Грамадства2222

Паглядзелі фільм «На іншым беразе». Расказваем сюжэт і тое, што пабачылі ў кінатэатры

Лукашысты імкнуцца замаскіраваць прыгнёт уласнага народа распальваннем варожасці да суседніх — украінцаў, літоўцаў, латышоў і асабліва палякаў. Ці дапаможа ім у гэтым фільм «На іншым беразе»? На яго прэм'еру, прымеркаваную да 17 верасня — дня ўз'яднання Усходняй і Заходняй Беларусі, які Лукашэнка на 27-м годзе свайго кіравання назваў Днём народнага адзінства, схадзіў аўтар «Нашай Нівы» Андрэй Вяршкоў.

«На іншым беразе» — самая гучная прадукцыя «Беларусьфільма» ў 2023-м. Выканаўца галоўнай ролі Данііл Чупа перад прэм'ерай. Фота: БелТА

Фае не пустуе. Кантынгент розны: парачкі, бацькі з дзецьмі, моладзь. Дзве кабеты цешацца з сустрэчы і абмяркоўваюць, што не бачаць нікога знаёмага. Спачатку не разумею: якіх знаёмых можна сустрэць у кінатэатры двухмільённага горада? Пасля здагадваюся: білеты раздавалі на працы, але іншыя не прыйшлі.

Перад фільмам — тое, што даўней называлася «кінажурнал», рэкламуюць навінкі, якія хутка ўбачаць беларускія гледачы. Сярод іх яшчэ адна прапагандысцкая стужка — «Ліст чакання», фільм з антыэміграцыйным пасылам.

«Думаеце, што там у вас будзе дабрабыт і спакойнае жыццё? Не, сын. Яно тут у вас шчаснае і спакойнае. Таму што вы са сваімі блізкімі і ў сваёй краіне», — кажуць у трэйлеры. 

І вось нарэшце знаёмая застаўка «Беларусьфільма», а пасля яе назва фільма. Але не, пакуль што гэта не «На іншым беразе», а толькі прадмова да яго. Вадзім Гігін згадвае Максіма Танка, якога паставіў у адным шэрагу з Сяргеем Прытыцкім і Верай Харужай, як вядомых «кожнаму беларусу». А рэжысёр сцвярджае, што драма не прэтэндуе на гістарычную дакладнасць: галоўнае — паказаць дух.

Чырвоным па белым

Першая сцэна фільма і самая моцная ў мастацкім сэнсе — рэвіндыкацыя. Польская памежная варта зачыняе праваслаўны храм. 

Нязгодныя сяляне абараняюць сваю царкву, а жанчыны стаяць у счэпцы і крычаць.

Скрыншот з фільма «На іншым беразе»

Нагадаем, што ў сучаснай Беларусі стаянне ў счэпцы пры непадпарадкаванні прадстаўнікам улады прыраўноўваецца да крымінальнага злачынства. Так былі арыштаваныя жанчыны з культавага фота, зробленага 10 жніўня 2020 года. 

Тонкі намёк стваральнікаў фільма на натуру ўсіх дыктатур?

У пачатку 1920-х дубінак і святлошумавых гранат не было, у фільме польскія жандары на супраціў рэагуюць бізунамі, хтосьці з іх страляе з пісталета ў паветра.

Найбольш атрымлівае бізуном маці галоўнага героя Ганна (Святлана Нікіфарава). Кабета ў белай хустцы ўстае з акрываўленай галавой. У гэтым уся Беларусь — чыстая, светлая і акрываўленая.

«Дзявочы твар, бляды ад жалю,
дзяцей спалоханы пагляд
і кроў братоў, што бунтавалі, —
я толькі гэткі знаю сцяг!» — пісала ў вершы «Наш сцяг» Ларыса Геніюш

Неўзабаве Ганна Смоліч памірае. А перад смерцю просіць малодшага сына перадаць грошы на дапамогу царкве. 

— Ды да д'ябла гэты храм.

— Не кажы так. Не гняві Бога.

