«Чалавек ваяваў паўтара года, і вось такое прамаўляе». Мінская манашка расказала, як натхняла вагнераўцаў на вайну

Манашка Свята-Елісавецінскага манастыра запэўніла параненых вагнераўцаў, што ў вайне ва Украіне акупанты гінуць недарэмна. Пра паездку ў Маскву да наймітаў яна расказала 28 верасня на сястрынскім сходзе з духоўнікам манастыра Андрэем Лемяшонкам.

30.09.2023 / 16:05

Падчас выступлення манашкі. Скрыншот: obitel_minsk / YouTube

«Я сустрэлася з ваяром, у якога чатыры аскепкавыя раненні, на мыліцах ходзіць. У яго цяпер такі стан… З ягонага аповеду я зразумела, не толькі ў яго адзінага — у хлопцаў, якія вярнуліся з вайны, вялікая крыўда.

Ён нават казаў такія страшныя словы: гэта не нашая вайна. Уяўляеце, чалавек ваяваў паўтара года, і вось такое прамаўляе», — расказала манашка.

Гэта ўсё, маўляў, таму, што наймітаў не прызнаюць ветэранамі вайны. Яна яму спрабавала патлумачыць, што ахвяры недарэмныя, бо «тое, што цяпер адбываецца, — гэта дзякуючы вам». Але вагнеравец не хацеў ані чуць яе, ані верыць у яе словы.

Духоўнік Свята-Елісавецінскага манастыра Андрэй Лемяшонак, каментуючы сітуацыю, назваў нядаўна загінулага кіраўніка ПВК Вагнера Яўгена Прыгожына «няверным з кашаю ў галаве».

«Гэта была ўжо дзея ад ворага, ад д’ябла. Ён перавысіў свае паўнамоцтвы. Гэта было ўжо супраць Расіі. Ён быў патрыётам, але, мабыць, няверным, не царкоўным, у галаве была такая каша, што прывяла да такога вось…» — заявіў протаіерэй.

Чытайце таксама:

З Балгарыі высылаюць трох чалавек, звязаных з Беларускай праваслаўнай царквой. Хто яны?

Свята-Елісавецінскі манастыр праводзіць фестываль у Баранавічах — збіраюць дапамогу Данбасу і агітуюць пісаць лісты акупантам

Свята-Елісавецінскі манастыр арганізоўвае кінапрэм'еру расійскай агіткі

Протаіерэй Лемяшонак раздаў парады, як выратаваць мужа-апазіцыянера: Ні ў якую Польшчу ехаць не трэба

Nashaniva.com