Мендзялеева, усе вітаміны, амінакіслоты, эфірнае масла. Скрыпень — гэта баланс, ён нармалізуе працэсы ў арганізме. У моцнай канцэнтрацыі раніцай ён можа бадзёрыць, а ўвечары, калі піць ліст, ён расслабляе, хоць гэта адзін і той жа прадукт. Дзякуючы таму, што ў яго складзе ёсць слізь, ён мякка вырашае праблемы са страўнікава-кішэчнікавым трактам.

У мяне самой былі вялікія праблемы са страўнікам — гастрапатыя, гастрадуадэніт, эзафагіт і хелікабактар, пралечаны двойчы. Менавіта дзякуючы скрыпню я выйшла са сваіх пытанняў, піла яго кожны дзень, увесь час, як адзін з прыёмаў гарбаты штодня. Ён таксама дапамагае змагацца з авітамінозам, умацоўвае імунную сістэму, павялічвае агульны тонус арганізма пасля перанесенай хваробы ці падчас цяжкіх разумовых і фізічных нагрузак.

— Ці можна назваць скрыпень беларускай гарбатай?

— Не, ён расце амаль усюды, і ў нас у тым ліку. Вельмі вялікая частка менавіта ў Расіі, адтуль бярэ пачатак культура скрыпневага піцця. Сыравіна можа крыху адрознівацца па хімічным складзе, таму што дзесьці ў глебе будзе больш адных мікраэлементаў і мінералаў, дзесьці — іншых. На балоце і на пяску ён будзе вельмі розны.

На Русі скрыпень вузкалісты звалі карпорскай гарбатай. Не было прывазной, таму гэтую пілі з задавальненнем. Калі з'явілася англійская чорная гарбата, яна адразу стала прыкметай багацця сям'і. Што рабілі людзі — фарбавалі гарбату ў чорны колер, грошы ж былі не ва ўсіх. Фарбавалі скрыпень да чарноцця, у печах сушылі, попел падмешвалі. А яно і не трэба. Хутка высушыць пры высокіх тэмпературах, гэта не пра тое, каб захаваць карысныя ўласцівасці ліста, а каб спаліць іх.

Саму расліну выкарыстоўвалі нашмат шырэй. Калі ён цвіце, у яго прыгожыя ружовыя кветачкі, бачныя здалёку, а калі адцвітае — у стрыпеню з'яўляецца пух, гэтым пухам набівалі матрацы, падушкі, на ім спалі, з кудзелістага сцябла рабілі вяроўкі, з каранёў рабілі муку, дадавалі ў хлеб.

Груба кажучы, выкарыстоўвалі ўсю расліну, пакідаючы толькі кавалачак сцябла.

 Добра, напрыклад, я вырашу ўлетку нарыхтаваць сабе трохі. Калі збіраць скрыпень, якія лісты павінны быць, што з імі рабіць?

— Па хімічным складзе няма розніцы, збіраць да цвіцення, падчас ці пасля. Ліст, які сабраны да цвіцення, больш далікатны, з ім лягчэй працаваць. Але! Тым, хто не разумее, якая расліна перад ім, лепш дачакацца цвіцення, калі расліну сапраўды ні з якай іншай не пераблытаеш. Летась была шумная гісторыя, як паненка назбірала сабе сумніку замест скрыпню, напілася і атруцілася. Не ведаеш — не бяры, гэта першае правіла траўніка, як і грыбніка.

Збіраецца самы добры лісток, без пашкоджанняў, без жыўнасці. Калі ўзяць саму расліну, то гэта верхнія дзве трэці сцябла. Я заўсёды яшчэ за тое, каб не нішчыць лакацыі. Збіраць трэба беражліва і так, каб трава аднавілася. Скрыпень выдатна аднаўляецца, галоўнае не выдзіраць яго з коранем.

Сабралі. Цяпер важна высушыць. Скрыпень добра ферментаваць. Неферментаваны скрыпень больш за месяц піць не рэкамендуецца! Усе мы так ці інакш знаёмыя з працэсам закісання. Дык вось ферментацыя — гэта па сутнасці акісленне пры дапамозе ферментаў гарбаты, частка працэсу натуральнага закісання.