Ці адпавядае першы эпізод гістарычнай праўдзе? Так, у Заходняй Беларусі ад праваслаўных каталікам у пачатку 1920-х перайшло 300 храмаў. Але тонкасць у тым, што тое былі храмы, якія да ХІХ стагоддзя належалі рыма-каталікам і былі адабраныя ў іх царскімі ўладамі. Нават большасць колішніх грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) цэркваў засталася ў Праваслаўнай царкве.

На момант далучэння Заходняй Беларусі да СССР там дзейнічала 540 праваслаўных цэркваў і служыла 606 святароў.

Для параўнання: у Савецкай Беларусі на гэты момант заставалася тры (тры!) адкрытыя царквы ў Бабруйску, Оршы і Мазыры, і ў тых працавалі святары — агенты НКВД для выяўлення вернікаў. У Мінску, Гомелі, Магілёве і Віцебску не было ніводнага храма. Пра гэта расказваецца ў кнізе Андрэя Заеркі «Поруганное православие: история белорусской церкви 1917—1939», пра якую «Наша Ніва» пісала ў 2015 годзе.

У адрозненне ад Заходняй Беларусі, у Савецкай Беларусі сотні праваслаўных святароў і ўсе да аднаго епіскапы былі фізічна знішчаныя.

Станам на 1928 год — пасля ўсіх першых хваль рэпрэсій, калі ўжо была арыштавана большая частка епіскапаў, калі многія адышлі ад царквы або пакінулі краіну, бачачы, куды ўсё каціцца, — у БССР заставалася каля 1080 праваслаўных святароў. У 1938-м на волі з іх заставалася ўсяго 15. 98,5% працэнтаў праваслаўных святароў знаходзілася ў зняволенні, тыя 15, што заставаліся на волі, па ўсёй верагоднасці былі завербаваныя і служылі атэістычнаму рэжыму.

Вось такая праўда гісторыі.

Што да выпадкаў гібелі людзей пры абароне праваслаўных цэркваў у Заходняй Беларусі ад перадачы каталікам, то такіх выпадкаў не было. Дый увогуле, тая перадача храмаў падчас рэвіндыкацыі не сутыкалася са значным супрацівам. У праваслаўных заставалася дастаткова храмаў, а самі беларусы былі занадта звыклыя да пераходу з адной веры ў другую, не тое што да змены юрысдыкцыі таго ці іншага будынка пасля змены аднаго акупанта на другога.

Расіянін сыграў паляка

У фільме забіў Ганну Смоліч начальнік польскай памежнай заставы Вацлаў Шуманскі (Аляксей Лангін). Гэтага расійскага акцёра можна назваць галоўнай зоркай драмы. На радзіме ён здымаўся ў «Салдатах», а ў «Маладзёжцы» ўзаемадзейнічаў з беларусам Анатолем Катом, які яшчэ з нулявых крытыкуе рэжым Лукашэнкі і зняўся ў фільме «Жыве Беларусь!».

На прэм'еры Лангін прызнаўся, што не ведае польскай мовы, хоць роля яму дасталася менавіта польскамоўная.

Над стварэннем адмоўнага вобраза аўтары асабліва не задумваліся: перад намі афіцэр, які не шкадуе пугі для цывільных, патрабуе хабар за незакрыццё праваслаўнай царквы і кахаецца з нявестай сына. 

Імёны акцёраў фільма наўрад ці штосьці скажуць гледачам. Няма тут Веранікі Пляшкевіч, Дзмітрыя Ратамскага, Андрэя Сенькіна. Як, зразумела, і Алены Гіранок ды яе мужа Аляксандра: у кастрычніку 2020-га актрысу цэлую ноч пратрымалі ў Маскоўскім РУУС, а пры затрыманні збілі ў бусіку. Пра харызматычнага Ігара Дзянісава, які з большасцю купалаўцаў звольніўся пасля Паўла Латушкі, застаецца толькі згадваць. Між тым без іх не абыходзіліся ранейшыя вялікія праекты «Беларусьфільма». Рэжысёр Андрэй Хрулёў вядомы адно расійскімі серыяламі, ніводзін з якіх не стаў папулярны.

