Грамадства44

Ці адбярэ Польшча гуманітарную візу або гуманітарны ДНЖ, калі чалавек паедзе ў Беларусь?

Нямала беларусаў, якія прасіліся ў Польшчу з палітычных прычынаў, хацелі б вярнуцца дамоў. Часам гэтае жаданне пераважае пагрозы рэпрэсіяў, а бывае так, што чалавек не можа не паехаць — напрыклад, на пахаванне блізкага родзіча. «Белсат» спытаў юрыстаў, ці пазбавяць за такую паездку гуманітарнай візы і гуманітарнага дазволу на жыхарства.

Польская карта побыту — дазвол на жыхарства.

Што кажа Міністэрства замежных справаў Польшчы

На пытанне «Белсата» аб правілах адносна ўезду ў Беларусь для беларусаў з гуманітарнымі візамі і дазволамі на жыхарства на падставе гэтых візаў МЗС Польшчы адказала: асобы з такімі дакументамі абавязаныя кіравацца крытэрамі з Шэнгенскага кодэкса аб межах. Калі выконваюць гэтыя правілы, то польскія памежныя службы дазволяць ім уезд у Польшчу, але адна з абавязковых умоваў — абгрунтаваныя мэты і ўмовы планаванага побыту ў Польшчы.

Могуць адабраць, але не паводле закону?

Адвакат, кіраўнік юрыдычнай фірмы «Legal status» Алесь Міхалевіч дапускае, што пазбавіць могуць, але сумняваецца, што гэта будзе законна. Ён расказвае «Белсату», што неаднаразова чуў: польскія дзяржаўныя органы і памежнікі трактуюць атрыманне грамадзянінам Беларусі гуманітарнай візы або дазволу на жыхарства на падставе гуманітарнай візы як забарону выезду ў Беларусь — забарону паездкі ў краіну, дзе магчымы пераслед, і вяртання ў Польшчу, якая пусціла схавацца ад пераследу.

У правілах, звязаных з візамі і дазволамі на жыхарства, такога пункта няма. Але Міхалевіч звязвае гэта з трактаваннем паводле аналогіі: законы аб міжнароднай абароне дазваляюць пазбаўляць статусу ўцекача і дадатковай абароны, калі адпаведны дзяржаўны орган вырашае, што замежнік зноў добраахвотна прыняў абарону дзяржавы, грамадзянінам якой ён ёсць.

Гэта вельмі шырокае трактаванне, наракае Міхалевіч. Напрыклад, з беларускім пашпартам не патрэбная віза ў Турэччыну, а прылёт у Турэччыну з беларускім пашпартам — гэта прыманне на сябе абароны Беларусі? А калі чалавек прыйшоў у беларускае консульскае аддзяленне па нейкае натарыяльнае дзеянне? Любое карыстанне беларускім пашпартам можна трактаваць як нагоду пазбавіць міжнароднай абароны.

На ягоную думку, у Польшчы сапраўды могуць пазбавіць гуманітарнай візы ці ДНЖ на яе падставе за паездку ў Беларусь:

«Калі б мяне спыталі, якая б магла быць прававая пазіцыя з боку дзяржаўнага органа, пазіцыя была б тлумачэннем па аналогіі, — разважае Міхалевіч. — Паколькі гуманітарная віза і гуманітарны дазвол на жыхарства ўводзіўся з мэтай разгрузіць Офіс у справах замежнікаў у Польшчы ад празмернага наплыву заявак ад беларусаў, то ў нейкім сэнсе можна і патрабаванні да тых людзей, якія атрымалі гуманітарную візу ці дазвол на жыхарства, трактаваць як патрабаванні не ездзіць у Беларусь».

Ён яшчэ раз падкрэслівае: ніякай забароны ездзіць у Беларусь з гуманітарнымі візамі ці ДНЖ ён не знайшоў. Хіба што могуць быць распараджэнні або тлумачэнні міністра ўнутраных справаў або дзяржаўных органаў.

Дый выпадкаў пазбаўлення Міхалевіч не ведае — толькі выпадкі, калі ўзнікалі пытанні пра прычыны паездак.

Ці ўсё ж ніяк не могуць?

