Дырэктар «Беларусьфільма» назваў прэм'еры 2024 года
У красавіку на экраны выйдзе «Чорны замак Альшанскі».
04.10.2023 / 07:41
Фота: «Беларусьфільм»
«Беларусьфільм» плануе выпусціць некалькі прэм'ер у 2024 годзе. Пра іх на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры распавёў дырэктар кінастудыі Юрый Аляксей, паведамляе Reform.by.
Паводле яго слоў, здаць фільм «Чорны замак Альшанскі» па творы Уладзіміра Караткевіча плануюць у красавіку 2024 года. Цяпер ідзе мантаж і гукавое афармленне фільма.
Яшчэ адной прэм'ерай наступнага года будзе стужка «Казбек» пра партызанаў і пачатак аперацыі «Баграціён». Яе збіраюцца выпусціць 9 мая 2024 года.
Таксама ў новым годзе выйдзе фільм «Кіношнікі» Кірыла Халецкага. Яго плануюць паказаць на кінафестывалі «Лістапад».
Кінастудыя таксама прэзентуе стужкі пра Белавежскую пушчу і Бярэзінскі біясферны запаведнік.
«З дапамогай анімацыі ў гульнявой форме мы раскажам малодшаму пакаленню аб мемарыялах і сімвалах нашай краіны. Так мы зможам фармаваць свядомасць нашых дзяцей», — растлумачыў Аляксей.
У далейшых планах студыі фільм пра лётчыкаў Андрэя Нічыпорчыка і Мікіту Куканенку, якія разбіліся ў маі 2021 года ў Баранавічах.
Чытайце таксама:
Паглядзелі фільм «На іншым беразе». Расказваем сюжэт і тое, што пабачылі ў кінатэатры
«Яго просіць народ». «Беларусьфільм» здыме кіно пра падзеі 2020 года