Данііл Чуп (справа) сыграў Паўла Смоліча

«Прадаліся панам за тры капейкі»

Перад смерцю маці Павел Смоліч (Данііл Чуп) атрымлівае наказ ад няшчаснай жанчыны: прывесці свайго старэйшага брата Антона (Іван Батараў), які чамусьці адасобіўся ад сваякоў. І хутка высвятляецца чаму: Смоліч-старэйшы вядзе ўзброеную барацьбу.

Мужчына падбівае малодшага брата адпомсціць за маці і папярэджвае: «Наша ўлада прыйдзе — з кожнага спытаецца». Але чуе ў адказ нібы вырак: «Ніколі ваша ўлада не прыйдзе».

Чуць такія словы трохі дзіўна. Смолічы не былі заможнымі сялянамі, жылі без бацькі. Сялянства ў тыя часы, калі ва Усходняй Беларусі адбывалася беларусізацыя, а слова «калектывізацыя» яшчэ і не прыдумалі, з сімпатыяй глядзела на БССР. Можа, Павел быў змагаром за беларускую незалежнасць і не пераносіў бальшавікоў? Не, у сюжэце гэта ніяк не дэманструецца. Дык з якой прычыны хлопцу ненавідзець савецкую ўладу? Магчыма, гаворка ідзе пра звычайны нонканфармізм: юнак проста пярэчыць брату, адносіны з якім апошнім часам ускладніліся. Гэта магло б растлумачыць рэзкую фразу. Дзіўна чуць катэгарычнасць (гэтую тэму мы яшчэ ўздымем) і ад Антона Смоліча. Ëн не хацеў зберагчы малодшага брата? 

Язэп Лагіновіч?

Прататыпам Антона, імаверна, стаў Язэп Лагіновіч (вядомы пад псеўданімам Павел Корчык). Удзельнік Слуцкага збройнага чыну пасля падзелу Беларусі стаў партызаніць. Савецкая ўлада спрабавала схіліць яго на свой бок. Сцвярджаецца, што размаўляў з Корчыкам нават тагачасны кіраўнік БССР Аляксандр Чарвякоў. У выніку партызан пагадзіўся. 

Смоліч-старэйшы — кіраўнік партызанскага атрада на Стаўпеччыне (сюжэт разгортваецца вакол мястэчка Рубяжэвічы) і сябар Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Ён хутка сустракае госцю з Менска (нагадаем, што Мінскам яго зробяць толькі ў тым зноў жа такі 1939-м).

Завітала да партызанаў Леся Рубцова (Настасся Васільева). Падабенства да падпольшчыцы Веры Харужай відавочнае, але ўсё ж такі вобраз пісаўся не толькі з яе. Харужая працавала настаўніцай, рэдактаркай, была камсамольскай актывісткай. У партшколе яе заўважылі спецслужбы — і неўзабаве яна патрапіла ў Заходнюю Беларусь. Рубцова ж, як вынікае з сюжэта, доктарка, але «прайшла тры вайны» (трэба меркаваць, што Першую сусветную, грамадзянскую і савецка-польскую?). Яе пасады і звання мы не ведаем. 

Знаёмімся ж мы з галоўнай гераіняй пры пераходзе мяжы. Спачатку сабака польскіх жаўнераў немаведама як пачуў яе яшчэ з савецкага берага — цераз раку, а потым дзяўчына ледзь не трапляе ў палон, але своечасова прыходзіць на дапамогу Антось Смоліч. Высвятляецца, што мяжу яна перайшла, каб ліквідаваць агента дэфензівы Грабоўскага (партызаны да гэтага моманту ў ім не сумняваліся), які мусіў выступіць сведкам на судзе супраць сяброў КПЗБ.

Матыў пазнавальны, так у 1936-м Сяргей Прытыцкі застрэліў сексота польскіх спецслужбаў. 

Рубцова, Смоліч і некалькі партызанаў пранікаюць на працэс. Калі Грабоўскага заводзяць з чорнага хода, забіваюць жандараў — і вось урачыстасць: дыверсантка, якая прайшла тры вайны, вырашае перад галоўным стрэлам зачытаць смяротны прысуд ад КПЗБ. І не паспявае — урываюцца іншыя паліцыянты. Карцінная сцэна ледзь не заваліла аперацыю, але агента ўсё ж такі забілі.

