Афіцыйны Мінск выказаў «сур'ёзную занепакоенасць у сувязі з рэзкім абвастрэннем сітуацыі ў Ізраілі»

«Лічым непрымальнай любую праяву агрэсіі, а ахвяры сярод мірнага насельніцтва — недапушчальнымі», — падкрэслілі ў МЗС.

07.10.2023 / 12:30

Фота: Наша Ніва

Беларусь выказала сур'ёзную занепакоенасць у сувязі з рэзкім абвастрэннем сітуацыі ў Ізраілі, якое суправаджаецца чалавечымі ахвярамі. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў.

«Лічым непрымальным любую праяву агрэсіі, а ахвяры сярод мірнага насельніцтва — недапушчальнымі, — падкрэслілі ў МЗС. — Заклікаем бакі супрацьстаяння прыняць тэрміновыя меры для дээскалацыі напружанасці ў рэгіёне».

У Беларусі перакананыя ў безальтэрнатыўнасці шляху прамых перамоў для доўгатэрміновага ўрэгулявання палесціна-ізраільскага крызісу, гаворыцца ў заяве МЗС.

Разам з тым у ведамстве адзначылі, што пакуль інфармацыі аб пацярпелых грамадзянах Беларусі ў пасольства не паступала.

Пасольства Беларусі ў Тэль-Авіве знаходзіцца ў кантакце з кампетэнтнымі органамі краіны знаходжання і пастаянна адсочвае сітуацыю, паведамляе МЗС.

Чытайце таксама:

ХАМАС захапіла сем ізраільскіх гарадкоў і пасёлкаў на мяжы сектара Газа

Баевікі ХАМАС увайшлі ў ізраільскія гарады Ашкелон і Сдэрот

Прэм'ер Ізраіля: Гэта вайна

Nashaniva.com