Таму ні ў якім разе сабраны ліст не мыем, каб дзікія дрожджы не змыць. Ферментацыю спыняюць, як правіла, раней, чым прадукт канчаткова збродзіць. У выпадку з лістом, прычым любым, ферментацыю спыняюць перш, чым ліст згніе ці закісне.

Першы этап вырабу гарбаты — гэта завяльванне, калі ўвесь сабраны ліст заварочваюць у льняныя прасціны, кладуць у цёмнае цёплае вільготнае месца, каб ён не перасох. Прыкладна суткі паляжыць, можа менш, трэба правяраць. Завяліўся — значыць пры згінанні ліста напалову ў ім няма храбусцення, тады можна працаваць далей. Бярэш па 6—8 лісцікаў і далонькамі скручваеш у трубачкі, далей шчыльна складваеш у шкляныя слоікі або шкляныя паддоны пад прыгнёт. Я працую толькі са шклом.

Яшчэ ёсць метад — «вымес сырога цеста». Кладзеш у таз і рукамі вымешваеш лісты, як цеста. Ліст павінен пусціць сок! Гэта і ёсць пачатак ферментацыі. Груба кажучы, усе разбураныя мембраны ліста пусцілі сок, натуральныя дрожджы, якія на паверхні ліста, таксама пайшлі ў дзеянне. Пачалося закісанне (ферментацыя).

Ёсць лёгкая, сярэдняя і глыбокая ферментацыя — гэта пытанне часу. 4—6 гадзін доўжыцца лёгкая ферментацыя, потым можна сушыць. І я галасую за гэты варыянт для пачаткоўцаў. Скрыпень лёгкай ферментацыі са смакам і пахам! Чым глыбейшая ферментацыя, тым цямнейшы ліст і, адпаведна, запраўка, тым больш насычаны, даўкі густ (глыбокі смак пераспелай грушы ды яблыкаў), ён будзе пяршыць горла, незвычайна пры першай дэгустацыі.

Ферментацыя прайшла, ліст высах у натуральных умовах або ў дэгідратары (у маім выпадку гэта дэгідратар, які дазваляе захаваць раслінную абалонку і максімум карысных уласцівасцяў, не блытаць са звыклай электрычнай сушылкай), потым, увага, месяц ідзе сухая ферментацыя. Калі чай настойваецца, каб потым пры заварванні даць максімум колеру, водару і смаку. Чым больш ён стаіць, тым больш набірае водару. Не працуе гэта так — сёння высушыў — заўтра заварыў і п'еш. Розніца ёсць, і значная, паверце досведу.

— Ферментаваць можна любы ліст?

— Малінаў, вішні, грушы, яблыні, слівы, ажынаў, парэчак, суніц, ляшчыны, клёна і многіх іншых. Вельмі смачна, калі правільна ўсё зрабіць. Што да ферментацыі больш цвёрдага ліста, часта ўжываюць метад, калі лісце спрасоўваюць у пакеты, у вакуум, замарожваюць, а потым размарожваюць у натуральных умовах. Тады лягчэй лопаецца мембрана ліста, і ён лягчэй пускае сок. Пасля іх кладуць у шкло пад прэс, накрываюць мокрай тканінай. Далей сушаць. Ліст вішні ў запарцы глядзіцца як чорная добрая гарбата, а водар немагчыма перадаць словамі. Маліна ферментаваная на смак — усё роўна што малінавае варэнне!

Скрыпень заварваецца 2—3 разы мінімум. Уся арганалептыка — смак, колер, пах — з кожным пралівам будзе слабейшым. Першая заварка будзе самая яркая, насычаная, цёмная. Наступныя слабейшыя, але нават калі яны слабейшыя, там ёсць такія мікраэлементы, якія толькі з чацвёртага разу пераходзяць з цела ліста ў напой. Можна проста замест вады піць і атрымліваць карысць. Улетку выдатна ў чацвёрты праліў дадаць лімон, галінку мелісы, атрымаецца гатовы ліманад.

Траўніца і суразмоўцу поіць скрыпенем, але не звычайным, а з прыжаркай! Калі ён грануляваны абсмажваецца на распаленай чыгуннай патэльні літаральна некалькі хвілін, каб цукар, які ёсць у лісце, карамелізаваў гранулу і запячатаў у ёй сок. Карамельны смак у напоі і без усялякіх араматызатараў! Але не скрыпенем адзіным. Таня робіць купажы і на аснове мяты, мелісы, ферментаванага ліста пладовых культур. І ўвогуле любіць разнастайнасць і эксперыменты.