А Смоліч, не зважаючы на забарону Рубцовай, вырашае вызваліць сваіх хлопцаў, што прыводзіць да вялікай бойкі (мяркуючы па ўсім, гінуць і мірныя жыхары). Шляхі партызанаў разыходзяцца. Параненая дыверсантка трапляе на Паўла Смоліча, які пад пагрозай пісталетам даводзіць яе да мяжы. І — о, гэта, вядома, было нечакана — пачынае заглядацца на спадарожніцу. 

— Забудзься на мяне, зразумеў?

— Зразумець зразумеў, а вось забыцца не абяцаю. 

Сама ж дзяўчына, як і належыць камсамолцы, да Паўла (яна, дарэчы, не ведае ягонага прозвішча і пра яго сваяцтва з Антонам) ставіцца з халадком, не ўхваляючы, што ён «прыслугоўвае панам». А ўсё прыслугоўванне палягае ў тым, што Смоліч-малодшы парабкам зарабляе сабе на хлеб: на пачатку гісторыі ён часова працуе ў яўрэйскага краўца ў мястэчку і кахаецца з ягонай дачкой, якая мае сур'ёзныя намеры. Высвятляецца, што хлопец некалькі разоў быў на іншым беразе, але дзе лепш — сказаць не можа. 

— У цябе палякі Радзіму адабралі, а ты на іх працуеш?

— Грошы ўсім патрэбныя.

— Дзе плацяць, там і Радзіма, так выходзіць?

— Радзіма там, дзе мне добра.

— Ды няма ў вас Радзімы, Павел Аляксеевіч. Прадалі вы яе панам за тры капейкі.

Катэгарычнасць Рубцовай праяўляецца і ў час другой сустрэчы з Паўлам. Параненая, дыверсантка ледзь запаўзла на сялянскі двор на ўсходнім беразе, дзе ляжала непрытомная два дні. У тую ж хату разам з сябрам Юракам Шуманскім завітаў і Смоліч-малодшы: хлопцы насілі кантрабанду. Беларус — каб дапамагчы той самай царкве, за якую склала галаву маці, паляк — набыць золата для дзяўчыны. У гэты ж час Рубцова апрытомнела і паспрабавала з'ехаць з падворка на кані. Убачыўшы старога знаёмага, дыверсантка канстатуе: «Расчараваў ты мяне, Павел Аляксеевіч».

Каня падпольшчыца абвяшчае рэквізаваным, але абяцае вярнуць. Мужыку застаецца толькі глядзець ёй услед і шкадаваць жывёлу: «Ён сам вернецца, калі Бог дасць».

Мужчына, які рызыкуе застацца без каня, дарэчы, адзін з нешматлікіх персанажаў, які хоць і не чыста, але размаўляе па-беларуску. Акрамя яго з жонкай, трасянкай (амаль непрыкметнай) карыстаецца старая кабета, якая даглядае Ганну Смоліч, а пазней дапамагае з яе хаўтурамі.

Чыстую ж беларускую мову мы чуем аднойчы — і то ва Усходняй Беларусі: партыйны чыноўнік на роднай мове зачытвае прамову з нагоды адкрыцця новай школы. Імаверна, гэтак паказалі Аляксандра Чарвякова (праз 12 гадоў пасля падзей фільма кіраўнік БССР застрэліцца, не вытрымаўшы ціску сталінскіх уладаў).

Між тым такая мова герояў ніяк не адпавядае гістарычнай праўдзе. Па-руску тады ў вёсцы ніхто між сабой не размаўляў — ні ў Заходняй, ні ва Усходняй Беларусі.

Рубцова за некалькі войнаў і пасля дыверсійнай школы магла на беларускую мову і забыцца. А Смолічы? Партызаны? Іншыя сяляне? Кантрабандысты? У фільме родную мову ўжываюць хіба што людзі сталага веку. Каланіяльны стэрэатып пра «язык деревенских бабушек».

