Напад ХАМАС на Ізраіль. Па ўсёй тэрыторыі краіны ўведзена надзвычайнае становішча
Атака ХАМАС у суботу раніцай стала найбуйнейшай за апошнія гады. З 6:29 у цэнтры і на поўдні Ізраіля былі чутныя сірэны, якія папярэджваюць аб ракетных абстрэлах, і выбухі. Адначасова з ракетным абстрэлам узброеныя баевікі змаглі перасекчы мяжу Ізраіля на некалькіх участках і захапіць сем гарадкоў і пасёлкаў. Міністр абароны Ізраіля абвясціў пра масавы прызыў рэзервістаў.
Армія абароны Ізраіля прыведзеная ў баявую гатоўнасць у адказ на ракетны абстрэл з боку сектара Газа і пранікненне баевікоў у памежныя раёны, піша РБК.
Міністр абароны Ёаў Галант абвясціў пра масавы прызыў рэзервістаў.
Вайскоўцы заклікалі жыхароў паўднёвых і цэнтральных раёнаў заставацца ў сховішчах. «Начальнік Генеральнага штаба праводзіць ацэнку сітуацыі і зацвярджае планы працягу дзеянняў ЦАХАЛ», — гаворыцца ў заяве арміі.
У першапачатковай справаздачы Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) гаварылася, што некалькі тэрарыстаў пранікла на ізраільскую тэрыторыю з сектара Газа.
«Жыхароў раёна, які прылягае да сектара Газа, папрасілі заставацца ў сваіх дамах», — гаворыцца ў заяве арміі.
Затым ЦАХАЛ заявіў: «Ізраільцяне па ўсёй краіне прачнуліся ад гуку сірэн і ракетнага абстрэлу ХАМАС з Газы гэтай раніцай. Мы будзем абараняцца».
Канцылярыя прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху паведаміла, што павінна адбыцца сустрэча кіраўнікоў службаў бяспекі.
Масіраваны абстрэл Ізраіля працягваецца з 7 раніцы па мясцовым часе (супадае з мінскім); улады ўсклалі адказнасць на палесцінскі ісламісцкі рух ХАМАС. Некалькі чалавек атрымалі раненні, адна жанчына памерла.
Рух ХАМАС абвясціў пра пачатак ваеннай аперацыі супраць Ізраіля пад назвай «Паводка Аль-Акса».
У сваёй заяве Мухамед ад-Дэйф, кіраўнік ваеннага крыла ХАМАС, абвінаваціў ізраільскі бок у акупацыі і «неаднаразовых уварваннях у мячэць Аль-Акса».
Па сцвярджэнні ХАМАС, па ізраільскіх пазіцыях было выпушчана больш за 5 тысяч ракет і снарадаў.
***
10:24
Міністр абароны Ізраіля заявіў, што рух ХАМАС абвясціў яго краіне вайну, ізраільскія войскі вядуць баі з праціўнікам.
11:00
ЦАХАЛ назваў аперацыю ў Газе «Жалезныя мячы»
«Дзясяткі знішчальнікаў ВПС цяпер атакуюць цэлі тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС у сектары Газа», — гаворыцца ў заяве Арміі Ізраіля.
ЦАХАЛ зафіксаваў больш за 2200 запускаў ракет па тэрыторыі Ізраіля.
Бальніца «Сарока» паведамляе пра 80 параненых рознай ступені цяжкасці. Некаторыя з пацярпелых знаходзяцца «ў вельмі цяжкім стане», гаворыцца ў заяве медыцынскага цэнтра.
У сваю чаргу баевікі ХАМАС публікуюць відэа захопленых у палон ізраільцянаў. Сцвярджаецца, што ў палон папалі каля 35 чалавек. Акрамя таго, ХАМАС публікуе кадры з захопленай ізраільскай вайсковай базы, дзе вайскоўцаў расстралялі ў казарме, калі яны спалі.
11:30
Баевікі ХАМАС увайшлі ў ізраільскія гарады Ашкелон і Сдэрот
Ашкелон знаходзіцца на беразе Міжземнага мора за 7 км ад мяжы сектара Газа.
Жыхары выкладваюць відэа, як у суботу раніцай ісламісты патрулююць з аўтаматамі плошчу ў цэнтры горада. Таксама з'яўляюцца кадры баевікоў на вуліцах ізраільскага горада Сдэрот за 3 км ад Газы.
«Раней такога маштабнага нападу ХАМАС на Ізраіль ніколі не было. Тэрарысты захапілі цэнтр ізраільскага горада Ашкелон (7 км на поўнач ад Газа) пасля прарыву з сектара. Сдэрот таксама, мяркуючы па ўсім, часткова знаходзіцца пад кантролем ХАМАС. Гэта азначае вайну», — піша вайсковы аналітык BILD Юльян Рэпке.
11:45
Армія абароны Ізраіля пацвердзіла, што ХАМАС захапіў сем ізраільскіх гарадкоў і пасёлкаў каля сектара Газа
На карце паказана, як баевікі праніклі на тэрыторыю Ізраіля.
12:15
Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху выступіў са зваротам наконт апошніх падзей
Ён заявіў: «Грамадзяне Ізраіля, мы ў стане вайны. Не аперацыі, не перастрэлкі. Вайны».
Ён запэўніў, што ХАМАС «заплаціць» за сённяшні напад.
Нетаніягу паведаміў, што распарадзіўся «зачысціць памежныя населеныя пункты ад тэрарыстаў» і «правесці мабілізацыю рэзервістаў».
Кіраўнік урада заклікаў грамадзян Ізраіля падпарадкоўвацца указаннем арміі і кіравання тылам, піша newsru.co.il.
12:45
Баевікі ХАМАС знішчылі ізраільскі танк Merkava Mk4, скінуўшы боепрыпасы з дрона
Раней Merkava Mk4 ў Ізраілі называлі самым незнішчальным танкам. За мяжу яго не прадавалі.
12:51
Папярэднія звесткі аб ахвярах
У Ізраілі забітыя ня менш за 22 чалавекі, каля 300 параненых.
Колькасць захопленых ізраільцян, якіх вывезлі ў Газу, невядомая. Крыніцы ў Газе заяўлялі пра 35 палонных.
Але гэтыя звесткі не пацверджаныя канчаткова і не з'яўляюцца афіцыйнымі, піша newsru.co.il.
13:44
На ўсёй тэрыторыі Ізраіля ўведзена надзвычайнае становішча
Міністр нацыянальнай бяспекі Ітамар Бэн-Гвір адзначае, што ўвядзенне рэжыму надзвычайнага становішча дасць паліцыі дадатковыя паўнамоцтвы.
Таксама прынята рашэнне аб прызыве добраахвотнікаў-паліцэйскіх.
14:47
Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) працягвае правядзенне аперацыі «Жалезныя мячы», наносячы ўдары па ваенных аб'ектах у сектары Газа.
ЦАХАЛ заяўляе, што на гэты момант атакаваныя 17 ваенных комплексаў і чатыры аператыўныя штабы ХАМАС у розных раёнах сектара Газа.
Тым часам ракетныя абстрэлы з Газы працягваюцца, піша newsru.co.il.
Каментары