Актывісты будуць аднаўляць пашкоджаны знак беларускім байцам у Кіеве

Ініцыятары памятнага знаку беларусам, якія загінулі за Украіну, які з 2016 году ўсталяваны ў Кіеве, заявілі, што яны адновяць пашкоджаныя элементы.

02.10.2023 / 14:29

Вольга Гальчанка на адкрыцці мемарыяла ў сакавіку 2016 года

Анжэла Душаева, прадстаўніца дабрачыннага фонду «Валошка», адна з ініцыятарак стварэння ў 2016 годзе ў Кіеве мемарыялу ў памяць аб беларусах, якія загінулі ва Украіне, мяркуе, што пашкоджанне помніка мусіць расследаваць Служба бяспекі Украіны.

«Тое, што адбылося (знялі герб і надпісы «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне»), гэта дакладна зрабілі не ўлады. І на вандалізм гэта не падобна, бо ў такім выпадку хутчэй бы пашкодзілі партрэты. Гэта планамерная правакацыя, якая можа быць выгадная толькі спецслужбам Лукашэнкі», — сказала Свабодзе Анжэла Душаева.

Яна нагадала, што ў 2016 годзе для ўсталявання мемарыялу ініцыятары атрымалі дазвол кіеўскіх уладаў.

«Будзем разбірацца, яшчэ адны ініцыятары стварэння помніка будуць звяртацца з заявай у паліцыю. Хоць гэтай справай мусіла б заняцца СБУ, каб высветліць, каму трэба было пачынаць скандал у час ваеннага становішча. Мемарыял нікому ніколі не перашкаджаў. Магчыма, гэта звязана з новай абвесткай палка Каліноўскага аб наборы ў падраздзел», — дадала Анжэла Душаева.

Прадстаўніца дабрачыннага фонду «Валошка» разлічвае, што праваахоўныя органы змогуць знайсці тых, хто гэта зрабіў, на падставе відэазапісаў з камер, якія знаходзяцца побач з гэтым месцам.

Валанцёрка Вольга Гальчанка, якая ў 2016 годзе займалася афармленнем дазволу кіеўскіх уладаў на ўсталяванне помніка, паведаміла, што ён будзе адноўлены. Яна назвала цынічным пашкоджанне мэмарыяла добраахвотнікам 1 кастрычніка, калі ва Украіне адзначаюць Дзень абаронцаў.

«Нейкія ідыёты вырашылі пашкодзіць памятны знак нашым хлопцам… Сказаць, што я злая — гэта нічога не сказаць. Каму ўвогуле такое прыйшло ў галаву — у часе вайны ў Кіеве разграміць помнік загінулым добраахвотнікам?» — напісала Вольга Гальчанка на сваёй старонцы ў Facebook.

Мэрыя накіравала ў адміністрацыю Шаўчэнкаўскага раёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца вуліца Беларуская і памятны знак. У раённай адміністрацыі на тэлефанаванні не адказваюць.

Урачыстая цырымонія адкрыцця помніку з удзелам ганаровай варты адбылася 28 сакавіка 2016 году. Мемарыял ініцыявалі некалькі ўкраінскіх арганізацый, а таксама Тактычная група «Беларусь», у якую на той час былі арганізаваныя беларускія добраахвотнікі.

Чытайце таксама:

«Украінскія псеўдапатрыёты знішчаюць мемарыялы». Стала вядома пра разбурэнне помніка беларусам, якія загінулі за Украіну

Nashaniva.com