«Міліцыянты прыехалі па яе, вярнулі тэлефон і перадалі работнікам БТ». Як пляменніца агаварыла цётку ў прапагандысцкай перадачы

Актывістка з Пастаўшчыны Ганна Федаронак расказала, як яе сваячку затрымалі за лайк пад яе фота, а пасля пад ціскам запісвалі для БТ. Па такой схеме могуць запісваць і іншых удзельнікаў прапагандысцкіх перадач.

12.10.2023 / 09:36

Фота: асабісты архіў Ганны Федаронак

«Яна казала пра мяне няпраўду, і я ўпэўнена, што яе змусілі»

Ганна Федаронак — кіраўніца шэлтара для беларускіх палітуцекачоў Варшаве. Некалькі гадоў вымушана жыве ў Польшчы і даўно не глядзіць беларускае дзяржаўнае тэлебачанне. Таму пра відэасюжэт прапагандысткі БТ Кацярыны Ціхаміравай з удзелам сваёй пляменніцы даведалася больш як праз тыдзень пасля выхаду праграмы ў эфір.

«Вользе 26 гадоў, яна выйшла замуж адразу пасля школы, у яе трое дзяцей, і нічым, акрамя сям'і, яна ніколі не цікавілася, распавядае Ганна пра сваячку. — У нашай радні няма больш апалітычнага чалавека, чым яна. Яна ніколі не ўдзельнічала ні ў якіх акцыях і ні пра які план «Перамога», можа, і не чула! У яе свая «шкарлупачка» — дом і дзеці. Так жыве шмат хто ў Беларусі. Пра палітыку я з ёй ніколі не размаўляла нават — не тое, каб прасіць яе кудысьці там уступаць. Я ўпэўнена, што яе змусілі мяне агаварыць».

Сёлета Вольга выпадкова трапіла пад «хапун»: у Варапаеве затрымалі 9 жанчын, якія паставілі лайкі пад фотаздымкамі Ганны Федаронак у «Аднакласніках». На той час старонкі актывісткі ў сацыяльных сетках былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».

За лайкі пад фота пляменніцу Ганны разам з астатнімі жанчынамі пратрымалі за кратамі 72 гадзіны, а потым аштрафавалі. У пастарунку з Вольгай сілавікі запісалі відэа — пра тое, нібыта цётка змушала яе хадзіць на пратэсныя акцыі. З гэтага і пачаўся ціск на маладую жанчыну.

На відэазапіс для тэлебачання забралі падманам

Падчас першага затрымання Вольга прызналася, што Ганна Федаронак — яе сваячка. І праз некалькі месяцаў, у жніўні, да яе дадому зноўку прыехалі міліцыянты. Зрабілі ператрус, нічога не знайшлі і павезлі запісваць відэа — цяпер пра план «Перамога» і пра тое, што Ганна Федаронак змушала яе туды ўступаць. Відэазапіс рабілі ў міліцыі, дзяўчына падчас яго плакала. А міліцыянты, падобна, адчулі, што на яе можна ціснуць бясконца, мяркуе Ганна:

«Санкцыі на ператрус не было, панятых не было, а потым Вольгу завезлі ў міліцыю і трымалі там да вечара. Запалохвалі, казалі, што забяруць дзяцей. Адабралі мабільны тэлефон — маўляў, будуць у ім шукаць падпіскі. А ўжо ў верасні патэлефанавалі, што нічога не знайшлі, і што тэлефон трэба забраць. І забраць яго можна толькі асабіста ў міліцыі — прывезці ў Варапаева ці неяк перадаць нібыта нельга. Вольга адмаўлялася — да райцэнтра далекавата, і дзяцей пакінуць няма на каго.

Але міліцыянты сказалі, што і адвязуць яе, і прывязуць назад. Па яе прыехалі, вярнулі тэлефон і перадалі работнікам БТ, бо запіс, які паказалі па тэлебачанні, зроблены ўжо не ў пастарунку, а ў гарадскім парку ў Паставах».

Ганна на пляменніцу не крыўдуе:

«Гэта вайна супраць мяне, я ўсё разумею. Таму ўсім сваякам даўно сказала, што стасункі са мной падтрымліваць небяспечна. І яны са мной не кантактуюць. Вольга пацярпела толькі за тое, што мы сваякі».