Гарбата, настой ці адвар?

— Я і мая сям'я п'ём гарбату кожны дзень і круглы год, але не ўсе, як я. Адна з маіх любімых гарбат — абляпіха ў камбінацыі з гваздзікай, бадзянам, апельсінам і размарынам. Ці проста з мёдам — гэта таксама райская асалода! Скрыпень часцей люблю ліставы, магу часам з дабаўкамі ўжываць, у мяне ўсё пад настрой ці адрасна пад праблему са здароўем.

А суразмоўца спрабуе ўжо трэці від гарбаты. У заварніку нейкім цудоўным чынам пасябравалі меліса, карыца, кардамон, гваздзіка і мёд.

— Усе спецыі і вострыя прыправы тут (паказвае на чайнік) разаграюць энергію, даюць сілы, іх лепш піць у першы ці другі прыём гарбаты — раніцай за сняданкам і днём. Увечары заварыце мяту, мелісу, півоню, ліпу, фенхель, скрыпень. Але ўсё, зноў жа, індывідуальна. Я асабіста гіпатонік, і раніцай у мяне абавязкова альбо чорная, альбо зялёная гарбата, доза кафеіну, так скажам, каб расплюшчыць вочы. Далей ужо днём я п'ю каву, але толькі эспрэса. Увечары нервовая сістэма патрабуе паслаблення, спакою — гэта мяккае святло, мы вячэраем пры свечках і абавязкова п'ём травяную гарбату.

— Мне здаецца з травой трэба быць акуратным. Можна ж і нашкодзіць? Як пачну зараз піць ліпу ці рамонак кожны дзень!

— Я заўсёды кажу, што трэба разумець — ёсць гарбата, ёсць настой і ёсць адвар — яны адрозніваюцца толькі канцэнтрацыяй рэчыва на аб'ём вадкасці і спосабам тэрмаапрацоўкі. Калі піць нешта канцэнтраванае, то тут патрэбны толькі доктар-фітатэрапеўт. Па канцэнтрацыі гарбаты, калі піць 1—2 кубкі на дзень, можна зусім не перажываць, вы сапраўды не нашкодзіце сабе. Атрымаеце асалоду ад жыцця і падтрымаеце сваё здароўе. Піць гарбату мэтанакіравана, вялікімі канцэнтраванымі дозамі — гэта ўжо сур'ёзна і часам нават небяспечна, гэта самалячэнне. Лепш звярнуцца да прафесіянала.

Таксама заўсёды кажу, што ўся трава працуе павольна, гэта сістэмны абдуманы падыход да сябе і свайго арганізма. Не трэба чакаць хуткай рэакцыі, папіце скрыпень месяц — і ўбачыце змены.

— Нашкодзіць у канцэнтрацыі гарбаты складана, зразумела. А якімі лайфхакамі можаш падзяліцца для жыцця, як дапамагчы сабе травой?

— Аб'еліся, цяжар у страўніку — меліса, мята спрыяюць страваванню. Яны ж прыбіраюць метэарызм і цяжар у жываце. Вельмі адрасны запыт, асабліва ў дзяўчат, — ацёкі, затрымка вадкасці ў арганізме. Плюс апошняя хваля COVID-19 дала сур'ёзныя ўскладненні на ныркі, лісты і ягады брусніцы дапамогуць!

Далей у нас шмат хто пакутуе ад ціску. Чабор паднімае ціск, гіпертонікам з ім трэба акуратна. Мята паніжае ціск, а скрыпень нармалізуе. Простая фізіка ў тым, што мачагонная гарбата і травы аўтаматычна змяншаюць ціск. Гэта анатомія. Кава як працуе? Наадварот! Абязводжвае моцна. Асабліва жанчынам я заўсёды тлумачу, што кава высушвае скуру. П'яце яе шмат — пасадзіце дома алоэ і ўвільгатняйце твар! Не забывайцеся піць ваду! Кубак кавы — два вады.

