Эканоміка55

Беларускім ІП улады паступова ўскладняюць жыццё. А на якіх умовах працуюць прадпрымальнікі ў Польшчы і Літве?

Пачынаючы з 2021 года, беларускім індывідуальным прадпрымальнікам павышаюць падаткі, пазбаўляюць іх ільгот па адлічэннях у ФСАН, рыхтуюць спіс відаў дзейнасці, якімі нельга будзе займацца без рэгістрацыі юрыдычнай асобы. Паглядзелі, на якіх умовах дробны бізнэс працуе ў Польшчы і Літве.

Польшча

Найбольш блізкім па статусе і магчымасцях да беларускіх ІП у Польшчы з'яўляецца дзейнасць, якая мае назву «аднаасобная прадпрымальніцкая дзейнасць» (польск. jednoosobowa działalność gospodarcza).

Працуючы ў такім статусе, можна выбіраць адзін з трох варыянтаў падаткаабкладання.

Па агульнай сістэме падаткаабкладання польскі ІП плаціць 12% падатку ад заробку. Такая стаўка прыменяцца толькі ў выпадку, калі гадавы даход не перавышае адзнаку ў 120 тысяч злотых (каля 27 тысяч еўра). Пасля гэтай сумы падатак узрастае да 32%. Павялічаную стаўку ўжываюць толькі да сумы, якая ідзе пасля 120 тысяч.

Іншы варыянт — лінейная сістэма. У такім выпадку стаўка падатку на прыбытак застаецца нязменнай у незалежнасці ад памеру даходаў. Яна складае 19%. Такі варыянт найлепей пасуе тым, хто мае вялікія даходы.

Трэці варыянт — праца па спрошчанай сістэме падаткаабкладання. У такім выпадку падаткам абкладаецца не даход, а ўся сума прыходу. Стаўкі ў залежнасці ад відаў дзейнасці вагаюцца ад 2 да 17%.

Таксама ў Польшчы існуе аналаг нашага адзінага падатку, які можна выкарыстоўваць толькі для пэўнага спісу дзейнасці. Але пачынаючы з 2022 года гэтая сістэма падаткаабкладання зазнала сур'ёзныя змены. Плаціць яго могуць толькі тыя прадпрымальнікі, якія ўжо карысталіся гэтай сістэмай да 2021 года. Той, хто распачаў сваю дзейнасць з 2022 года або раней не выкарыстоўваў гэтую сістэму, працаваць па ёй не можа. Давядзецца выбіраць з трох вышэй пералічаных варыянтаў падаткаабкладання. Сярод іншага, такія прадпрымальнікі маюць абмежаванні па колькасці наёмных супрацоўнікаў. Іх можа быць не больш за пяць.

Але падаткі — гэта не адзіныя абавязковыя выдаткі, якія кладуцца на плечы прадпрымальнікаў. Апроч падаткаў польскім ІП даводзіцца рабіць адлічэнні ў ZUS — аналаг нашага ФСАН.

Для польскіх прадпрымальнікаў, якія ўпершыню толькі пачалі працаваць у якасці ІП, існуе льготны перыяд. На 6 і 24 месяцы.

Калі не паглыбляцца ў дэталі, то вынікае, што цягам першых шасці месяцаў абавязковыя адлічэнні польскага ІП будуць складаць каля 85 еўра ў месяц — гэта абавязковае медыцынскае страхаванне.

Яшчэ паўтара гады пасля гэтага можна карыстацца іншай льготай, якая дазваляе плаціць у ZUS на 30% менш, чым гэта робяць прадпрымальнікі са стажам. Да снежня 2023 года гэта 1047 злотых (каля 235 еўра). Да гэтай сумы давядзецца дадаць медыцынскае страхаванне — мінімум 376 злотых (каля 85 еўра). Абавязковыя адлікі па медыцынскім страхаванні павялічваюцца ў залежнасці ад абароту ІП. Пры гадавым даходзе больш за 60 тысяч злотых (каля 13,5 тысячы еўра) сума адлічэння ўзрастае амаль у два разы і складае ўжо каля 150 еўра. 

У выніку атрымліваецца, што першыя 6 месяцаў выдаткі польскага ІП у аналаг беларускага ФСАН складаюць 85 еўра, пасля чаго гэта сума раўняецца ўжо 320 еўра. Па завяршэнні ўсіх льготных перыядаў мінімальная сума адлічэнняў будзе складаць 1800 злотых, ці каля 400 еўра штомесяц. І гэта толькі абавязковыя адлічэнні ў ФСАН без уліку падатку на прыбытак.

Пры гэтым для прадпрымальнікаў з малымі абаротам існуе магчымасць карыстацца праграмай «Mały ZUS Plus» (малы ФСАН плюс). Тады месячныя ўзносы будуць роўныя каля 878 злотых, ці каля 200 еўра. Каб скарыстацца такой магчымасцю, польскі ІП мусіць адпавядаць шэрагу крытэрыяў.

