Хочуць павысіць падатак на першую кватэру і аўтамабілі, павялічыць нагрузку на ІП. Якія змены рыхтуюць у Падатковы кодэкс

Паглядзелі, якія змены ў падаткаабкладанні могуць чакаць нас з 1 студзеня 2024 года. Праект зменаў у Падатковы кодэкс апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.

06.10.2023 / 17:16

Фота: Contributor Getty Images

Падатак за першую кватэру

З наступнага года ўлады плануюць павысіць памер разліковага кошту аднаго квадратнага метра тыпавога капітальнага будынка — гэта ў сваю чаргу прывядзе да росту падатковых ставак за першую кватэру. 

Памер падатку складае 0,1% ад кошту аднаго квадратнага метра. 

Для Мінска разліковы кошт будзе складаць 968 рублёў, замест 900 цяперашніх.

Вынікае, што замест 45 рублёў за сталічную двухпакаёўку плошчай 50 «квадратаў» давядзецца заплаціць 48,4 рубля.

З кватэру аналагічнай плошчы ў абласных цэнтрах і Мінскім раёне падатак мусіць вырасці з 37 рублёў 50 капеек да 40 рублёў 30 капеек.

Падатак за першую кватэру ў Беларусі пачалі спаганяць з 2022 года.

Падатак за дарогі

Законапраект таксама прадугледжвае новыя стаўкі транспартнага падатку. 

Яго памер залежыць ад вагі аўтамабіля і формы ўласнасці. Для фізічных асоб за легкавы аўтамабіль прырост падатку можа скласці ад 5 да 17 рублёў. 

Напрыклад, за аўтамабіль вагой не больш за 1,5 тоны з наступнага года давядзецца заплаціць 66 рублёў замест 61 цяпер. За аўтамабіль вагой ад 1,75 тоны да 2 тон — 110 рублёў замест 102 цяпер, а калі агульная дапусцімая вага аўтамабіля большая за 3 тоны, то падатак налета вырасце з 223 да 240 рублёў.

Стаўкі за грузавыя аўто, якія знаходзяцца ва ўласнасці фізічных асоб, вырастуць на 12-38 рублёў у залежнасці ад вагі транспартнага сродку. 

За грузавы і грузапасажырскі аўтамабіль з дазволенай максімальнай масай да 2,5 тон падатак будзе складаць 174 рублі, ад 2,5 да 3,5 тон ужо 371 рубель. 

Транспартны падатак за матацыкл і прычэп агульнай вагой да 750 кілаграм плануюць павялічыць на 3 рублі — да 44 рублёў.

Падаткі для ІП

З наступнага года ў чарговы раз хочуць павысіць стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў.

Так, сталічным прадпрымальнікам, якія аказваюць паслугі рамонту прадметаў асабістага карыстання і бытавых вырабаў, плануюць павялічыць стаўку адзінага падатку з 612 да 658 рублёў. Прадпрымальнікі з абласных цэнтраў і Мінскага раёна пры ўхваленні законапраекта будуць вымушаны плаціць 456 рублёў замест 424.

Адзіны падатак для ІП, якія здаюць жытло ў кароткатэрміновую арэнду, падымуць з 620 да 667 рублёў для Мінска, з 578 да 621 рублёў для ІП з абласных цэнтаў і Мінскага раёна. 

З поўным спісам змен і новымі стаўкамі падаткаў, якія плануюць увесці з наступнага года можна азнаёміцца па спасылцы. Законапраект яшчэ не разглядаўся Палатай прадстаўнікоў і не зацверджаны.

Чытайце таксама: 

Планавыя праверкі арганізацый. Да каго завітаюць з праверкай ужо ў кастрычніку

Беларускім ІП улады паступова ўскладняюць жыццё. А на якіх умовах працуюць прадпрымальнікі ў Польшчы і Літве?

Nashaniva.com