І гэта ўжо маўчым пра «Паўла Аляксеевіча» і іншыя імёны па бацьку — да сярэдзіны ХХ стагоддзя беларусы так не казалі, у 1920-я дык дакладна.

«Правакацыя»

Адсутнасць суцэльнай лініі замінае ўспрыняць матыў фільма. Насуперак чаканням, Павел Смоліч не кідаецца помсціць за маці, не робіць сэнсам свайго жыцця абарону Праваслаўнай царквы. Скончыўшы з кантрабандай, хлопец зноў пераходзіць мяжу, знаходзіць Рубцову (адрас ён даведаўся са згубленай ёй фотакарткі) і ўсё ж такі дабіваецца яе.

Малады селянін Павел Смоліч дабіваецца савецкай тэрарысткі Лесі Рубцовай. Скрыншот з фільма

А галоўныя падзеі ў гэты час адбываюцца з Шуманскімі. 

Полька Рада (Юлія Вярхоўская), да якой заляцаўся Юрак, мабыць, адзіны персанаж, які атрымаўся рэалістычны. Прыгожая, дасціпная і фанабэрыстая — стэрэатыпная паненка. Ну вылітая Ядвіся з трылогіі «На ростанях» Якуба Коласа ці Каруся з «Надбярэзінцаў» Фларыяна Чарнышэвіча, дарма што распусная. Другасная гераіня аказалася найярчэйшай.

Зарабіўшы кантрабандаю золата, Шуманскі-малодшы хоча зрабіць дзяўчыне прапанову. І адсочвае яе да нейкага хутара. А там заспявае Раду ў ложку з бацькам, які, зрэшты, кпліва прызнаўся, што і не бацька ён яму ніякі: маці нагуляла Юрака з рускім афіцэрам. Звар'яцелы, маладзён хапае са сцяны стрэльбу і забівае абаіх. 

Гэта бачыць і Антон Смоліч, які пільнаваў Шуманскага-старэйшага дзеля помсты. А за самім партызанам у гэты час сачыў варшаўскі следчы дэфензівы Леслаў Квяткоўскі (Руслан Чарнецкі). Узяўшы партызана, ён дапытвае Юрака — той прызнаецца ў забойстве. І тут сюжэтны паварот не стаў неспадзяваным. Каварны контрвыведнік (вось каго б сыграў Анатоль Кот, каб быў лукашыстам) мог паведаміць у сталіцу пра непрывабную карціну: польскі памежнік-гуляка забіты сынам у ложку з каханкай. Але побач партызан, ад рук якога мог загінуць сумленны грамадзянін Польшчы, баронячы сваю сям'ю. Вось так Саюз выконвае Рыжскую дамову, засылаючы дыверсантаў у дамы цывільных! Лёс Юрака Шуманскага, вядома, вырашаны.

— Ніякіх сведак — толькі ахвяры.

— А інакш нельга?

— Нашымі рукамі чыніцца гісторыя.

У форме з бародкай — Шуманскі-старэйшы. У цывільным — Квяткоўскі, следчы дэфензівы. Героі-палякі ў фільме — шаблонна-стэрэатыпныя. Скрыншот з відэа

Уздымаецца міжнародны рэзананс, які даходзіць і да Масквы, — галоўнае разведупраўленне Чырвонай арміі забараняе аперацыі ў Польшчы. Такая гісторыя ў 1925-м сапраўды была: Крэмль спыніў дыверсійную дзейнасць на заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх землях. Але прычынай стала не правакацыя дэфензівы, а ўласная недарэчнасць. Уцякаючы ад пераследу, атрад савецкіх дыверсантаў у польскай форме абстраляў сваіх жа памежнікаў і знішчыў будынак камендатуры на заставе.

СССР абвінаваціў Польшчу ў нападзе, але, высветліўшы праўду, забараніў «актыўныя мерапрыемствы» ў суседняй рэспубліцы. Публічна, праўда, віны не прызналі: у Варшаву пайшла дыпламатычная нота, у якой палякаў абвінавачвалі, аднак прапаноўвалі вырашыць канфлікт мірным шляхам. Тыя падзеі назвалі Ямпальскім інцыдэнтам (Ямпаль знаходзіцца ва Украіне).