Юрыстка Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская запэўнівае «Белсат»: не можа быць такіх аналогіяў між правіламі прызначэння міжнароднай абароны і правіламі выдачы візаў ці ДНЖ. Гэта тры розныя механізмы і тры розныя падставы атрымання дакументаў.

Міжнародная абарона рэгуляваная Законам аб даванні замежнікам абароны на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, паводле яго можа быць распачатая справа аб пазбаўленні міжнароднай абароны. Прытым для розных статусаў (уцекача і дадатковай абароны) правілы розныя, не заўсёды прывязаныя менавіта да паездак у іншыя краіны.

Ёсць нават такія дазволы статусу, пры якіх можна звяртацца ў краіну грамадзянства. Дабравольская прыводзіць прыклад: яна мае кліентаў — грамадзянаў Украіны, якія ўцяклі з акупаванага Расеяй Крыму і атрымалі дадатковую ахову ў Польшчы праз немагчымасць атрымаць медычную дапамогу ва Украіне. Яны могуць звярнуцца, напрыклад, у амбасаду Украіны па выдачу новага пашпарта.

У беларусаў сітуацыя іншая.

Ануляваць міжнародную абарону могуць тады, калі ўлады Польшчы выявяць, што сваім выездам ці зваротам да «роднай» улады беларус зноў прыняў абарону сваёй дзяржавы — нейкім чынам паказаў, што давярае ўладам краіны свайго грамадзянства.

Што да статусу ўцекача, то любы кантакт з амбасадаю Беларусі можа разглядацца як добраахвотнае паўторнае прыняцце дзяржаўнай абароны, што ёсць падставаю для пазбаўлення статусу.

У выпадку асобаў, якім далі дадатковую абарону, сітуацыя больш складаная. Калі дадатковая абарона дадзеная ў сувязі з арт. 15 п. 1 і 2 Закону аб даванні замежнікам абароны, гэта значыць, што вяртанне ў краіну паходжання можа несці беларусу рэальныя рызыкі прычынення цяжкай шкоды шляхам пастановы аб смяротным пакаранні або прывядзення пакарання ў выкананне, катаванняў, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання або пакарання. З такім рашэннем нельга звяртацца да ўладаў Беларусі, нават у амбасаду. Рашэнні паводле гэтага артыкулу маюць амаль усе грамадзяне Беларусі ў Польшчы, якія атрымалі дадатковую абарону.

Дабравольская заўважае, што справы аб пазбаўленні міжнароднай абароны разглядаюцца заўсёды індывідуальна, а пры абскарджанні анулявання міжнароднай абароны за замежныя паездкі можна давесці, што выезд на пахаванне родных не быў прыняццем абароны сваёй краіны. Але юрыстка раіць не рызыкаваць і не ездзіць з міжнароднай абаронай (асабліва са статусам уцекача) у краіну грамадзянства.

Дазволы на жыхарства рэгулююцца заканадаўствам аб замежніках, не звязаным з міжнароднай абаронаю. І ў гэтым заканадаўстве няма пунктаў аб пазбаўленні дакументу менавіта за выезд у краіну грамадзянства. ДНЖ даюць замежніку, які мае намер і мэту быць у Польшчы звыш трох месяцаў, і могуць забраць, калі чалавек не мае такога намеру ці яго страціў. Напрыклад, давалі ДНЖ для працы, а чалавек згубіў працу і не знайшоў новай, або давалі ДНЖ на навучанне, а чалавека адлічылі з універсітэту.

Тое, што нефармальна называюць гуманітарным дазволам на жыхарства, насамрэч ёсць дазволам на жыхарства «з іншых прычынаў» паводле арт. 186 Закона аб замежніках.

Дабравольская падкрэслівае: гэта не дазвол на жыхарства з гуманітарнаю мэтаю. Умоваў для такога ДНЖ толькі дзве: быць грамадзянінам Беларусі і жыць у Польшчы на падставе гуманітарнай візы наўпрост перад падачаю заявы на гэты дазвол. За страту мэты побыту ў Польшчы могуць палічыць хіба паездку ў Беларусь на доўгі тэрмін дзеля пражывання або працы, а паездка, напрыклад, адведаць бабулю не будзе падставай ануляваць такі ДНЖ.

