Чым выбітны Юн Фосэ, новы нобелеўскі лаўрэат па літаратуры? «Ëн піша на нованарвежскай», расказвае яго перакладчык на беларускую мову

Яго называюць новым Генрыхам Ібсенам, і доўгі час ён быў найпапулярнейшым еўрапейскім драматургам. Ягоныя п'есы і раманы перакладзены на дзясяткі моў, але беларусам ён амаль не вядомы. Разам з адзіным яго перакладчыкам на беларускую мову Янам Максымюком разабраліся ў тым, чым адметны Юн Фосэ.

05.10.2023 / 20:24

Юн Фосэ, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2023 года. Фота: Wikimedia Commons

Юн Фосэ нарадзіўся ў 1959 годзе ў камуне Хёўгесун на захадзе Нарвегіі. Ва ўзросце сямі гадоў ён трапіў у сур’ёзную аварыю, у якой ледзь не загінуў. Гэты выпадак моцна паўплываў на будучага пісьменніка. У Бергенскім універсітэце вывучаў літаратуру, пасля працяглы час працаваў журналістам і рэдактарам у мясцовых выданнях і выдавецтвах. 

Яшчэ падлеткам Фосэ пісаў уласныя тэксты да музычных твораў. Як празаік ён дэбютаваў у 1983 годзе з раманам «Чырвонае, чорнае» («Raudt, svart»), а як драматург — у 1994 годзе з п’есай «І ніколі не расстанемся» («Og aldri skal vi skiljast»), якая была пастаўлена на Нацыянальнай сцэне ў Бергене. У наступныя дзесяцігоддзі Фосэ апублікаваў некалькі дзясяткаў раманаў і п'ес, а таксама пісаў кароткую прозу, вершы і эсэ. Яго кнігі «Меланхолія», «Трылогія», «Хтосьці збіраецца прыйсці» былі цёпла ўспрынятыя як чытачамі, так і крытыкамі.

Фосэ таксама вядомы творамі для дзяцей і сваімі перакладамі на нарвежскую мову твораў іншых аўтараў.

На сёння на беларускую мову быў перакладзены толькі пачатак ягонай аповесці «Бессань». Яго пераклаў яшчэ ў 2007 годзе Ян Максымюк з Беласточчыны. Беларускі журналіст і перакладчык так пракаментаваў прысуджэнне нарвежскаму пісьменніку Нобелеўскай прэміі па літаратуры і свае прычыны зацікаўлення яго творчасцю:

«Нобелеўскую прэмію нарвежцу Юну Фосэ прарочылі ўжо даўно. А яшчэ даўней я стаў чытаць гэтага аўтара, калі вырашыў падвучыць нарвежскую мову. Фосэ піша на нованарвежскай (nynorsk) — менш вядомым у свеце варыянце нарвежскай мовы (або на асобнай ад bokmål нарвежскай мове, як лічаць іншыя)».

Крытыкі называюць Фосэ другім паводле значнасці нарвежскім драматургам пасля Генрыха Ібсена. Але ў адрозненне ад Фосэ, які аддае перавагу нюнорску, нованарвежскай мове, што сфармавалася на аснове народных гаворак і дагэтуль з'яўляецца асноўным варыянтам у яго роднай заходняй Нарвегіі, Ібсен пісаў на букмоле, «кніжным» варыянце нарвежскай, што сфармаваўся на аснове дацкай мовы, так бы мовіць, на «высокай трасянцы».

«Шырэйшае прызнанне ў свеце ён здабыў перадусім як аўтар «мінімалістычных» экзістэнцыйных п’есаў. Гэта для беларусаў загучыць дзіўна або і зусім дзіка, але ў 1990-х і ў нулявых ён быў самым папулярным жывым драматургам у Еўропе, што тычыцца колькасці выстаўлення ягоных п'есаў на сцэне», — адзначае Максымюк.

Ён і сёння лічыцца адным з самых запатрабаваных драматургаў не толькі ў Нарвегіі, але і ва ўсім свеце. У п’есах Фосэ мала ад традыцыйнай драмы, яны набліжаны да паэзіі. Яго п’есамі рухаюць унутраны канфлікты і напруга, а не вонкавыя прычыны. Крытыкі характарызуюць іх як «постдраматычны тэатр».

Усе яго больш як 30 п’есаў былі апублікаваны і пастаўлены на тэатральнай сцэне. Агулам яго драматургічныя творы перакладзены ўжо больш як на 50 моў, а раманы больш як на 20.

Параўнання са знакамітым папярэднікам «новаму Генрыху Ібсену» ніяк не пазбегнуць. Не выпадкова і тое, што Фосэ двойчы ўзнагароджвалі прэміямі ў галіне драматургіі імя Ібсена — спачатку ў 1996 годзе за драму «Імя» («Namnet»), а пасля аднайменнай міжнароднай прэміяй у 2010 годзе. Памер апошняй прэміі складаў 2,5 мільёны нарвежскіх крон, што эквівалентна 500 000 даляраў. 

У 2011 годзе пісьменнік стаў адным з кансультантаў новага перакладу Бібліі на букмол. Магчыма, гэтая праца паўплывала на тое, што ў 2013 годзе ён зрабіў досыць незвычайны крок, перайшоўшы ў каталіцтва, пры тым што ў пераважна пратэстанцкай краіне доля католікаў складае трохі больш за адзін адсотак.

За свой унёсак у мастацтва і культуру Нарвегіі Юн Фосэ быў удастоены ў 2011 годзе права карыстацца Гротэнам, сядзібным домам XIX стагоддзя на тэрыторыі Каралеўскага палаца ў цэнтры Осла. Тут ён жыве са сваёй жонкай Ганнай, славацкай перакладчыцай і мовазнаўцай, і двума дзецьмі.

Узяўшы ўсе значныя нацыянальныя і еўрапейскія літаратурныя вяршыні, нескароным заставаўся толькі літаратурны Нобель. Нобелеўская прэмія па літаратуры прысуджаецца штогод аўтару «самага значнага літаратурнага твора ідэалістычнай скіраванасці».

Ён шмат разоў быў сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў мінулым дзесяцігоддзі, у тым ліку і ў 2015 годзе, калі прэмія была прысуджана беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч. 

Сёлета Юн Фосэ быў сярод фаварытаў прэміі і нарэшце атрымаў доўгачаканую ўзнагароду. Як паведаміў Нобелеўскі камітэт, прэмія была прысуджана яму «за наватарскія п'есы і прозу, якія выказваюць невымоўнае».

Застаецца спадзявацца, што высокая ўзнагарода, атрыманая нарвежскім драматургам, падштурхне беларускіх перакладчыкаў і тэатральных рэжысёраў бліжэй пазнаёміць беларусаў з ягонай творчасцю.

Чытайце таксама:

«На беразе Волі». Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча 

Выйшла кніга ісландскай паэзіі па-беларуску

«Цынкавых хлопчыкаў» Алексіевіч зараз можна паслухаць па-беларуску

«Займацца рэдкімі мовамі — быць у авангардзе, а не дыназаўрам». Нямецкая перакладчыца расказала аб працы з беларускай мовай

Nashaniva.com