«Мама, гэта калібры!» У Гродне заўважылі істоту, вельмі падобную да мініяцюрнай птушкі

Незвычайную істоту заўважылі ў канцы верасня каля адной з гродзенскіх школ. Убачыць кагосьці вельмі падобнага да калібры пашанцавала чытачцы NewGrodno.by, якая зняла ўсё на відэа.

06.10.2023 / 18:03

Калібры — гэта вельмі маленькая птушка, якая махае крыламі з неверагоднай хуткасцю і пырхае ад кветкі да кветкі. Але яна ў нашых краях не жыве.

Таму аўтарка відэа была ўражаная, калі заўважыла кагосьці вельмі падобнага да мініяцюрнай птушачкі ў Гродне.

Але, хутчэй за ўсё, гэта быў незвычайны матылёк з роду бражнікаў — языкан звычайны. Цёплае надвор'е паспрыяла таму, што гэтая госця з поўдня зазірнула ў наш край.

У матылька-языкана вялікі хабаток, які падобны да дзюбы калібры. Ён, як і птушка, актыўна працуе крыламі і здольны завісаць над кветкамі, каб высмактаць з іх нектар. Матылёк сустракаецца ў біятопах, якія добра праграваюцца, на ўзмежках лясоў.

Від здольны да далёкіх міграцый. У яго развіваюцца два пакаленні ў год. Першае пакаленне (лёт з пачатку мая да сярэдзіны ліпеня) складаецца ў асноўным з асобін, якія прылятаюць з поўдня, а частка матылькоў другога пакалення (лёт з канца жніўня да канца кастрычніка) восенню мігруе на поўдзень.

Чытайце таксама:

Страшная поедзь: кожны год Лунінец атакуюць вусені амерыканскага белага матыля

Мёд, балоты і дубы. Дзе і як адпачыць на Палессі восенню?

«З якіх гэта часоў у Беларусі штрафуюць за кармленне галубоў?» У Малінаўцы пабачылі дзіўную абʼяву

Nashaniva.com