«Калі быў распрацаваны гэты механізм легалізацыі, мы спыталі ў Міністэрстве ўнутраных справаў, як яны гэта ацэньваюць, бо ў праве вялікае значэнне мае інтэрпрэтацыя закону, — расказвае Дабравольская. — Яны адказалі, што сам па сабе выезд абсалютна не анулюе такога дазволу на жыхарства».

Гуманітарныя візы і ДНЖ на іх падставе даюць не таму, што чалавек пазбавіўся абароны сваёй краіны. Паводле Дабравольскай, увесь сэнс дазволаў на жыхарства на падставе гуманітарнай візы ў тым, каб яны адрозніваліся ад міжнароднай абароны. Цэнтр беларускай салідарнасці і іншыя дэмакратычныя сілы лабіравалі такі дазвол на жыхарства, пры атрыманні якога не трэба даказваць, што беларус не можа вярнуцца ў сваю краіну.

Выпадкаў, калі б у Польшчы не далі дазволу на жыхарства на падставе гуманітарнай візы за паездку ў Беларусь, на практыцы ЦБС не было. Адмовы ў выдачы гэтага ДНЖ не былі звязаныя з выездам у Беларусь. Быў выпадак, што такі ДНЖ далі на менш як тры гады, ды і тое рашэнне было абскарджанае.

З гуманітарнаю візаю мэты выдачы іншыя: з ёй і паездкамі ў Беларусь ужо могуць з’явіцца абгрунтаваныя сумневы ў тым, што чалавек атрымаў візу з гуманітарных прычынаў. Паводле закону аб замежніках, візу могуць ануляваць у тым ліку тады, калі іншаземец страціў мэту побыту, што была падставаю для выдачы візы, ці больш не адпавядае патрабаванням для выдачы візы паводле заяўленай мэты побыту, або калі акалічнасці справы сведчаць аб тым, што віза выкарыстоўвалася не з тою мэтаю, для якой яе выдалі.

Першы час, калі ў самой Польшчы беларусам паўторна выдавалі гуманітарныя візы, былі нешматлікія адмовы тым, хто раней шмат разоў выязджаў у Беларусь, маючы польскую гуманітарную візу. Але юрысты абмеркавалі гэта з чыноўнікамі — і адмовы спыніліся.

Каментары4

  • Чаркашкварка
    11.10.2023
    Не Польша, а яны сабе самi пазбяваць, прытым не толькi ВНЖ, але вiдаць i свабоды у дадатак i сiнега неба. Катэгорыя з так званых з цвiком у ср..ке, якiм падабаецца на iм сядзець...
  • Кастусь
    11.10.2023
    Нету такого гуманитарного внж. Есть pobyt czasowy (inne okoliczności). Его например также получают те кто воссоединяется с семьей
  • Вадзюсь
    11.10.2023
    -Отберет ли Польша гуманитарную визу или гуманитарный ВНЖ, если человек поедет в Беларусь?

    -Да. И это будет справедливо. Две трети Гродно контрабандистов и местных барыг ездит в Белосток таким образом. Если уж ты беглец от режима - то что тебя тянет в старое болото? Или тебя все таки там не будут пытать, бить и наказывать? Все, кто возвращался - хитрозады.

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў1

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Усе навіны →
Усе навіны

У свеце стала менш атэістаў. Але ў Еўропе рэлігія адступае 20

Беларускую мову ва Украіне хочуць выключыць са спісу моў, якія падлягаюць абароне24

«Я член выбарчай камісіі і гэтым ганаруся». Лукашысты ладзяць новы флэшмоб10

Маск стварае свой уласны горад у Тэхасе1

«Цяпер страшна выйсці з дзецьмі з дому». У элітным ЖК пад Мінскам зграя бадзяжных сабак разарвала хатняга ката6

За «экстрэмізм» асудзілі хлопца, які некалі запускаў кампанію па віншаванні ветэранаў

У конкурсе на найлепшую паштовую марку трэці год запар перамагае работа, звязаная з сілавікамі2

Інстытут Мінэканомікі: Санкцыі прама закранаюць чвэрць эканомікі Беларусі1

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў1

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Галоўнае
Усе навіны →