Аўтары «На іншым беразе» вырашылі не паказваць канфузу бальшавікоў, стварыўшы прыгожую гісторыю.

У Менску Рубцова чуе пра загад Масквы ад свайго начальніка і бачыць польскую газету з абвінавачаннем Смоліча-старэйшага. Яму адназначна пагражае смяротнае пакаранне, але прапанову дыверсанткі вызваліць партызанскага камандзіра ўспрымаюць у штыкі. Раззлаваная, дзяўчына ідзе на ўласную кватэру, дзе ў той час сядзіць Павел. Убачыўшы артыкул пра брата, ён не верыць у польскі паклёп — яго каханая тым часам даведваецца праўду пра Смолічаў — і, вядома (а як жа магло быць інакш?), збіраецца на той бераг дзеля яго вызвалення. Рубцова, нягледзячы на забарону, ідзе з ім — і там падымае падпольшчыкаў. Усе разам пранікаюць у турму і з боем вызваляюць адтуль таварыша, заадно выпусціўшы іншых вязняў.

Гэта яшчэ адзін штрых да падабенства Смоліча-старэйшага і Паўла Корчыка. Лагіновіча аднадумцы таксама вызвалілі з польскай турмы — гэта прыпісваюць савецкаму тэрарысту Станіславу Ваўпшасаву (сапраўднае прозвішча — Ваўпшас).

На гэтым месцы «Міс Беларусь» Элеанора Качалоўская, імаверна, хацела б бачыць хэпі-энд, але не гэтым разам. У найлепшых традыцыях экшну Смолічы, Рубцова і невядомы партызан-кіроўца ўцякаюць ад пагоні на грузавічку. Зразумела, пры гэтым забіваюць жандараў. І вось ужо каля мяжы, калі ад пераследу, здаецца, адарваліся, Антона напаткала куля.

Мужчына задыхаецца на вачах брата і таварышаў. Павел не можа стрымаць слёз і воклічу «Так не павінна быць!» ля памежнага слупа, але раптам яго гукае Леся: «Антон жывы!» Група пераносіць параненага на іншы бераг, дзе іх сустракае савецкая памежная варта.

Знаёмая канцоўка? Вы ўжо маглі бачыць яе ў іншай вядомай стужцы «Беларусьфільма» — «Дзяржаўная мяжа. Усходні рубеж» — трэцім фільме вядомай серыі 80-х. Узяўшы ў прыгранічным кітайскім Харбіне, што сабраў сотні тысяч рускіх эмігрантаў, высокапастаўленага белага афіцэра, чэкісты Могілаў і Анісімава вязуць яго да мяжы. Але палкоўнік параніў дыверсанта, а жанчына стрэліла ў яго, даехала да ўмоўленага месца і, пакінуўшы спадарожнікаў у машыне, пайшла ў бок мяжы насустрач світанку. У абодвух выпадках глядач так і не даведаўся пра лёс параненых.

А сапраўднага Язэпа Лагіновіча чакаў незайздросны фінал. У 1936-м НКВД арыштаваў былога партызана як агента дэфензівы — абвінавачванне, найхутчэй што фальшывае, каштавала яму 5 гадоў лагераў. Ужо падчас адбыцця пакарання яго двойчы (у 1938-м і 1939-м) асудзілі да расстрэлу, але вырак так і не выканалі. Увесну 1940-га ён сам памёр у мінскай турме, так і не ўбачыўшы Заходняй Беларусі ўжо ў БССР. Калі Антон Смоліч і не сканае — нічога добрага яму не свеціць. 

