У Рэчыцы пачынаецца суд над Палінай Шарэндай-Панасюк. Яе збіраюцца трэці раз пакінуць за кратамі
Паліна мелася выйсці на волю яшчэ ў чэрвені 2022 года, аднак ёй накінулі год калоніі. У жніўні гэтага года яна таксама не выйшла на волю. Зараз чарговы суд.
02.10.2023 / 09:58
Паліна Шарэнда-Панасюк
У Рэчыцы сёння павінен пачацца суд над актывісткай з Брэста Палінай Шарэндай-Панасюк.Паліна зноў абвінавачваецца ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі (ч.1 арт. 411 КК).
Разглядаць справу будзе Рэчыцкі раённы суд, выконваць ролю суддзі — Станіслаў Іванюценка, які неаднаразова выносіў прысуды па «пратэсных» адміністрацыйных і крымінальных артыкулах.
Па гэтай частцы артыкула 411 КК прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін да аднаго года.
Паліна Шарэнда-Панасюк была затрыманая 3 студзеня 2021 года і ў чэрвені таго ж года прысуджаная да 2 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулаў 364, 368 і 369 КК (абраза Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, гвалт у дачыненні да міліцыянта). Адбываць пакаранне яе адправілі ў жаночую калонію № 4 У Гомелі.
Яе муж Андрэй з двума малымі дзеткамі выехаў з Беларусі.
Паліна мелася выйсці на волю ў чэрвені 2022 года, але ў калоніі яе сталі ўвесь час адпраўляць у штрафны ізалятар, абвінавачваючы ў парушэнні рэжыму, у выніку завялі справу паводле арт.411 «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» і далі год калоніі.
Але і летам гэтага года жанчына не выйшла на волю. Неўзабаве стала вядома пра чарговую справу паводле арт. 411 КК.
На мінулум тыдні Андрэй Шарэнда звярнуўся да неабыякавых людзей з просьбай падтрымаць Паліну.
Чытайце таксама:
Стала вядома, калі будуць зноў судзіць Паліну Шарэнду-Панасюк