Фота: асабісты архіў Ганны Федаронак

Пра што пляменніца сказала праўду

Пляменніца Ганны Федаронак гаворыць у відэасюжэце і пра тое, што ейнай цётцы давялося «ў Польшчы прыбіраць і мыць падлогу» і што толькі потым яе «заўважылі Латушка і Ціханоўская». Бадай, што толькі гэтыя словы на свой адрас актывістка лічыць па-сапраўднаму крыўднымі:

«Прыбіраць — гэта хіба ганебна? Калі беларусы без ведання мовы прыязджаюць у Польшчу, я адразу кажу, што некваліфікаванай працы ёсць шмат, а для іншай — трэба хутчэй вучыць польскую. Сёння людзі з вышэйшай адукацыяй у Варшаве займаюцца прыборкай у гатэлях, і атрымліваюць па тысячы еўра. Спытайце ў беларускай прыбіральшчыцы, колькі атрымлівае яна, і ці хацела б рабіць такую самую працу, але тут і за еўрапейскі заробак?

Я працавала 7 месяцаў памочніцай па быце ў Паўла Латушкі, забяспечвала парадак у офісе, дапамагала падчас мерапрыемстваў. Я і прыбірала гэты офіс — калі трэба, брала анучу і мыла падлогу. І карона з мяне не звалілася! Бывала, і абеды прывозіла, і пячэнне для ўсіх пякла. І мяне не лічылі прыслугай. А калі людзі заўважылі мае арганізацыйныя здольнасці, мяне запрасілі кіраваць шэлтарам. Ні хвіліны мне не сорамна за гэта».

Памкненне прынізіць чалавека ўжо адным азначэннем «беглы» — гэта характэрны стыль сучасных дзяржаўных медыяў, кажа Ганна. Тых, хто верыць іхнай прапагандзе, застаецца толькі пашкадаваць. Ці з іх пасмяяцца.

На БТ паказалі і кадры з TikTok пра «бабу Галю»

Не супраца з апазіцыйнымі структурамі найбольш злуе ўлады, мяркуе Федаронак:

«Вольга ў тым сюжэце ўвесь час паўтарае, што я хацела быць «зоркай». У свой час я вучылася ў Беларускім інстытуце культуры на рэжысёра народнага тэатра, і ўсё жыццё, колькі сябе памятаю, я выступаю на сцэне. Толькі раней гэта быў клуб, а зараз TikTok, дзе ў мяне ёсць канал @baba_gala_rulit. Там амаль 20 тысяч падпісчыкаў.

Гэты канал ужо таксама запісалі ў «экстрэмісцкія матэрыялы», і я разумею, чаму: баба Галя, Нінка і дзед Грышка — гэта персанажы-вяскоўцы, якія пераказваюць адно аднаму беларускія афіцыйныя навіны паводле ўласнага разумення. Яны глядзяць толькі дзяржаўнае тэлебачанне, у бабы Галі на сцяне вісіць чырвона-зялёны сцяг і партрэт Лукашэнкі. Гэта такая сатыра, каб ябацькі паглядзелі, як яны выглядаюць збоку. І калі ў шэлтар прыязджаюць беларусы, яны мяне пазнаюць. Нашы відэа глядзяць, смяюцца з ябацек і дзяржаўных прапагандыстаў. А гэта ўладам як костка ў горле».

Ганна ў вобразе бабы Галі. Фота: асабісты архіў Ганны Федаронак

Скрыншоты з відэа і цэлыя фрагменты, дзе Ганна выступае ў ролі бабы Галі, таксама паказалі на БТ. Выбіралі такія, каб стварыць пра выканаўцу не найлепшае ўражанне — прыкладам, дзе гераіня Ганны Федаронак няўклюдна танчыць у балетнай пачцы. Насамрэч у TikTok гэта сюжэт пра тое, як вяскоўцы чакаюць «Лебядзінае возера» па ўсіх беларускіх тэлеканалах 

На думку Ганны, вось у такой гумарыстычнай форме і простай вясковай мовай вельмі лёгка даносіць да людзей праўду. Куды больш складана пераканаць гледачоў супрацоўнікам БТ, якім даводзіцца схіляць людзей для ўдзелу ў сваіх праграмах падманам і з дапамогай міліцыі.

Чытайце таксама:

«Унеслі карэкціроўкі ў кантэнт». Блогера-мільённіка Дзім Дзімыча выклікалі ў Міністэрства культуры

«Ведаю яго 25 гадоў». Мілінкевіч — пра памерлага гарадзенца Дзяніса Швыркіна, чыё сэрца не вытрымала ў эміграцыі

Прытулак для беларускіх уцекачоў у Варшаве просіць дапамогі

Андрэй Калачоў