Заканчваецца фільм гістарычнай даведкай, агучанай закадравым голасам уральца Уладзіміра Гасцюхіна:

«Асноўнай задачай кіраўніцтва Польшчы было зруйнаванне тонкага міру з СССР, каб працягнуць сваю захопніцкую палітыку. Ім была патрэбная ўся тэрыторыя Беларусі. Яны трызнілі пра крэсы ўсходнія, пра адраджэнне Рэчы Паспалітай. Але дзякуючы прафесійным дзеянням савецкіх контрвыведнікаў і падпольшчыкаў з ліку мясцовых жыхароў правакацыя акупантаў была сарваная. Мір гэтым разам устаяў. Аднак наперадзе яшчэ былі доўгія крывавыя гады барацьбы. Барацьбы за адзінства народа. За адзінства Беларусі».

Вось здзівіліся б гэтым словам у тагачаснай Польшчы, якая ў 1921-м добраахвотна адмовілася ад Усходняй Беларусі, разумеючы, што столькі непалякаў ім не ператравіць.

Для каго гэта здымалі?

Адразу ж з пачаткам цітраў зала імкліва пусцее — застаецца некалькі чалавек. 

Ці знойдзе фільм сваю аўдыторыю? Вялікай яна не будзе. Хаця адсутнасць звыштапорнай прапаганды і робіць «На іншым беразе» не такім таксічным, як, прыкладам, «Не гульню», знятую некалькі гадоў таму пра беларускае войска. 

Людзі, якія ведаюць беларускую гісторыю, будуць абражаныя. Не знойдзе ён станоўчых водгукаў і ў тонкіх аматараў: няма тут суцэльнага матыву, які б ішоў скрозь увесь фільм, як гэта было, прыкладам, у расійскім «Калашнікаве» (2020).

Лёгкая драма з рамантычнай лініяй і экшнам можа прыйсціся даспадобы непатрабавальным гледачам. Вось яны і могуць праглынуць закладзеную ў фільм пілюлю — «палякі — гады і ворагі». 

Чытайце таксама:

Галоўнае — каб у фільма быў хэпі-энд. БРСМ звадзіў «Міс Беларусь» на прэм'еру прапагандысцкай карціны

На паказах прапагандысцкага фільма «На іншым беразе» арганізоўваюць аншлагі, адміністрацыйны рэсурс ужо запушчаны

У Мінску на прэм’еру фільма з фэйкамі пра Бучу прыйшла толькі Бондарава з сяброўкамі

Каментары22

  • Мы пераможам!!!
    17.09.2023
    Фашистско-террористический режим лукашенко - не более чем уродливый косплей СССР, мерзкая отрыжка сталинизма! Всё, что только не пытаются изобразить лукашисты - такое же уродливое и нелепое, как и они сами! Жыве Беларусь! Мы пераможам! ⬜️🟥⬜️
  • Шоў
    17.09.2023
    Гэта ўзровень! Нават зрабілі анонс па-польску!
    https://www.facebook.com/photo?fbid=781138840683926&set=a.499195798878233
  • даведка
    17.09.2023
    Этот фильм российского режиссёра с актёрами, говорящими на русском языке, не сдался даже в самой России.

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыпламатычнае слова9

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыпламатычнае слова

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін сустрэўся з прэм'ерам Славакіі Робертам Фіца19

«Мы бясконца смяёмся з Макса Каржа. А хто раскупіў усе квіткі на яго канцэрт?» Найлепшыя твіты тыдня3

Сукенкі за 135 рублёў, футболкі — за 120. У Мінску адкрылася новая крама беларускіх дызайнераў

Халезін: Самыя вялікія ганенні на Свабодны тэатр былі пры Латушку. Але яму не трэба каяцца перада мною10

Ці могуць не пусціць у краму за 5 хвілін да закрыцця і да якога часу павінны працаваць касіркі2

Сапраўднай снежнай зімы на наступным тыдні не чакайце2

Хлопец на Infinity насмерць разбіўся ў Іванаўскім раёне, з ім ехала 16-гадовая дзяўчына2

Беларусы цярпілы? Няма розніцы, на якой мове размаўляць? Гурневіч не згодны36

У БДУ ў наступным годзе адкрыюць чатыры новыя спецыяльнасці — ёсць і незвычайная1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыпламатычнае слова9

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыпламатычнае слова

Галоўнае
Усе навіны →