У беларусаў на мяжы сталі правяраць, ці паведамілі яны пра ДНЖ іншай краіны

На беларускай мяжы пагранічнікі на выездзе пачалі правяраць пастаноўку на ўлік у МУС дазволу на жыхарства або грамадзянства іншай краіны. Пра гэта паведамілі адразу некалькі чалавек у адным з чатаў, заўважыў Hrodna.life.

12.10.2023 / 19:37

Беларусы расказваюць, што ў знаёмых, якія перасякаюць мяжу, праверылі пастаноўку ДНЖ на ўлік у МУС. Такія праверкі нібыта існуюць на выездзе з Беларусі.

Два беларусы заявілі, што іх знаёмых «развярнулі» і не выпусцілі з краіны, бо іх дазвол на жыхарства не быў на ўліку.

Некаторыя ж пішуць, што пыталіся пра ДНЖ і карту паляка, але гэта не паўплывала на перасячэнне мяжы.

11 ліпеня 2023 года ўступілі ў сілу змены ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Згодна з імі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія маюць замежны дакумент — грамадзянства, від на жыхарства, дакумент, які дае права на льготы — абавязаны праінфармаваць аб гэтым органы ўнутраных спраў або органы дыпламатычнай службы на працягу трох месяцаў са дня ўступлення ў сілу закона. Гэтыя тры месяцы якраз скончыліся.

Чытайце таксама:

Ці адбярэ Польшча гуманітарную візу або гуманітарны ДНЖ, калі чалавек паедзе ў Беларусь?

«Амаль гадзіну прасядзеў у чарзе». Як беларусы падавалі звесткі пра ДНЖ

Беларускія і расійскія дэпутаты задумаліся, як вяртаць людзей на радзіму

Гайд па легалізацыі і «пашпартах замежнікаў» у Літве і Польшчы

Прыязджайце самі. «Пашпартны ўказ» Лукашэнкі пачаў дзейнічаць у навучальных установах

Nashaniva.com