Плюс кава рэзка дае нам прыліў сіл, гадзіну-паўтары мы актыўныя, а потым рэзка прыходзіць бяссілле, і мы ідзём па новую дозу. Але гэта няправільна. Сняданак, потым гарбата ці кава. Супакоіцца і расслабіцца ўвечары дапаможа ліпа, фенхель, вятроўнік, меліса ці мята. Калі нязвыкла на смак, дадайце апельсін, сухі ці свежы. Калі сухі — галоўнае не перабраць, таму што цэдра ў вялікай колькасці дасць свае эфіры і напой будзе горкім.

— А ёсць неспалучальныя травы?

— Крываўнік, піжма і святаяннік па адным ці ўсе разам — вельмі горкія. Гэта лячэбныя травы, іх піць немагчыма, каб было смачна. У складзе збору, у малой канцэнтрацыі, горкасць не так адчуваецца, але гарбата ўсё роўна дапамагае. Неспалучальныя — усе эфіразмяшчальныя. Мяту, калі заварваць у вялікай канцэнтрацыі, таксама атрымаецца горка і нясмачна, а можа яшчэ і сардэчны рытм дурэць ад такога канцэнтрату.

З чаго параіш пачаць людзям, якія наогул не п'юць травяных чаёў, не разумеюць іх?

— Пачніце з маленькага прыгожага рытуалу! З прыгожага посуду, пры свечках, у прыемнай абстаноўцы, папіце ўвечары гарбаты. Таму што на ноч разгрузіць нервовую сістэму — гэта найвышэйшы пілатаж, а не ўваткнуцца ў экран гаджэтаў. Вывучыце свае густы. Што вы любіце — кіслае, салодкае, якія ягады вам падабаюцца, якая садавіна. Падарыце сабе час з гарбатай, за гутаркай з роднымі, увядзіце гэты працэс у жыццё як пастаянны рытуал. І збірайце, не лянуйцеся, столькі ў нас усяго расце карыснага і смачнага, побач і вакол.

Як правільна заварваць гарбату?

Траву важна заварваць вадой тэмпературы 80—90 градусаў. Калі няма чайніка з магчымасцю выставіць патрэбную тэмпературу, ёсць іншы метад. Чайнік закіпеў, пакуль вы ў заварнік траву насыпаеце, тэмпература ўжо ўпадзе да 90 градусаў. За 1—2 хвіліны ўпадзе дакладна. Даць пастаяць адвару хвілін 5—7. Падыхаць водарам і піць з задавальненнем. Для заварвання выдатна падыдзе кераміка, фаянс. Крыху слабей нацягваецца гарбата ў шкле, але затое эстэтычна выглядае. Ягадкі, кветачкі, пялёстачкі глядзяцца вельмі прыгожа.

Важна памятаць, што ва ўсіх кафеінавых гарбатах праз гадзіну падчас акіслення пачынаюць з'яўляцца шкодныя рэчывы, пачынаючы ад канцэрагенаў і далей. Для ўсіх кафеінавых гарбат працуе адно правіла — заварыў, выпіў, выліў. Зялёная гарбата: першы раз заварыў, памыў ліст — зліў. Другі раз заварыў — выпіў, яшчэ два разы заварыў — выпіў і ўсё. Выкінуў ліст. Адвар, які гадзінамі стаіць, — так быць не павінна. Заварка на тыдзень — таксама не варыянт! Дарэчы, усе травяныя гарбаты могуць стаяць суткі, не больш!

Каментары1

  • Янка
    10.02.2023
    Это просто сено. Особенно для людей которые после ковид не слышат запах

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года43

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Усе навіны →
Усе навіны

Гігін: Мы павінны любіць і абараняць свой герб, сцяг, гімн, Лукашэнку — тады нас будуць паважаць у свеце23

У Гродне п'яны кіроўца маршруткі вёз 13 пасажыраў

Украіна ўпершыню правяла атаку выключна з выкарыстаннем рабатызаваных сістэм

«Камунарка» выпусціла шакалад з начынкай з аліўе ФОТАФАКТ15

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла69

«І тут лінолеум заіскрыў». Касяк пры мантажы ацяплення знішчыў дзіцячы пакой2

Аднаго з пацярпелых арандатараў ГЦ «Беларусь» у Віцебску на гэтым тыдні кідалі на пару сутак у ізалятар

Дзермант заступіўся за башкірскага героя Салавата Юлаева. Гэта не спадабалася Дзюкаву11

У Нарвегіі самалёт ледзь не ўпаў у мора пры пасадцы3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года43

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Галоўнае
Усе навіны →