Літва

Аналагам беларускага ІП у Літве можна назваць індывідуальную дзейнасць (літ. individualią veiklą). 

Там можна выбраць два варыянты працы: па даведцы аб індывідуальнай дзейнасці або па пасведчанні аб прадпрымальніцтве (патэнт). Працуючы па пасведчанні аб прадпрымальніцтве, купляюць патэнт, разам з якім аплачваюць фіксаваны падатак. Такія прадпрымальнікі маюць шэраг абмежаванняў у адрозненне ад тых, хто працуе па даведцы аб індывідуальнай дзейнасці. Праца па патэнце па аналогіі з Беларуссю больш нагадвае самазанятых, чым ІП.

У дачыненні да літоўскіх ІП (якія працуюць па даведцы аб індывідуальнай дзейнасці) прымяняцца стаўка падаходнага падатку ў памеры 5-15% у залежнасці ад сумы даходу. Стаўка ў 5% дзейнічае, калі чысты гадавы прыбытак ад прадпрымальніцкай дзейнасці не перавышае 20 000 еўра. Калі гадавы даход ІП будзе большым за 35 тысяч еўра, то давядзецца плаціць 15% падатку. Калі, напрыклад, чысты гадавы прыбытак складзе 30 тысяч еўра, то падатак будзе каля 11,7%.

Пад чыстым прыбыткам разумецца сума, якая застаецца пасля падліку выдаткаў. Калі ІП не хоча гэтым займацца, то дазваляецца аўтаматычна спісваць 30% ад сумы на выдаткі. І ўжо з лічбы, якая застаецца, плаціць падатак 5-15%.

Літоўскія ІП, як і іх польскія і беларускія калегі, таксама мусяць рабіць адлічэнні ў аналаг беларускага ФСАН (літ. Sodra).

У адрозненні ад Польшчы, у Літве няма мінімальнай сумы, якую ІП мусіць плаціць у Sodra. Адзіны абавязковы фіксаваны плацеж тычыцца медыцынскага страхавання, які складае амаль 59 еўра ў месяц. Калі ІП паралельна працуе па працоўнай дамове, то гэты плацеж самому плаціць не трэба, бо гэта ўжо робіць працадаўца.

Таксама для тых, хто ўпершыню адкрывае індывідуальную дзейнасць, існуюць ільготы. Першы год літоўскі ІП мае права цалкам адмовіцца ад адлічэнняў у Sodra.

Па завяршэнні льготнага перыяду выплаты ў літоўскі ФСАН будуць раўняцца 19,5%. Плаціць іх трэба ад 90% чыстага прыбытку. Ніякага абавязковага мінімуму, як у Польшчы, не існуе.

А што ў Беларусі?

Пасля таго, як беларускім ІП забаранілі працаваць па спрошчанай сістэме падаткаабкладання, большасць прадпрымальнікаў былі вымушаныя перайсці на агульную сістэму падаткаабкладання, якая з 2023 года складае 20% ад заробку. З наступнага, 2024 года, стаўку плануюць падняць да 25%.

Што тычыцца адлічэнняў у ФСАН, то яны ў Беларусі фіксаваныя і адносна невялікія. Памер адліку ў фонд складае 35% ад мінімальнага заробку, ці каля 194 рублёў па стане на травень бягучага года.

Чытайце таксама: 

Змены, якія перажывуць не ўсе, а адчуюць многія. Што ўлады рыхтуюць для ІП

Каментары5

  • SHOS
    22.06.2023
    Бобр, зус ХОТЕЛИ в процентах привязать к доходу. Но отказались
    Зус платится как процент от средней зарплаты в стране
  • Acab
    22.06.2023
    Паўсюль дзяржава прыгнятае асобу, касмэтычная розьніцца ў ступені, адценьнях
  • мясцовы2
    22.06.2023
    Acab, гэта норма)

У Калінкавічах раніцай узарваўся «шахед»?8

У Калінкавічах раніцай узарваўся «шахед»?

Усе навіны →
Усе навіны

Пачалася масавая вакцынацыя супраць грыпу. Цана пытання?

Школьнікаў у Мазыры навучаюць на аператараў беспілотнікаў для арміі3

Сядзелка ў Мінску скрала золата і грошы з кватэры кліента1

Гэтай ноччу ў Беларусь заляцеў чарговы «шахед»1

У Клецку ледзь не згвалтавалі 12-гадовую школьніцу2

Асуджанай на 20 гадоў палітзняволенай навесілі яшчэ паўтара года2

Унікальны выпадак: вызваленага па амністыі вярнулі ў калонію. Гэтага дамагліся бацькі ахвяры2

Шчанюкоў забівалі камянямі: жудасная гісторыя на Салігоршчыне5

Расійскага хлопца, якога за спалены Каран збіў сын Кадырава, абвінавацілі і ў дзяржздрадзе1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Калінкавічах раніцай узарваўся «шахед»?8

У Калінкавічах раніцай узарваўся «шахед»?

Галоўнае
Усе навіны →