У Кіеве адшукалі зніклы два гады таму помнік Жызнеўскаму, а беларускія добраахвотнікі аднавілі народны мемарыял суайчынніку
Мармуровы памятны знак з вуліцы Грушэўскага ў Кіеве быў звезены ў лесапасадку. Цяпер валанцёры дабрачыннага фонду «Валошка» занятыя пошукам дакументаў, якія ўзаконьвалі ўсталяванне помніка, каб вярнуць яго на месца.
13.10.2023 / 20:03
Помнік Міхаілу Жызнеўскаму, які адшукалі ў лесапасадцы. Фота: фонд «Валошка»
У дабрачынным фондзе «Валошка» кажуць, што помнік Міхаілу Жызнеўскаму прыбралі ў 2021 годзе і адшукаць яго на працягу двух гадоў не ўдавалася.
Сёння, 13 кастрычніка, валанцёрам фонду жыхары Кіева паведамілі, што помнік загінуламу на Майдане беларусу знаходзіцца ў кустоўі лесапасадкі. Гэта за некалькі сот метраў ад месца, дзе яго ўсталявалі. Помнік упакаваны для транспартавання.
У фондзе адзначаюць, што цяпер на вуліцы Грушэўскага, дзе раней стаялі два помнікі, адзін з якіх Жызнеўскаму, размешчаны мемарыял у памяць аб загінулых байцах антытэрарыстычнай аперацыі. Пры яго ўсталяванні помнік беларусу і прапаў.
«Цяпер ён валяецца ў лесапасадцы, і мы не ведаем, што рабіць далей. Помнік, які стаяў побач з помнікам Жызнеўскаму, перанесены і стаіць. На абодва былі дакументы, але цяпер трэба яшчэ іх адшукаць», — даводзіць кіраўніца фонду Анжэла Душаева.
Яна мяркуе, што помнік прыбралі камунальныя службы горада, якія меліся яго паставіць у вызначае месца.
На адкрыццё помніка Міхаілу Жызнеўскаму прыязджалі яго бацькі: Ніна і Міхаіл Жызнеўскія. Фота: kiev.segodnya.ua
Міхаіл Жызнеўскі быў адным з першых загінулых абаронцаў Майдану ў студзені 2014 года. Хлопца застрэліў невядомы снайпер. Помнік Жызнеўскаму паставілі непадалёк ад месца, дзе яго забілі ў лістападзе 2014-га — на вуліцы Грушэўскага. Тады ж беларуса прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў ордэнам Герояў Нябеснай сотні, а ў 2017 годзе надаў яму званне Героя Украіны
Сёння ж беларускія добраахвотнікі аднавілі памятны знак Жызнеўскаму, які стаяў на месцы, дзе быў забіты абаронца Майдану. Пра гэта паведаміў «Нашай Ніве» беларускі добраахвотнік з пазыўным «Ракета».
Памятны знак Міхаілу Жызнеўскаму, які адрамантавалі беларускія добраахвотнікі. Фота: скрын відэа добраахвотніка з пазыўным «Ракета»
Імя Жызнеўскага ўвекавечана і на памятным знаку, усталяваным на вуліцы Беларускай.
Некаторыя з яго фрагментаў былі дэмантаваныя. Сярод іх надпіс «Жыве Беларусь». Цяпер актывісты патрабуюць аднавіць памятны знак. У розныя інстанцыі дасланыя звароты, на якія пакуль няма адказаў.
Дэмантаваць частку памятнага знака, настойваюць актывісты, загадала кіраўніцтва Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта тэхналогій і дызайну. Ён усталяваны на будынку Прафесійнага каледжа мастацтваў і дызайну, які падпарадкуецца ўніверсітэту.
Анжэла Душаева лічыць, што на аднаўленне памятнага знака ў кіраўніцтва горада няма «палітычнай волі».
«Без загаду там нічога не робяць. Як была б палітычная воля, то на месца даўно былі б вернутыя беларускі і ўкраінскія сцягі ды «Жыве Беларусь». Але яны заняліся папяровай цяжбаю. На гэты момант ніхто не вярнуў, ні «Жыве Беларусь», ні Пагоню», — даводзіць кіраўніца фонду «Валошка».
Паводле яе, прыглядаць за памятным знакам на Беларускай узяліся каліноўцы і іншыя беларускія добраахвотнікі, якіх абурае непаважлівае стаўленне чыноўнікаў да памяці загінулых беларусаў за незалежнасць Украіны.
Памятны знак палеглым за Украіну беларусам у Кіеве на вуліцы Беларускай пасля дэмантажу некаторых элементаў. Фота: Анжэла Душаева
Памятны знак беларусам, палеглым за Украіну, быў адкрыты ў 2016 годзе. Ім ушанаваныя акрамя Міхаіла Жызнеўскага байцы тактычнай групы «Беларусь» Алесь Чаркашын і Віталь Ціліжэнка, а таксама парамедык марской пяхоты Украінскіх узброеных сіл Мікола Ільін.
5 кастрычніка ў парламенце Украіны запатрабавалі ад уладаў Кіева аднавіць мемарыял беларусам.
Глядзіце таксама:
Актывісты будуць аднаўляць пашкоджаны знак беларускім байцам у Кіеве
На магіле Міхаіла Жызнеўскага пад Гомелем паставілі помнік з Пагоняй і Трызубам ФОТАФАКТ
Беларус Аляксей Скобля, які загінуў, абараняючы Кіеў, атрымаў званне Героя Украіны пасмяротна